Рэчы з душой
Сувенірную прадукцыю можна знайсці ў кожнай вялікай краме ці гандлёвым доме — ад шкарпэтак і цішотак з сімволікай краіны да льняных кашуль ці сукенак з вышыўкай. Прадукцыю з сімволікай выпускаюць і прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, і тыя, што спецыялізуюцца на сувенірах, але іх прапановы больш багатыя і адметныя. Набыць нешта на памяць можна як у сталіцы, так і ў іншых гарадах і мястэчках (у рэгіёнах яшчэ вырабы мясцовых майстроў). Ды нават на вялікіх гандлёвых інтэрнэт-платформах прадаюцца магніты з назвамі розных гарадоў нашай краіны — робіш заказ, і нібыта там пабываў. Але найлепш прыехаць, і пасля разам з успамінамі пра падарожжа прывесці часцінку Беларусі. Для таго каб госці пра гэта не забыліся, ёсць сувенірныя крамы на вакзалах і ў аэрапорце, дзе пастараліся забяспечыць шырокі выбар самых розных беларускіх вырабаў. Пра гэта паклапаціліся спецыялісты Дзяржаўнага вытворча-гандлёвага аб’яднання «Белмастацпромыслы». У аб’яднанне ўваходзіць 10 прадпрыемстваў, кожнае з якіх мае сваю спецыфіку і кірунак працы, такім чынам забяспечваюцца асноўныя сегменты гэтага рынку. Яго спецыялісты дапамаглі зразумець, на што звяртаюць увагу госці нашай краіны.
— Сувенірная прадукцыя ў Беларусі прадстаўлена ў розных сегментах. Па-першае, у нас шмат рамёстваў, якія сёння падтрымліваюцца дзяржавай, яны разнапланавыя. Шырока развіта лозапляценне, кераміка. Ёсць роспіс па дрэве, роспіс па шкле, разьба па дрэве, ручное ткацтва і рознага роду вышыўкі... Нават слуцкі пояс мы ўжо навучыліся рабіць, каб прадставіць яго як сувенір. Робім і паменшаныя копіі слуцкіх паясоў, іх элементы — такім чынам музеі могуць раскрыць гэту частку нашай гісторыі. У нас шырокі выбар сувенірнай прадукцыі — ад маленькіх вырабаў да вялікіх і прэзентабельных, на любы густ і кашалёк, — адзначае першы намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання «Белмастацпромыслы» Таццяна Радзюк. — Ведаю, што турысты заўсёды шукаюць і хочуць набыць нешта менавіта беларускае. Найперш гэта вырабы з ільну: могуць быць і маленькія сурвэткі, і наборы для сервіроўкі стала, і ручнікі. Мы прапануем такія вырабы ткацтва як паланціны, пледы ў розных памерах. Шмат сувенірных лялек з ільну, ёсць даволі маленькія, каля 10 сантыметраў, а часам па заяўках робяцца і вялікія, амаль у чалавечы рост. Лялькі вельмі запатрабаваныя, асабліва з беларускай сімволікай. Пры вытворчасці імкнёмся ўлічыць, што ёсць розныя групы турыстаў.
Напрыклад, чалавеку, які карыстаецца авіятранспартам, патрэбна нешта больш кампактнае, каб было зручна перавозіць. А ёсць людзі, якія прыязджаюць на ўласных машынах і могуць павезці з сабой нават даволі аб’ёмныя вырабы, у тым ліку кераміку ці рэчы з саломкі — вельмі прыгожа, але не кожны наважыцца ўзяць у багаж. Тым не менш, попыт ёсць. Прыклад: адно з прадпрыемстваў, што ўваходзіць у аб’яднанне, 100 % сваёй прадукцыі выпускае з традыцыйнай беларускай гліны, і цяпер кіраўніцтва задумваецца аб мадэрнізацыі — аб’ёмаў прадукцыі не хапае! Як сцвярджаюць у аб’яднанні, кераміка вельмі запатрабаваная, і не толькі ў турыстаў, але і ў айчыннага пакупніка. Таму да яе вялікая цікавасць у гандлёвых сетак: просяць больш прадукцыі, хочуць, каб яна была разнастайная. Вялікім попытам карыстаюцца камплекты, талеркі, гліняныя кашпо, якія можна выкарыстоўваць у дэкоры памяшканняў.
Падаецца, што нават у вытворчасці адметнай прадукцыі прысутнічае па-беларуску грунтоўны падыход, калі вырабляюцца дыхтоўныя, якасныя рэчы, якімі людзі змогуць карыстацца ў паўсядзённым жыцці, згадваючы добрым словам Беларусь.
— Працэнтаў 30, напэўна, ад агульнай вытворчасці нашых прадпрыемстваў займае пасцельная бялізна, і практычна яна ўся прадаецца. Асабліва вырабы з лёну — не толькі пасцельныя, але і сталовыя камплекты, прычым пакупнікі аддаюць перавагу рэчам з вышыўкай. На нашых вырабах — ручная вышыўка, — адзначае Таццяна Аляксандраўна. — На некаторых рэчах часам даводзіцца рабіць вышыўку па 40 і больш гадзін. Гэта не можа быць танна: ручная праца паўсюдна і заўсёды шануецца дорага. Ёсць таннейшыя рэчы, дзе часткова выкарыстана машынная вышыўка ў спалучэнні з ручной працай — яны прадаюцца ў буйных крамах з разлікам на масавага пакупніка.
Калі падысці да вітрын з творамі з вышыўкай, то можна заўважыць: яна таксама розная. Не толькі традыцыйныя арнаменты, але і раслінныя ўзоры цяпер на льняных сурвэтках ці абрусах. Аказваецца, вышыўку стараюцца мяняць, прымеркаваўшы партыю тавару да нейкага свята ці да канкрэтнай пары году: вясновыя ўзоры адрозніваюцца ад летніх. Так, лён нібыта «квітнее» і ажывае ўжо ў гатовым вырабе. Здаецца, што лёну ў нас шмат — бо заўсёды ёсць прапановы прадукцыі з яго. Аршанскі льнокамбінат фактычна закрывае ўсе патрэбы ў гэтым матэрыяле. Але бывае, што ў нейкі год з-за ўмоў надвор’я лёну не хапае... і пастаўшчыкі выручаюць, робяць закупкі за мяжой. Гэта, вядома, уплывае на цану гатовых вырабаў. Часам у вытворчасці спрабуюць змешваць лён з бавоўнай — з улікам павеваў сённяшняга дня. Але асноўны прынцып нязменны: праца толькі з натуральнымі матэрыяламі. А перавагу (нягледзячы на розныя тэндэнцыі) аддаюць традыцыі. Галоўнае — каб быў цалкам натуральны прадукт.
Дайсці да турыста
Аб тым, што такая — адметная, мастацкая і якасная — прадукцыя на рынку запатрабавана, сведчыць тое, што ніводнага стратнага прадпрыемства ў аб’яднанні «Белмастацпромыслы» няма. Але тут прызнаюцца шчыра: на сённяшні дзень гэта не просты від бізнесу, трэба пастарацца, каб знайсці пакупніка на айчынную сувенірную прадукцыю. Вынік залежыць у тым ліку і ад прытоку турыстаў.
Тым больш важна зачапіць кожнага, хто прыязджае і можа стаць патэнцыяльным пакупніком. У такіх установах, дзе бываюць турысты, імкнуцца прапаноўваць больш сімвалічнай прадукцыі, асабліва ў санаторыях, дзе адпачываюць замежнікі. У апошні час пашырылі лінейку прадукцыі, якая прапануецца ў гатэлях. Праца вядзецца і з турфірмамі: калі да нас едуць групы, то чаму б не наведаць з экскурсіяй якое-небудзь прадпрыемства, дзе можна паназіраць за працай майстроў і нешта набыць?..
Цяпер рыхтуецца серыя ролікаў у падтрымку народных рамёстваў, пра іх расказвалі і ў асобных перадачах на тэлебачанні. Яшчэ адзін шлях для прасоўвання адметных вырабаў — удзел з выставамі-продажамі ў знакавых святах, фестывалях і адметных мерапрыемствах, якія праходзяць у нашай краіне. Выкарыстоўваюць розныя магчымасці, каб прадставіць прадукцыю, таму што кожнае з прадпрыемстваў аб’янання мае сваё аблічча.
— Турысты цікавяцца, што асаблівага можна паглядзець і набыць у Беларусі. Любы пошукавік ім выдасць інфармацыю пра ўнікальныя слуцкія паясы... А мы можам паказаць, як яны вырабляюцца сёння. Унікальны станок быў зроблены спецыяльна для нашага прадпрыемства, ён адзіны такі ва ўсім свеце, на ім можна вырабіць чатырохбаковы пояс. У нас выпускаюцца паясы і з залатой, і з сярэбранай ніткай. Такія паясы — дарагія падарункі ад кіраўніка дзяржавы гасцям Беларусі або на сустрэчах у іншых краінах. Але нядаўна адзін зацікаўлены чалавек, які не з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, прыехаў на прадпрыемства, каб набыць для сябе адноўлены па колішняй тэхналогіі слуцкі пояс. Мы бачым, што ёсць шэраг пакупнікоў і турыстаў, якія прынцыпова хочуць купіць добры, арыгінальны і натуральны прадукт, — тлумачыць Таццяна Радзюк. — Таму падтрымка нашых прадпрыемстваў кіраўніком дзяржавы абгрунтаваная: мы хочам захаваць людзей, якія ўмеюць рабіць цудоўныя рэчы. Шмат хто атрымлівае статус «народны майстар Рэспублікі Беларусь», гэта таксама стымулюе, людзі маюць і дадатковы даход, на прадпрыемствах стараемся заахвочваць у заробку. На жаль, большасць нашых майстроў ужо ва ўзросце, а маладыя цяпер не вельмі хочуць працаваць рукамі. І нават тут знаходзім выйсце, стараемся заахвоціць таленавітую моладзь. Таму што адна з задач нашых прадпрыемстваў (акрамя вырабу канкрэтнай прадукцыі) — захаванне народных промыслаў, перадача навыкаў наступным пакаленням. Але ў любым выпадку мы жывём у рынкавых умовах, і нам трэба зарабляць.
Таму з’яўляюцца новыя прапановы. Беларуская сувенірная прадукцыя — гэта не выпрацаваныя раз і назаўжды вобразы і падыходы, яна абнаўляецца. Штомесяц праходзіць мастацкі савет, куды ўваходзяць прадстаўнікі Міністэрства культуры, дзе рамеснікі, што працуюць на прадпрыемствах аб’яднання «Белмастацпромыслы», прадстаўляюць новыя вырабы, а то і новыя кірункі ў працы, або знаходзяць падыход да аднаўлення тых, што зніклі. Адзін з прыкладаў: у нейкі момант у нас быў страчаны такі від рамяства, як роспіс па шкле, а цяпер ужо ёсць майстры і адпрацоўваюцца навыкі.
...А што да самых простых і, напэўна, запатрабаваных сувеніраў — магнітаў, — то іх шмат, прычым розных, вырабленых як прыватнікамі, так і майстрамі-рамеснікамі. Сёння шмат тэхнікі, якая дапамагае надрукаваць любы малюнак — хутка і танна. Але майстры-рамеснікі айчынных прадпрыемстваў робяць сваімі рукамі нават магніты: ёсць невялікія керамічныя, ёсць з дрэва, з ільну...
— Мы не ставілі перад сабой мэту — закрыць усе патрэбы рынку сувенірнай прадукцыі, — падсумоўвае Таццяна Аляксандраўна. — Сёння вельмі шмат рамеснікаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія прапануюць годныя работы. Кожны знаходзіць сваю нішу. Тыя ж вырабы са скуры прапануюць менавіта рамеснікі. У нас свая прадукцыя. Аднак на ўсё знаходзіцца пакупнік.
Ларыса ЦІМОШЫК