Top.Mail.Ru

Чым парадуе ХХХІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш?

Новая палітра кніжнага мастацтва


Ужо ў наступны аўторак, 17 сакавіка, у сталіцы адкрыецца ХХХІІІ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. На працягу шасці дзён у выставачным цэнтры па праспекце Пераможцаў, 14 знатакоў кніжнага мастацтва чакае вельмі насычаная праграма — з творчымі сустрэчамі, майстар-класамі і шматлікімі прапановамі выданняў на самы розны запыт. 

Узаемадзеянне ў розных фарматах

— Сёлета цэнтральнымі тэмамі маштабнага кніжнага форуму сталі 35-годдзе Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД) і Год беларускай жанчыны, — расказаў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі. — Міністэрствам інфармацыі распрацаваны дызайн цэнтральнага экспанента, які прысвечаны юбілею СНД. Для прэзентацыі кожнай з дзяржаў — удзельніц Садружнасці будзе прадастаўлена выставачная прастора, дзе плануецца размясціць фотаздымкі славутасцяў, помнікаў і іншых аб’ектаў, а таксама найбольш знакавых кніг. Асобны стэнд сёлета прысвечаны і Году беларускай жанчыны, мы фарміруем яго праграму сумесна з Беларускім саюзам жанчын. На выстаўцы будуць прадстаўлены парадку 500 экспанентаў з 23 краін свету, сярод якіх — Арменія, Азербайджан, Бразілія, Венесуэла, В’етнам, Іран, Расія, Казахстан, Катар, Куба, Кыргызстан, Малдова, ААЭ, Сербія, Сірыя, Туркменістан, Турцыя і іншыя. 

У рамках выстаўкі будзе арганізавана работа «Міжнароднага квартала», дзе шырока прадставяць замежную літаратуру краін бліжняга і далёкага замежжа. Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі арганізоўваецца работа «Адукацыйнага квартала» з удзелам шырокага кола аўтараў вучэбнай, адукацыйнай, асветніцкай літаратуры. Будуць прадстаўлены таксама калектыўныя, рэгіянальныя стэнды, на якіх выдавецтвы, тыпаграфіі, бібліятэкі, абласныя аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі прадэманструюць кнігавыдавецтва ўсёй нашай краіны. 

Намеснік міністра акцэнтаваў увагу і на тым, што ўдзельнікаў і наведвальнікаў выстаўкі чакае насычаная культурная дзелавая праграма. Запланаваны прэзентацыі, прысвечаныя кожнай асобнай дзяржаве — удзельніцы Садружнасці: 17 сакавіка — Беларусі, 18-га — Азербайджану і Казахстану, 19-га — Кыргызстану і Таджыкістану, 20 сакавіка — Туркменістану і Узбекістану, 21-га — Расіі, 22-га — Арменіі і Малдове. 


Акцэнты ў кантэксце традыцыі

— Акрамя гэтага на цэнтральным стэндзе пройдуць прэзентацыі, прысвечаныя 35-годдзю СНД. З гэтай нагоды Міністэрства інфармацыі сёлета сумесна з ведамаснымі выдавецтвамі падрыхтавала шэраг цікавых кніг. Сярод іх — «Казкі народаў СНД» ад выдавецтва «Мастацкая літаратура», а ў выдавецтве «Беларусь» падрыхтавалі зборнік твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча на мовах народаў краін Садружнасці і там жа выйшла кніга «Разам! Вялікая Перамога!», — расказаў Дзяніс Езерскі. — Таксама на выстаўцы пройдзе прэзентацыя кнігі «Час выбраў» ад Выдавецкага дома «Звязда» з удзелам аўтараў Вольгі Ануфрыевай, Максіма Осіпава і Дзмітрыя Жука. Плануецца і шэраг іншых мерапрыемстваў, сустрэч, на якіх мы чакаем нашых гасцей і ўсіх, хто любіць кнігу. 

Намеснік дырэктара дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Выканаўчага камітэта СНД Шамсіддзін Казіеў падкрэсліў шчыльнае міжведамаснае супрацоўніцтва, прымеркаванае да юбілею краін Садружнасці: «Правядзенне гэтай выстаўкі-кірмашу было ўключана ў План прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва на 2025-2026 гады. І ў План юбілею СНД. Мы сумесна з Міністэрствам інфармацыі цесна супрацоўнічаем у гэтым кірунку. Усе дзяржавы садружнасці прымуць актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве, бо для нас вельмі важна, што такі кніжны форум пройдзе ў гонар 35-годдзя СНД». 

У рамках выстаўкі-кірмашу запланавана і традыцыйнае правядзенне ХІ Сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час». 

— У межах сёлетняга сімпозіума (ён праходзіць пры падтрымцы і ўдзеле Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва) мы прадставім пісьменнікаў амаль з усіх краін СНД. Мы папярэдне запрасілі даклады, выступленні і можам сказаць, што нас чакае даволі цікавая павестка, якая будзе абмяркоўвацца, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Хацелася б дадаць, што наш саюз падрыхтаваў таксама шырокую праграму. 

У сваю чаргу генеральны дырэктар ВК ТАА «Макбел» Дзмітрый Макараў спыніўся на тым, што сёлетні кніжны форум, хоць і працягвае свае добрыя традыцыі, але штогод набывае новыя адметнасці: «Ранейшымі застаюцца бясплатны ўваход, курсіраванне „паэтычнага“ аўтобуса ад метро „Няміга“ да выставачнага цэнтра. Сёлетняя выстаўка будзе і непадобнай на папярэднія кніжныя форумы. Яна стала даўжэй на адзін дзень. Змянілася ўнутраная планіроўка, каб там стала яшчэ зручней кожнаму наведвальніку». 

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю