Аўтамабільныя шыны не раскладаюцца натуральным шляхам і патрабуюць спецыяльнай утылізацыі
Ініцыятыва жыхароў дамоў у пытаннях добраўпарадкавання двара — безумоўны плюс. Творчыя суседзі робяць цудоўныя інсталяцыі з шын: матрошкі, лебедзі, персанажы казак і мультфільмаў. Але не ўсё так адназначна. Аказваецца, лебедзь або клумба з аўтамабільных пакрышак нясуць у сабе сур’ёзную небяспеку. З пункту гледжання экалогіі, гэта — шкода навакольнаму асяроддзю і як вынік — здароўю людзей.

«Адпрацаваныя шыны, пакрышкі і іншыя гуматэхнічныя вырабы адносяцца да 3–4 класа небяспекі, таму дзейнасць з гэтымі адходамі павінна ліцэнзавацца, а выкарыстанне іх у якасці вырабаў для кветнікаў, тым больш на тэрыторыі дзіцячых устаноў, недапушчальная, — расказала ТАСС кандыдат біялагічных навук Анастасія Благадатнава. — У склад шын, як правіла, уваходзяць тэхнічны каўчук, сера, сажа, сталь, могуць утрымлівацца аксіды цынку або серы, марганец, крэмній, вуглярод. Прысутнічаюць яны ў канцэнтрацыях, якія перавышаюць узровень ГДК, чаго згодна з санітарна-гігіенічным заканадаўствам быць не павінна. Таму калі гуматэхнічныя вырабы страчваюць свае спажывецкія ўласцівасці, яны падлягаюць утылізацыі і ні ў якім разе не павінны знаходзіцца ў месцах збірання людзей».

Аўтамабільныя шыны не раскладаюцца натуральным шляхам і патрабуюць спецыяльнай утылізацыі. Старыя шыны, асабліва пры награванні на сонцы, выдзяляюць хімічныя рэчывы, уключаючы бензол, стырол і фенол, якія могуць пранікаць у глебу і ваду, назапашвацца ў навакольным асяроддзі і валодаюць канцэрагеннасцю і таксічнасцю.
Таму «лысую» гуму пасля замены рэкамендуецца пакінуць на СТА. Калі ж на шынамантажы не прадугледжаны такі сэрвіс для аўтаўладальнікаў, то старыя шыны варта здаць у пункт прыёму другаснай сыравіны. Яшчэ адным правільным рашэннем будзе — пакінуць пакрышкі на спецыяльных пляцоўках для буйнагабарытнага смецця. Адсюль яны таксама адправяцца на перапрацоўку.