Top.Mail.Ru

Чым небяспечны хатні пыл?

Хатні пыл складаецца не толькі з бактэрый, пылку раслін, але і з таксінаў і цяжкіх металаў, якія небяспечныя для здароўя чалавека. З чаго ж пыл утвараецца і як трапляе да нас? Да якіх хвароб можа прыводзіць? Якія хатнія рэчы больш за ўсё прыцягваюць пыл? Ці можна ад яго пазбавіцца? 

Пра гэта расказала інструктар-валеолаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Юлія Клімчанка.



«Кактэйль» з усяго

Пыл, які збіраецца ў нашым жыллі, уяўляе цэлы «кактэйль» — ад часцінак нашай скуры і валасоў, матэрыялаў адзення і мэблі да рэшткаў аўтамабільных пакрышак.

— Пыл — гэта драбнюткія часціцы арганічнага ці мінеральнага паходжання дыяметрам ад долі мікрона да 0,1 мм. Касмічны пыл, вулканічны попел, пыл ад пакрышак аўтамабіляў і асфальту (матэрыялаў, якія сціраюцца), сажа, часціцы глебы, пылок раслін трапляюць у атмасферу, а затым і ў наша жыллё. Да іх далучаюцца змярцвелыя клеткі скуры чалавека, валасы, поўсць хатніх жывёл, валокны тканіны, паперы, споры плесневых грыбоў, часціцы будаўнічых матэрыялаў, мэблі, бытавой хіміі, — расказвае Юлія Клімчанка.

Усярэдзіне памяшканняў пыл назапашваецца на паверхнях, а ва ўзважаным стане драбнюткія часціцы здольныя заставацца ў паветры да пяці дзён і пры дыханні трапляюць у арганізм чалавека.

Каварны вораг

Якія ж небяспекі тоіць хатні пыл? Варта памятаць, што гэта выдатны рэзервуар для шматлікіх мікробных супольнасцяў. У ім могуць знаходзіцца і на працягу доўгага часу захоўваць сваю жыццяздольнасць стафілакокі, пнеўмакокі, сальманэлы, лямбліі, грыбы, яйкі гельмінтаў, узбуджальнікі туберкулёзу, слупняку, батулізму.

Акрамя таго, хатні пыл — гэта цэлая калекцыя алергенаў. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прыкладна 40 % ад усіх выпадкаў круглагадовых алергічных рэакцый звязана з павышанай адчувальнасцю арганізма да кампанентаў пылу. Самы распаўсюджаны алерген, які прысутнічае ў хатнім пыле, — мікрачасціцы кляшчоў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Алергія на пыл дае сябе адчуць шматразовым чханнем, кашлем, свербам у вачах, насаглотцы, слёзацячэннем, насмаркам, свербам скурных пакроваў.

А вось пыл, які ўтвараецца падчас распаду штучных рэчываў і матэрыялаў — паралонаў, мінеральнай ваты (уцяпляльніка), шпалер з клеем, сінтэтычнай абіўкі мэблі, дываноў, можа змяшчаць таксічныя рэчывы, якія здольныя выклікаць зніжэнне імунітэту, стому, галаўны боль, змяншэнне працаздольнасці, пагаршаць сон, правакаваць павышэнне артэрыяльнага ціску, узнікненне злаякасных утварэнняў. Назапашванне пылу можа пагаршаць работу камп’ютарнай тэхнікі і нават выклікаць паломкі.

Алена КРАВЕЦ

Пазбавіцца немагчыма, але паменшыць можна

На жаль, пазбавіцца ад пылу цалкам немагчыма, але зменшыць яго колькасць рэальна. Для гэтага неабходна прытрымлівацца шэрагу правілаў:

  • Прыбярыце мяккія рэчы. Многія прадметы хатняга інтэр’еру (дываны, шторы, матрацы, пледы, мяккая мэбля і цацкі) з’яўляюцца пылазборнікамі. Калі пазбавіцца ад гэтых рэчаў не магчыма, удзяліце ўвагу догляду за імі. Захоўвайце прадметы і цацкі ў закрытых скрынях, рэгулярна сцірайце тэкстыль і выбівайце дываны, чысціце мэблю спецыяльнымі саставамі, аддавайце ў хімчыстку тое, што не атрымліваецца ачысціць самастойна.
  • Кантралюйце вільготнасць паветра — у памяшканні яна павінна быць у межах 40–60 %.
  • Дэкаратыўныя статуэткі, сувеніры, кнігі захоўвайце ў зашклёных шафах.
  • Замяніце падушкі з натуральнымі напаўняльнікамі з пяра, пуху і воўны на сучасныя, з сінтэпонам, бамбукавым валакном, грачанай лузгой або пенай.
  • Часцей прыбірайце кватэру пыласосам, параачышчальнікам, мыйце падлогі і працірайце мэблю вільготнай анучай.
  • Пры ўваходзе ў памяшканне чысціце падэшвы абутку аб прыдзверны дыванок.
  • Выцірайце лапы хатнім жывёлам, калі яны вяртаюцца з вуліцы. Вычэсвайце сваіх гадаванцаў.
  • Рэгулярна праветрывайце памяшканне, выкарыстоўвайце ачышчальнікі, іанізатары паветра.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю