Top.Mail.Ru

Чым можа прывабіць аматараў падарожжаў Шчучынскі раён?

У Беларусі шмат цікавых месцаў, прычым многія з іх знаходзяцца побач з намі, і дарога да іх не займае шмат часу. Падчас камандзіроўкі ў Шчучынскі раён карэспандэнт «Звязды» зазірнула ў турысцка-інфармацыйны цэнтр, каб даведацца, куды адправіцца за яркімі ўражаннямі.



Інфармацыйны «компас»

На поспех турыстычнай сферы ўплывае нямала фактараў, адзін з іх — інфармаванне. Не заўсёды госці таго ці іншага рэгіёна ведаюць, што паглядзець, ці ёсць паблізу атэль, дзе можна паспрабаваць мясцовую кухню. Уся актуальная інфармацыя ёсць у турысцка-інфармацыйных цэнтрах. Тут прапануюць розныя маршруты, падзеляцца буклетамі і картамі, акажуць поўную інфармацыйную кансультацыю. На ўсё гэта можна разлічваць і ў Шчучынскім турысцка-інфармацыйным цэнтры. Яго супрацоўнікі ветліва мяне сустрэлі і з энтузіязмам расказвалі пра мясцовыя славутасці.

Шчучыншчына — сапраўдная жамчужына беларускай гісторыі і культуры. Тут кожны куток дыхае духам мінулага і сучаснасці. А якая прырода! Узяць хоць бы Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Котра», які мае статус Рамсарскай тэрыторыі. Ён уяўляе сабой буйны лесабалотны комплекс у вярхоўі ракі Котра (правы прыток Нёмана). Тут створаны турыстычныя маршруты, у якія ўваходзяць 12 ключавых участкаў, у тым ліку паселішча чалавека бронзавага і каменнага вякоў, унікальны комплекс дзюнна-бугрыстых град на водна-ледавіковай раўніне, мемарыяльны комплекс «Агародзішча» на месцы вёскі, спаленай нямецкімі захопнікамі, а таксама іншыя прыродныя і гістарычныя аб'екты.

Турыстычная інфраструктура раёна ўключае 17 аграэкасядзіб, 3 паляўніча-рыбалоўныя гаспадаркі, 20 музеяў і музейных пакояў, адзначыў дырэктар Шчучынскага турысцка-інфармацыйнага цэнтра Іван БАРТЭЛЬ:

— Таксама можна азнаёміцца з 20 помнікамі архітэктуры, 15 помнікамі археалогіі і 5 помнікамі гісторыі. Пункт дугі Струвэ з'яўляецца помнікам Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Спецыяльна для турыстаў распрацаваны 20 маршрутаў. Усе яны розныя па тэматыцы і працягласці. 

Для камфортнага адпачынку ў раёне ёсць 6 аб'ектаў размяшчэння, 12 утульных кафэ і рэстаранаў, а таксама 3 аб'екты прыдарожнага сэрвісу.


Таямнічы бункер

Найбольш папулярныя ў турыстаў кірункі — рэлігійны і гісторыка-культурны. Аднак і ўсе астатнія могуць пакінуць яскравыя ўражанні. Напрыклад, апошнім часам усё больш увагі прыцягвае Музей гісторыі халоднай вайны «Бункер-77». 

Гэта адзіны на тэрыторыі Беларусі былы сакрэтны аб'ект, які быў адноўлены і цяпер даступны для наведвання.

Музей адкрыты на базе запаснога каманднага пункта ваенна-паветраных сіл СССР. Ва ўсім Савецкім Саюзе было ўсяго пяць такіх аб'ектаў. Ён сыходзіць у зямлю на тры паверхі, мае плошчу амаль у 1000 квадратных метраў. Гэты бункер мог бы працаваць нават пасля прамога ядзернага ўдару. Музей цікавы як дарослым, так і дзецям, выкарыстоўваецца ён і як месца для квэстаў — гэты кірунак таксама карыстаецца папулярнасцю, сведчыць кіраўнік праекта Ларыса ВАЛЧОК:

— Першых турыстаў мы прынялі ў 2018 годзе. Спачатку было складана, некалькі разоў нават былі думкі здацца і кінуць гэту справу. Але нашы наведвальнікі, асабліва былыя армейцы, казалі, што гэта месца абавязкова трэба захаваць. І дзеля людзей мы спрабавалі зноў і зноў.

У бункер вядзе доўгі калідор, які асвятляецца цьмянымі лямпамі. Па сценах цягнуцца правады. На першым паверсе апроч пакояў ёсць тэхнічны адсек, дзе размяшчаецца сістэма вентыляцыі паветра. Кожнае памяшканне расказвае пра той ці іншы кірунак дзейнасці і жыцця ў бункеры. Напрыклад, у пакоі прыёму ежы можна ўбачыць кухоннае абсталяванне, кансервы, каструлі, чайнікі. Усё тых часоў, калі бункер працаваў. Калі праходзіла міма аднаго з пакояў, краем вока ўбачыла чалавека і не на жарт спалохалася, але праз імгненне зразумела, што гэта манекен. Іх у музеі шмат, яны дапамагаюць лепш прадэманстраваць побыт жыхароў бункера.

Многія экспанаты для музея перадаюць наведвальнікі. Адзін мужчына падарыў сцягі ўсіх рэспублік, якія ўваходзілі ў склад СССР. Ваенныя ў адстаўцы дораць форму і прадметы побыту. Складваецца дакладнае адчуванне, што ў бункеры хтосьці жыве. Вось за сталом манекен у форме. На сцяне вісіць скураная сумка, у шафе стаяць дакументы, на тумбачцы чамаданчык, на паліцы побач лямпа, графін для вады і шклянка, тэлефон. Можна падумаць, што вось-вось раздасца званок. Супрацоўнікі прызнаюцца, што часам яны спецыяльна ўключаюць гук тэлефона, каб дадаць крыху адрэналіну падчас экскурсіі. Яна, дарэчы, займае каля гадзіны, але пры гэтым наведвальнікі не сумуюць, бо ёсць на што паглядзець. Толькі ў самім бункеры халаднавата, так што лепш цяплей апрануцца. І хоць памяшканні аб'ёмныя, з высокімі столямі, тут можа быць няўтульна людзям з клаўстрафобіяй.

Антуражу ўсяму гэтаму дадаюць і супрацоўнікі, якія перагаворваюцца праз рацыі пры дапамозе пазыўных. Ствараецца дакладнае адчуванне таго, што ты знаходзішся на сакрэтным ваенным аб'екце.

Бункер абавязкова варта наведаць, узнікае адчуванне падарожжа ў мінулае. У будучыні супрацоўнікі плануюць арганізаваць і зоны адпачынку на тэрыторыі музея, які, па сутнасці, знаходзіцца ў лесе. Наведаць музей халоднай вайны можна ў любую пару года.


Днямі мяне спынілі на вуліцы Гродна тры дзяўчыны і папрасілі іх сфатаграфаваць. Як высветлілася, яны прыехалі з Санкт-Пецярбурга на адпачынак у нашу краіну і падарожнічаюць па розных яе гарадах.


— Першапачаткова мы планавалі наведаць толькі Мінск, але, паслухаўшы водгукі аб Гродне, не маглі сюды не прыехаць. І не пашкадавалі. Мы любім прыгожую архітэктуру, а тут яна сапраўды неверагодная! — сказала Марыя АРЛОВА.

Днём у дзяўчат была аглядная экскурсія, а ўвечары яны гулялі самастойна. Мае суразмоўніцы, як і многія, адзначылі чысціню і акуратнасць, якія пануюць у горадзе.

— Мне вельмі спадабаліся вашы замкі і размешчаныя ў іх вялікія цікавыя экспазіцыі. Вельмі ўразіла і Каложская царква, — падзялілася Ганна ЧАЦЕЦІНА.

— А мне таксама вельмі спадабаліся людзі — добрыя, адкрытыя, прыгожыя! — дадала Ксенія НАЗАРАВА.

Дарэчы, дзяўчаты вырашылі не абмяжоўвацца двума беларускімі гарадамі і пасля Гродна накіраваліся ў Брэст.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю