Top.Mail.Ru

Чым Гродзеншчына збіраецца здзіўляць гасцей у новым сезоне?

У 2024 годзе больш за адзін мільён чалавек наведалі Гродзеншчыну. Сярод іх былі як замежныя турысты, так і вандроўнікі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Пра гэта «Звяздзе» паведаміў начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Максім Малахоўскі.


Адкрытасць і гасціннасць

Наша краіна адкрыта — бязвізавы рэжым дзейнічае для больш як 70 краін, з іх 38 — еўрапейскія. А не так даўно з’явілася электронная віза, якую можна адкрыць анлайн. На сайце Міністэрства замежных спараваў Рэспублікі Беларусь ёсць падрабязная інструкцыя. Па прыездзе яе нават неабавязкова раздрукоўваць, каб прад’явіць.

— Нягледзячы на няпростую палітычную сітуацыю ў свеце, Беларусь застаецца гасціннай краінай, — кажа Максім Малахоўскі. — Напрыклад, сейм Латвіі падтрымаў папраўкі ў законе аб турызме. Згодна з імі, пастаўшчыкам турыстычных паслуг будзе забаронена арганізоўваць туры ў Беларусь, абмежаванне распаўсюдзіцца і на Расію. Калі б наш кірунак не карыстаўся папулярнасцю, наўрад ці зайшла б гаворка пра падобныя змены. Але індывідуальныя вандраванні ніхто не адмяняў, так што чакаем усіх у госці.

Як кажуць, зачыняюцца адны дзверы — адчыняюцца іншыя. Ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама спецыялісты хутка падстройваюцца пад сітуацыю і шукаюць новых партнёраў. На дадзены момант найбольшая колькасць турыстаў прыбывае з Расіі. Апошнім часам усё больш актыўна ідзе супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Напрыклад, міністэрства культура і турызму КНР атэставала дзве кампаніі з Гродзенская вобласці для работы з арганізаванымі турыстычнымі групамі. У цэлым экспарт турыстычных паслуг па вобласці вырас.

— На працягу апошніх двух гадоў мы актыўна ўдзельнічаем у кітайскіх турыстычных выстаўках і прэзентуем наш патэнцыял. А ў лютым гэтага года адбыўся сямідзённы інфармацыйны тур для дэлегацыі нашых усходніх партнёраў. Гэта ўжо другі візіт, першы адбыўся летам 2024 года. У планах — стварэнне яшчэ больш прыязнага асяроддзя дзякуючы ўкараненню кітайскай мовы ў меню, стэнды, паказальнікі, таблічкі, інфармацыйныя брашуры, а таксама пашырэнне спосабаў аплаты тавараў і паслуг. Дарэчы, у плане перакладу нам дапамагае Купалаўскі ўніверсітэт. Кітайскія партнёры высока ацанілі якасць інфармацыйных прадуктаў. Развіццю спрыяе і ўдасканаленне авіязносін, з’явіўся новы рэйс Урумчы — Мінск, — дадае суразмоўнік.

Важная частка сферы — унутраны турызм. На яго паглядзелі іншымі вачыма падчас пандэміі, калі выехаць куды-небудзь не было магчымасці. З таго часу беларусам палюбіліся падарожжы па сваёй жа краіне, і нярэдка для адпачынку выбіраюць менавіта Гродзенскі рэгіён.

Смела гаворым пра сябе

Маркетынгавая работа — адзін з найважнейшых складнікаў паспяховага развіцця турызму. Летась гродзенцы прынялі ўдзел у найбуйнейшых турыстычных выстаўках у Маскве, Пекіне, Ташкенце. У Мінску на ХХVІІ Міжнароднай выстаўцыкірмашы турыстычных паслуг «Адпачынак-2025» былі прадстаўлены ўсе раёны вобласці.

— Акрамя таго, арганізавалі туры для прадстаўнікоў з Санкт-Пецярбурга і ПаўночнаЗаходняга рэгіёна Расійскай Федэрацыі, Смаленскай вобласці. У цэлым, Гродзеншчына прыняла ўдзел у 17 мерапрыемствах, дзе прэзентаваўся яе турыстычны патэнцыял. Мы смела гаворым пра сябе, бо наш рэгіён умее здзіўляць, — заўважае начальнік упраўлення.
Для папулярызацыі Гродзеншчыны ва ўпраўленні спорту і турызму выкарыстоўваюць і іншыя метады. Напрыклад, работа з медыйным асяроддзем, мастацтвам і кінематографам. У Гродне не так даўно здымалі дэтэктыў «ГДР». Гэтая падзея прыцягнула ўвагу не толькі гродзенцаў. Акрамя таго, ідзе актыўнае супрацоўніцтва з тэлеканаламі, якія маюць у сваёй сетцы вяшчання трэвэлшоу.

— Упраўленне спорту і турызму прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі здымак. Большасць перадач прыехала на Гродзеншчыну па нашай ініцыятыве. Мы дапамагаем распрацаваць маршрут, падтрымліваем журналістаў. У нас знялі шоу «Поедем, поедим», якое транслюецца на НТВ. Тэлеканал «Культура» здымаў цыкл перадач «Неизвестные маршруты Беларуси». «Першы канал» зняў выпуск шоу «Повара на колесах» у Гродне. Ужо ёсць дамоўленасць па здымках у рамках шоу «По секрету всему свету», — пералічвае Максім Малахоўскі.

Турыстычны калейдаскоп

— Мне як кіраўніку вельмі цікава, што думаюць госці аб нашай вобласці. І многія адзначаюць, што з году ў год вяртаюцца да нас, рэкамендуюць Гродзеншчыну сябрам. У нас шмат эксклюзіву. Адзіная лютэранская кірха, старадаўні гадзіннік на Фарным касцёле, два замкі толькі ў адным Гродне, а па вобласці колькі цікавых мясцін і сядзіб! Сапраўдны турыстычны калейдаскоп, — дзеліцца прадстаўнік аблвыканкама.

  • Унікальная прырода спрыяе развіццю экатурызму. Аўгустоўскі канал не страчвае свайго статусу жамчужыны Прынёманскага краю. Тут сплаўляюцца на байдарках і сапбордах, працуюць два цеплаходы, распрацаваны веламаршруты. У мінулым годзе адзначылі 200-годдзе з пачатку будаўніцтва беларускай часткі канала. Напярэдадні гэтай падзеі прайшоў шэраг рэканструкцый і абнаўленняў, так што гасцям будзе яшчэ больш камфортна бавіць тут час. А яшчэ ёсць Ліпічанская і Белавежская пушчы, рака Шчара, заказнік «Азёры». Спіс вельмі вялікі!

— У топе і рэлігійны турызм. На тэрыторыі Гродзеншчыны шмат унікальных святынь, а своеасаблівым цэнтрам з’яўляецца Жыровіцкі манастыр, — нагадвае Максім Малахоўскі. — Рэстаўрацыйныя работы, якія вядуцца там, амаль скончаны, і зусім хутка ён адчыніць свае дзверы вернікам і турыстам у абноўленым выглядзе. Не губляе сваёй актыўнасці прамысловы кірунак. Турысты з вялікім задавальненнем наведваюць вытворчыя флагманы, напрыклад Лідскі піваварны завод, «Лідахарчканцэнтраты», шклозавод «Нёман». Экскурсіі распісаны на месяцы наперад. Не пустуюць нашы аграсядзібы. Іх у вобласці 274, яны ўносяць вялікі ўклад у прыцягненне турыстаў.

Аздараўленчы турызм таксама не адчувае недахопу гасцей. У санаторыі едуць з самых розных краін. Пераважна гэта Расія, але ёсць госці з ЗША і Ізраіля. Назіраецца тэндэнцыя аб’яднання аздараўленчага турызму з медыцынскім. Санаторыі прапаноўваюць праграмы абследаванняў у клініках. Так што госці могуць адпачыць, аздаравіцца і зрабіць поўны чэкап свайго стану. У Беларусі прывабныя суадносіны цаны і якасці такіх паслуг. Попыт на санаторны адпачынак вырас за мінулы год, а ў некаторых пунктах загружанасць большая за 100 %.

Дзе даведацца?

Шмат інфармацыі ёсць на сайце grodnovіsafree. Гэта сапраўдны даведнік для гасцей. Актыўна развіваецца работа турыстычных інфармацыйных цэнтраў, іх ужо 15 у вобласці. Тут дапамагаюць прэзентаваць патэнцыял, даюць кансультацыі і ўсяляк дапамагаюць падарожнікам.

— Імкнёмся, каб сярод супрацоўнікаў былі атэставаныя экскурсаводы, таму што ў сезон на іх высокі попыт, — удакладняе суразмоўца. — Да таго ж спецыялісты цэнтраў, якія працуюць на месцах, лепш ведаюць сваю мясцовасць, прапануюць гістарычным і культурным аб’ектам цікавыя сумесныя праекты.

Акрамя таго, можна звярнуцца да тураператараў, якія актыўна прасоўваюць адпачынак у Беларусі.

З мая да верасня амаль усе гасцініцы ў Гродне на выхадныя дні ўжо забраніраваны. Як адзначыў Максім Малахоўскі, пытанне размяшчэння гасцей усё яшчэ застаецца праблемным, таму што ахвотных наведаць вобласць на самай справе вельмі шмат.

— У гэтым кірунку вядзецца работа, з’яўляюцца новыя аб’екты. Хутка адкрыецца ў Смаргоні. У Гродне ўжо зусім хутка запрацуе новы аб’ект — гасцініца «Нёман», раней вядомая як «Беларусь». Гэта дадаткова яшчэ 200 месцаў. Амаль завяршыліся работы па рэканструкцыі былога піваварнага завода, і ў яго комплексе таксама будзе гатэль на 50 месцаў, які прадугледжаны другой чаргой будаўніцтва, — пералічвае ён.

Ад «Іўеўскага памідора» да чэмпіянату ў класе эндура

У кожным раёне ёсць брэндавыя мерапрыемствы. Паспелі заваяваць папулярнасць «Іўеўскі памідор», «Бацькава булка» ў Свіслачы, LІDBEER, «Ганненскі кірмаш» у Зельве і многія іншыя. На прыцягненне турыстаў працуюць і спартыўныя мерапрыемствы, якія вабяць з году ў год нямала прыхільнікаў. Напрыклад, «Гарадзенская вандроўка», якая сцірае ўсе межы. Едуць як з блізкага, так і далёкага замежжа, нягледзячы на ??сітуацыю ў свеце, бо спорт і любоў да здаровага ладу жыцця аб’ядноўваюць. У мінулым годзе рэгістрацыю закрылі ўжо праз два тыдні. У гэтым падрыхтаваліся і пашырылі колькасць удзельнікаў, чакаецца каля 1500 бегуноў.

— У Ваўкавыску другі раз пройдзе непаўторнае мерапрыемства, якое ўжо можна назваць брэндавым. Адкрыты мотачэмпіянат Беларусі ў класе эндура. Ён праходзіць у маляўнічым месцы паблізу краснасельскіх кар’ераў, якія празвалі беларускімі Мальдзівамі, — інфармуе начальнік упраўлення спорту і турызму.

Нягледзячы на тое, што ў мінулым годзе спаборніцтвы прайшлі ўпершыню, сабралася больш за 400 спартсменаў, а з імі — сем’і, сябры. Мерапрыемства атрымалася маштабным. У гэтым годзе спаборніцтвы пройдуць з 11 да 13 красавіка, і ўсе месцы размяшчэння ўжо даўно выкуплены. Чакаецца каля 700 удзельнікаў, многія з іх — з Расіі.

Нацыянальны праект

Як падкрэсліў Максім Малахоўскі, поспех і добрая работа турыстычнай сферы магчыма толькі дзякуючы ўзаемадзеянню розных сфер. Турыстычны прадукт стварае далёка не толькі ўпраўленне. Поспех залежыць ад пунктаў грамадскага харчавання, аб’ектаў культуры, забаў, гідаў, канешне, ад кіраўніцтва вобласці і раёнаў. Многае залежыць у цэлым ад добраўпарадкавання.

Вялікая зацікаўленасць у Гродзенскай вобласці стымулюе работу па развіцці і ўдасканаленні турыстычнай інфраструктуры. Уздоўж трасы М6 удала размечаны аб’екты турыстычнага арыентавання. Стаіць задача распаўсюдзіць гэты прыклад на ўсе раёны. Будуць удасканальвацца заправачныя станцыі, абсталёўвацца санвузлы, адкрывацца пункты харчавання.

Таму Гродзеншчына з лёгкасцю ўключылася ў работу над турыстычнай сферай як над нацыянальным праектам.

Аліса ВОЎК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю