Top.Mail.Ru

Чым быў адметны «Марафон адзінства» ў Салігорску?

У першыя паслянавагоднія выхадныя ў сталіцы шахцёраў было горача. Тут 3 і 4 студзеня праходзіла рэспубліканская грамадска-культурная акцыя «Марафон адзінства». Тысячы чалавек паўдзельнічалі ў гэтай знакавай падзеі, наведалі цікавыя выставы, папрысутнічалі на сустрэчах і выступленнях артыстаў, адчулі сапраўдны настрой усеагульнага яднання. Муралы, квэсты, інтэрактывы і святочны настрой — вось, чым жылі салігарчане і госці горада ў гэтыя дні. Заключным акордам «Марафона Адзінства» стаў традыцыйны канцэрт «Час выбраў нас». Карэспандэнт «Звязды» далучыўся да гэтай яркай, масавай і светлай акцыі пачатку новага 2025 года.


«Будучыня Беларусі ў тваіх руках»

Для жыхароў і гасцей горада шахцёраў 3 і 4 студзеня была арганізавана насычаная праграма мерапрыемстваў. У першы дзень «Марафона адзінства» ў Салігорску кожны жадаючы мог азнаёміцца з работай тэматычных выстаў, інтэрактыўных зон, а таксама прыняць удзел у розных майстар-класах і іншых унікальных квэстах. Другі дзень марафону пачаўся з адкрыцця мурала «Будучыня ў тваіх руках» на адной з дзевяціпавярховак на праспекце Міру. 

«Для нас асаблівы гонар знаходзіцца сёння ў Салігорску, — адзначыў першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў. — Гэта другі па колькасці насельніцтва горад у Мінскай вобласці. Марафон аб’яднаў мноства людзей, а яго галоўнай мэтай стала адзінства дабра і стваральнай працы». 

Па яго словах, нанясенне мурала на гэты будынак ініцыявала моладзь Салігорскага раёна: «Гэта сімвалічна, бо даўно, яшчэ ў 50-я гады мінулага стагоддзя, гісторыя горада пачалася менавіта з камсамольскай будоўлі. Мы б хацелі, каб арт-аб’ект быў напамінам для яго жыхароў і для гасцей, што наша будучыня ў нашых руках. І мы разам працягнем упэўненае развіццё нашай краіны». 

Старшыня Салігорскага райвыканкама Анатоль Ладыга адзначыў, што адкрыццё арт-аб’екта — гэта яркая старонка ў гісторыі Салігорска: «Менавіта дзякуючы моладзі горад стаў адным з самых паспяховых і крэатыўных. Мы спадзяёмся, што ўсе свае веды вы будзеце накіроўваць на тое, каб наша Беларусь квітнела». 

Чым уразіла выстава «МАЗ-СПОРТаўта»?

У другі дзень «Марафону адзінства» ў Салігорску ля Лядовага Палаца было асабліва шматлюдна. Там размясцілася выстава тэхнікі «МАЗ-СПОРТаўта». Гасцям і жыхарам горада прадставілі гоначны аўтамабіль МАЗ-5309RR, які прымаў удзел у гонках у Перу і Расіі. Яркая афарбоўка аўтамабіля і тэхнічныя параметры прыцягвалі ўвагу не толькі дзяцей, але і людзей старэйшага ўзросту, якія жадалі зрабіць фатаграфію на фоне аўтамабіля-спартсмена.

«Гэта машына прымала непасрэдны ўдзел у спаборніцтвах. Мадэль адноўленая да першапачатковага стану і цяпер з’яўляецца гістарычнай часткай нашай каманды і ўсяго аўтаспорту Беларусі, — расказаў журналістам механік спартыўнай каманды Канстанцін Дубовік. — А выступаем мы цяпер ужо на капотнай канфігурацыі, якая больш дасканалая». 

На «Марафоне адзінства» спартсмены не ўпершыню. Разам з акцыяй яны ўжо паспелі наведаць і іншыя буйныя гарады краіны, у кожным з якіх заўсёды можна даведацца нешта новае. «Цікава даведацца, як жывуць розныя рэгіёны нашай краіны. Ну і мы свой уклад уносім, расказваем людзям пра сваю работу, паказваем тэхніку. Насамрэч, нават здзіўляе, колькі беларусаў за намі сочаць. У кожным горадзе падыходзяць, уважліва слухаюць, просяць зрабіць сумесныя фатаграфіі», — падзяліўся механік. 

«Гэта ўсё маё роднае»

У другі дзень «Марафона адзінства» ў Салігорску ля Палаца спорту адбыўся квэст «Гэта ўсё маё роднае», удзел у якім узялі 42 каманды, больш за 400 чалавек. Каманды былі сфарміраваны ад 5 да 10 чалавек. Ім трэба было прайсці ўсе 10 станцый, на якіх неабходна было адказаць на тэматычныя пытанні або выканаць цікавыя заданні. 

Некаторыя з яркіх і запамінальных пляцовак можна было пачуць здалёк. На станцыі «Песняры» ўдзельнікам квэста неабходна было адгадаць знакамітыя кампазіцыі. Але была і загвоздка, бо песні ўключаліся наадварот. На станцыі «Бульба дэнс» неабходна было паўтарыць танцавальны флэшмоб. Пераможцы квэста атрымалі прызы ад БРСМ, Беларусбанка і арганізатараў акцыі «Марафон адзінства».

Галоўным адрозненнем квэста ў Салігорску мясцовыя жыхары назвалі холад. Тэмпература ў горадзе шахцёраў апусцілася да мінус чатырох градусаў. Таму палаткі з гарбатай, кавай і пачастункамі, якія знаходзіліся побач, карысталіся вялікай папулярнасцю. Але святочная атмасфера яднання яшчэ лепш сагравала ўсіх удзельнікаў. 

Выступалі і пад зямлёй!

Адметнасцю «Марафона адзінства» ў Салігорску стала выступленне Прэзідэнцкага аркестра ў падземным памяшканні Рэспубліканскай бальніцы спелеалячэння. Яна працуе на базе першага рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій». Бальніца з’яўляецца адзінай дзеючай установай у свеце, якая практыкуе нямедыкаментозны метад лячэння з ужываннем падземнай спелеатэрапіі ў калійных рудніках.

«Кажуць, „Марафон адзінства“ толькі там, наверсе. Але не, акцыя тым і ўнікальная, што можа спусціцца нават пад зямлю. Канцэрту ў шахце папярэднічала вялікая падрыхтоўка. Дарэчы, за падтрымку нашай ініцыятывы хочацца падзякаваць кіраўніцтву ААТ „Беларуськалій“. Эксперымент атрымаўся. І самае галоўнае — меры бяспекі пры гэтым выкананыя. Усё прайшло на найвышэйшым узроўні», — адзначыў дырэктар Палаца Рэспублікі Максім Прыходскі.

Па яго словах, гэта спелеалячэбніца — унікальнае месца: «Для мяне было адкрыццём, што ў шахце ёсць Рэспубліканская бальніца. Сюды прыязджаюць людзі нават з-за мяжы. І сёння сярод слухачоў канцэрта ёсць людзі не толькі з Беларусі, але і з Расіі, з іншых краін». 

Галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік аркестра Віталь Кульбакоў адзначыў, што выступленне ў спелеалячэбніцы не стала складанасцю для калектыву: «Наверсе, на тэрыконах мы ўжо пабывалі на 20-годдзе Прэзідэнцкага аркестра і 25-годдзе Палаца Рэспублікі. Там праходзілі здымкі. Але гэты канцэрт, вядома, цікавая для нас практыка. Вядома, трохі хваляваліся, але калі спусціліся і ўбачылі, як тут усё выдатна арганізавана, то ўсе страхі сышлі. А яшчэ тут выдатная акустыка». 

Пад зямлёй музыканты ўдастоіліся гучных хвал. Найлепшым напамінам выступленне стануць фота ў сацсетках, якія гледачы рабілі ў вялікіх колькасцях. А яшчэ — уражанні, якіх, як вядома, шмат не бывае. 

«Калі запальваюцца зоркі...»

Па добрай традыцыі неад’емнай часткай «Марафона адзінства» стала «Знакавая сустрэча». У якасці аўтарытэтных спікераў выступілі палітычны аглядальнік Ігар Тур, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Яўген Алейнік, заслужаны артыст Беларусі Валерый Шмат, прадзюсар Андрэй Гузель і галоўны рэдактар «Альфа Радыё» Вадзім Шэпет. У фармаце нефармальнай размовы спікеры абмеркавалі новыя магчымасці для таленавітых беларусаў, Сакрэты стварэння тэлевізійных праектаў і многае іншае. 

«У вельмі складаны час для краіны адзінства павінна быць не толькі ў тым, што Прэзідэнт адзін за ўсіх. Але і мы ўсе, як працяг гэтай фразы, павінны быць усе за аднаго», — звярнуў увагу палітычны аглядальнік Ігар Тур. 

Па яго словах, за апошнія некалькі гадоў была праведзена вялікая работа па фарміраванні ў беларусаў пачуцця датычнасці да будучыні сваёй краіны: «І гэты ўзровень вырас. Мы сталі лепш разумець, дзякуючы, у тым ліку „Марафону адзінства“, што тое, наколькі лепш будзе ў Салігорску, у Мінску, у Гродне, вельмі моцна залежыць ад Прэзідэнта, але не менш моцна гэта залежыць ад кожнага з нас. І значна лепш, чым у адзіным парыве распавядаць, як мы абавязкова падтрымаем радзіму калі-небудзь, пайсці і нешта зрабіць для яе, каб ёй стала добра не калісьці заўтра ці паслязаўтра, а сёння». 

Гаворачы аб з’яўленні новых зорак, Ігар Тур адзначыў, што яны павінны запальвацца самастойна: «Маё асабістае перакананне заключаецца ў тым, што штучна запальваць нейкія зоркі няма сэнсу. Гэта не атрымаецца. Зоркі павінны запальвацца самі па сабе, сваім розумам, талентам, намаганнямі. Калі яны запальваюцца? Калі для гэтага ствараюцца нейкія ўмовы. Уявіць, што палітычны аглядальнік тэлеканала АНТ будзе ездзіць па сустрэчах з насельніцтвам, да 2020 года было немагчыма. Але тады быў такі перыяд, які дазволіў, зараз скажу нясціпла, стаць бліжэй да зорак такім людзям, як я». 

У сваю чаргу, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Яўген Алейнік адзначыў словы кіраўніка дзяржавы, якія запалі ў душу: «На прыёме ад імя Прэзідэнта на Стары Новы год ён сказаў: у вядомага і папулярнага чалавека, па вялікім рахунку, правоў няма. Ёсць толькі абавязкі і адказнасць». Ён звярнуў увагу, што вядомы чалавек павінен сачыць за тым, што і калі ён робіць ці кажа. Бо хтосьці можа апублікаваць відэа яго дзеянняў у інтэрнэце, да прыкладу.

«У людзей, якія становяцца папулярнымі, пачынаецца лёгкая наркаманія. Яны падсаджваюцца на хвалу, прызнанне. Потым папулярнасць пачынае спадаць, а людзі ўжо сталі наркаманамі хайпа. Яны пачынаюць нешта прыдумляць. У выніку чалавек раствараецца і становіцца не сам сабой, а нейкім наборам агульнавядомых хайповых выразаў. Калі тваё меркаванне становіцца важчэй, чым сярэднестатыстычнае, вельмі важна не стаць наркаманам папулярнасці, таму гэта шкодзіць і табе, і ўсім людзям. Трэба дапамагаць грамадству пазнаваць нешта, а не даваць яму папулізм — тое, што ўсе хочуць. Гэта шлях у нікуды», — звярнуў увагу Ігар Тур.

Заслужаны артыст Валерый Шмат падкрэсліў, што вядомаму чалавеку заўсёды трэба быць сумленным з сабой у першую чаргу: «Трэба захоўваць трыадзінства сумленнасці: у думках, словах і ўчынках. І пачынаецца ўсё з нашых думак». 

Асаблівасці канцэрта ў Салігорску

Вішанькай на торце стаў традыцыйны гала-канцэрт «Час выбраў нас». Аднак у кожнага «марафонаўскага» гала-канцэрта свая атмасфера, свой стыль. Салігорскі — увабраў у сябе культурныя асаблівасці ўсіх абласцей. Аб гэтым журналістам расказала галоўны рэжысёр ад Мінскай вобласці канцэрта «Час выбраў нас» Хрысціна Дайняк: «Мы з „Марафонам адзінства“ ездзім па краіне. Пачыналася акцыя, як мы ведаем, у Маладзечне, затым былі іншыя гарады: Пінск, Мазыр, Брэст. Адзначу, што цэнтральны рэгіён увабраў у сябе розныя рэгіянальныя асаблівасці». 

Па яе словах, у гэты раз на сцэну выйшлі калектывы з удзельнікамі ва ўзросце ад 5 да 80 гадоў: «Гэта калектывы Салігоршчыны са званнямі „Узорны“, „Народны“, якія ездзяць па ўсёй краіне, выступаюць у масавых канцэртах. Яны ўдзельнічаюць у вялікім Калядным нумары. Нам выпаў гонар адкрыць ім Салігорскі гала-канцэрт і стварыць святочны настрой нашым жыхарам і гасцям горада. Калі казаць пра разнастайнасць, то каларыт Мінскай вобласці ў тым, што ў ёй ёсць частка і ўсіх і іншых абласцей, бо мы з імі мяжуем. Ён аб’ядноўвае ўсю народную творчасць». 

Вядучая канцэрта «Час выбраў нас» Кацярына Цішкевіч расказала журналістам пра асаблівасці гэтага канцэрта, а таксама пра Каляды і традыцыі іх святкавання: «Настрой сёння асаблівы, і гэта супала з часам, які мы перажываем. Толькі што адсвяткавалі Новы год, хутка будзем адзначаць Раство. І канцэрт канцэптуальна праходзіць у гэтым настроі. Да гэтага мы былі ў Мазыры — там была лёгкая навагодняя тэматыка. У Салігорску расказваем гледачам пра Каляды, пра традыцыі іх святкавання ў Беларусі».

Па яе словах, імкненні «Марафона адзінства» паказаць, што ў Беларусі жывуць людзі, аб’яднаныя адной мэтай і ідэяй, і іх шмат, — вельмі дарагога вартыя.

Заслужаны артыст Беларусі Дзмітрый Качароўскі падзяліўся сваім бачаннем «Марафону адзінства»: «Мне здаецца, гэта значыць, што трэба аб’яднацца нам, прычым не толькі артыстам, а людзям усіх прафесій. Быць адзінымі, моцнымі, таму што насамрэч мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны, і, па сутнасці, гэта важныя мерапрыемствы. Адзінства павінна быць ва ўсім». 

«Час выбраў нас»

Урачысты старт канцэрту «Час выбраў нас» дала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Звярнуўшыся да ўсіх прысутных, яна перадала словы прывітання ад кіраўніка дзяржавы: «Я шчыра рада сёння быць тут, на гэтым „Марафоне адзінства“. І вельмі сімвалічна, што ў першыя дні новага года марафон праходзіць менавіта тут, у маладым горадзе Салігорску. Я шчыра рада перадаць вам словы прывітання і добрыя пажаданні ад нашага Прэзідэнта, паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэты марафон — падарунак беларускаму народу ад нашага кіраўніка дзяржавы». 

Спікер Савета Рэспублікі адзначыла, што Салігорск — малады горад са слаўнай гісторыяй: «Сюды ў далёкім 1958 годзе прыехалі маладыя людзі з усяго Савецкага Саюза на Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю, каб на адкрытым геолагамі радовішчы пабудаваць горад і камбінат. Вядома, сваім нараджэннем горад абавязаны калійнаму камбінату. Мабыць, у кожнага беларуса Салігорск асацыюецца „Беларуськаліем“».

Па яе словах, «Беларуськалій» сёння — гэта больш за 15 тысяч людзей, якія працуюць на галаўным прадпрыемстве ў Салігорску, гэта амаль 20 працэнтаў сусветнага рынку ўгнаенняў, гэта 300 кіламетраў падземных тунэляў і 140 краін, у якія пастаўляецца прадукцыя прадпрыемства. 

«Але так было не заўсёды. Былі цяжкія часы, і пасля развалу Савецкага Саюза прадпрыемства апынулася на мяжы выжывання. Знаходзілася нямала тых, хто хацеў прыватызаваць, выкупіць за бесцань гэта народнае багацце. Прэзідэнт цвёрда сказаў: не, свае прадпрыемствы мы нікому не аддадзім», — нагадала Старшыня Савета Рэспублікі. 

Яна таксама звярнула ўвагу, што зусім нядаўна на тэлеэкранах паказалі Марш шахцёраў у Мінск у 90-я гады: «Шахцёры рабілі гэта ад безвыходнасці. Таму што не выплачвалася заработная плата, не было дзяржаўнай падтрымкі, і прадпрыемства знаходзілася ў такім стане. І тады Прэзідэнт прыняў рашэнне: дзяржаўнай падтрымцы быць! Ён падтрымаў усе інвестпраекты, якія рэалізоўваліся на гэтым прадпрыемстве. І прадпрыемства пачало сур’ёзна працаваць, умацоўваючы эканоміку не толькі Салігорска і Мінскай вобласці, але ў цэлым эканоміку нашай краіны». 

Наталля Качанава адзначыла, што Салігорск называюць багатым горадам, дзе ў людзей высокія заробкі: «Але зусім нядаўна на нарадзе з вучонымі Прэзідэнт выразна сказаў: заробак у шахцёраў зароблены, кожны рубель паліты потам. Шахцёрам плацяць за вынік, у нашай краіне людзям плацяць за вынік». 

Спікер Савета Рэспублікі дадала, што Салігорск — гэта не толькі «Беларуськалій». У горадзе працуюць больш за 20 прадпрыемстваў, прадукцыю якіх ведаюць нават за межамі Беларусі: «У горадзе працуюць такія прадпрыемствы, як домабудаўнічы камбінат, прадпрыемства лёгкай прамысловасці „Купалінка“. І тут жывуць выдатныя людзі, атмасфера цудоўная, інфраструктура развіцця». 

Наталля Качанава адзначыла, што ў горадзе ствараюцца ўсе ўмовы, каб людзі жылі, працавалі, адпачывалі: «Цудоўны Парк чатырох стыхій з найлепшым фантанам у нашай краіне. Выдатнае рукатворнае вадасховішча, дзе любяць адпачываць гараджане, чацвёртае па плошчы. Я ўжо не кажу пра тую інфраструктуру і сацыяльныя аб’екты, якія ёсць у горадзе, — бальніцы, паліклінікі. Установы адукацыі, культуры — усё гэта горад Салігорск». 

Спікер Савета Рэспублікі адзначыла, што 2024 год — асаблівы ў жыцці беларускага народа: «Гэта быў год 80-годдзя вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, мы адзначалі 30-годдзе інстытута Прэзідэнцтва, 30-годдзе Асноўнага закона краіны Канстытуцыі, мы выбралі Усебеларускі народны сход, упершыню ў Канстытуцыйным статусе. Гэта быў год, калі мы выбралі дэпутатаў усіх узроўняў». 

Наталля Іванаўна падкрэсліла, што 2025-ы стане не менш важным для нашай краіны: «Зусім хутка, праз некалькі тыдняў, мы будзем выбіраць будучыню свайго народа і сваёй краіны. І калі мы хочам жыць у такой жа цудоўнай краіне, якую мы любім, якой мы ганарымся, мы павінны зрабіць абсалютна правільны выбар. Час выбраў нас, а мы будзем рабіць выбар для сваёй краіны. І мы не павінны памыліцца. Мы павінны дакладна разумець, што работа Прэзідэнта — гэта жыццё, пакладзенае на алтар сваёй краіны. І мы з вамі павінны зрабіць усё для таго, каб у гэты няпросты час захаваць нашу краіну мірнай, спакойнай, добраўпарадкаванай, прыгожай. Думаю, што мы зробім абсалютна правільны выбар». 

Яркім і маштабным застанецца ў памяці салігарчан «Марафон адзінства» і асабліва канцэрт беларускіх артыстаў «Час выбраў нас». Маштабнае шоу не пакінула абыякавых сваіх гледачоў. Для многіх з іх здзейснілася мара — салігорцы змаглі на свае вочы ўбачыць любімых артыстаў. Сярод удзельнікаў — народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, група «COZA NOSTRA», арт-група «Беларусы», Тарас Прысяжнюк, Тарыел Майсурадзэ і многія іншыя. На адной сцэне з беларускімі зоркамі выступілі артысты з Салігорска, Жодзіна, Барысава, Беразіно і іншых гарадоў. 

Завяршаючы канцэрт, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын адзначыў, што Салігорск і Салігорскі раён уносяць значны ўклад у развіццё не толькі Мінскай вобласці, але і ў цэлым усёй краіны: «Ведаеце, быццам бы ўчора мы давалі старт „Марафона адзінства“ ў Маладзечне. А вось ужо ён прайшоў практычна па ўсёй краіне і вярнуўся ў Мінскую вобласць, у Салігорск. Я злавіў сябе на думцы, што Мінская вобласць адзіная можа пахваліцца тым, што „Марафон адзінства“ праходзіў у нас у розныя гады. У 2024 годзе — у Маладзечне і ў 2025 — у Салігорску». 

Па словах губернатара, гэты год асаблівы, па-першае, 80-годдзе Вялікай Перамогі, па-другое, падыходзіць да канца чарговая пяцігодка: «Паверце, Мінскай вобласці ёсць чым ганарыцца за пяцігадовы шлях. Дзіцячыя сады, дарогі, прадпрыемствы, вытворчасці — можна бясконца пералічваць нашы поспехі. Але іх бы не было, калі б не падтрымка Прэзідэнта. Мінскай вобласці, як не адной іншай, ён надае столькі ўвагі. Дзякуй яму за гэта!»

Тым не менш гэтыя дасягненні — не падстава спыняцца на дасягнутым. «Гэта значыць, што мы, набраўшы такі тэмп, будзем ісці і далей наперад. Вядома, Салігорск і Салігорскі раён уносіць значны ўклад у развіццё не толькі Мінскай вобласці, але і ў цэлым усёй краіны. Таму салігорцы, дзякуй вам!» — звярнуўся да прысутных Аляксандр Турчын. 

Асобна кіраўнік вобласці спыніўся на надыходзячай электаральнай кампаніі: «Літаральна праз некалькі тыдняў нас чакае найважнейшая грамадска-палітычная падзея гэтага года — выбары Прэзідэнта краіны. Мне здаецца, няма неабходнасці нікому нічога тлумачыць. Трэба проста прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой правільны выбар». 

У завяршэнні свайго выступлення старшыня Мінаблвыканкама павіншаваў салігарчан з Новым годам і надыходзячым Раством Хрыстовым. А ўжо ў наступныя выхадныя «Марафон адзінства» завітае ў Ліду. Сачыце за навінамі ў наступных нумарах газеты «Звязда» і на нашым сайце. Будзе вельмі цікава!

Фота БелТА

г. Салігорск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю