Top.Mail.Ru

Чым будзе адметная «Бібліяноч-2025»?

Бібліятэкі з нязвыклай атмасферай

25 красавіка бібліятэкі Беларусі адчыняць свае дзверы для наведвальнікаў культурна-асветніцкай акцыі «Бібліяноч-2025». Сёлета ўдзел у ёй плануюць узяць 81 горад і 96 бібліятэк. Пра тое, што падрыхтавалі культурныя ўстановы, расказалі напярэдадні іх прадстаўнікі на сустрэчы з журналістамі.

Наведаць упадабаныя лакацыі можна з 19.00 да 23.00. Кожная бібліятэка - ўдзельніца падрыхтавала для сваіх гасцей творчыя сустрэчы, майстар-класы, лекцыі, тэматычныя пляцоўкі, экскурсіі.

— У гэты вечар бібліятэкі пашыраць фармат сваёй работы і прадставяць наведвальнікам нязвыклыя культурныя праграмы. Асноўная тэма «Бібліяночы-2025», вядома ж, — 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Шмат мерапрыемстваў прысвеча-ны гэтай святочнай даце. Адзначу, што акцыя мае сацыяльны характар і ўваход на ўсе мерапрыемствы свабодны, — расказала загадчык сектара сацыяльна-культурных праектаў аддзела сувязяў з грамадскасцю Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія ВАЛУЕВА.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі «Бібліяноч-2025» пройдзе па тэме «Перамога. Памяць. Мір», што дазволіць аўдыторыі паглыбіцца ў гісторыю ваенных гадоў і адчуць атмасферу гераічнага мінулага. Такую магчымасць, напрыклад, дасць прэзентацыя серыі праектаў ад Беларускага саюза журналістаў да 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне або патрыятычная акцыя «Пераможнаму маю прысвячаецца», арганізаваная разам з Нацыянальнай школай прыгажосці. Яшчэ чытачоў чакаюць патрыятычная гульня і шэраг тэматычных квэстаў, паказ ваеннай кінастужкі «Час вярнуцца» з удзелам рэжысёра і г. д.

У сталіцы наведвальнікаў будуць чакаць і ў іншых месцах. Напрыклад, адкрыць для сябе свет навукі можна ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі. А Цэнтральная дзіцячая бібліятэка падрыхтавала праграму «Няхай заўсёды смяюцца дзеці». Але паспець сюды варта да 21.00. Там можна трапіць на сустрэчу з аўтарам кніг Кацярынай Хадасевіч-Лісавой, прычым як на аўтограф-сесію, так і на тэматычны квэст па творчасці дзіцячай пісьменніцы. Альбо завітаць на майстар-клас па японскіх шахматах.

Кожная з бібліятэк будзе здзіўляць і радаваць. Больш падрабязныя праграмы акцыі «Бібліяноч-2025» у выбранай вамі бібліятэцы можна знайсці на іх сайтах ці ў сацыяльных сетках.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю