Top.Mail.Ru
363

Чым адметны каледж МУС у Гаранях?

Вартавыя парадку новага пакалення


Напярэдадні Дня беларускай міліцыі мы накіраваліся ў Мінскі раён, каб на свае вочы ўбачыць, дзе і як будуць вучыцца курсанты новага каледжа МУС, які ў пачатку гэтага года адкрыўся ў вёсцы Гарані.


Горад на 72 гектарах

Суправаджае нас намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк. Ідэя стварыць асобны каледж для будучых супрацоўнікаў міліцыі выношвалася даўно. Дзмітрый Карзюк паведаміў, што на працягу апошніх пяці гадоў праводзіўся аналіз адносна паступлення ва ўстановы сістэмы МУС — Акадэмію і Магілёўскі інстытут МУС.

— Мы ўбачылі, што на працягу некалькіх гадоў жадаючых паступіць у Акадэмію і наш інстытут вялікая колькасць. Але каля 200 чалавек не паступаюць у нашы навучальныя ўстановы, а гэта матываваныя хлопцы і дзяўчаты, якія хочуць служыць, хочуць прыносіць карысць грамадству і працаваць у органах унутраных спраў. Таму мы выйшлі з хадайніцтвам да кіраўніка дзяржавы, і Прэзідэнт падтрымаў нашу прапанову«, — расказаў намеснік міністра.


Новая навучальная ўстанова створана на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС, які пераехаў у сучасны комплекс у Гарані яшчэ ў 2021-м. Тэрыторыя каледжа — 72 гектары, кожны куток імкнёмся задзейнічаць для навучання.

— Тэорыя і практыка тут непарыўныя: адпрацоўка дзеянняў да аўтаматызму, каб на службу маладыя людзі прыходзілі гатовымі да ўсіх няштатных сітуацый, — адзначыў Дзмітрый Карзюк. — Мы будзем набіраць кожны год па сто чалавек, якія будуць вучыцца на працягу 1 года і 10 месяцаў. Курсанты, якія паспяхова скончылі каледж, атрымаюць адукацыю юрыста і першае міліцэйскае званне лейтэнанта міліцыі.


Навучальныя будні

Каледж абвясціў набор на спецыяльнасць «Прававое забеспячэнне грамадскай бяспекі». Праграма насычаная: будучыя юрысты штудзіруюць адміністрацыйнае і крымінальнае заканадаўства, грамадзянскае права. Вядома ж, асобны акцэнт зроблены на практыцы — спецыяльнай, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы.

У спецыялізаваных трэнажорных залах нам паказваюць, як адпрацоўваюцца элементы рукапашнага бою. У тактычных комплексах — як дзейнічаць ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных. Асобны гонар — класы агнявой падрыхтоўкі і кіналагічны цэнтр.

— Навучанне ў нас — гэта шлях ад школьніка да прафесійнага міліцыянера. І галоўнае — яны адразу прыйдуць на службу ў падраздзяленні міліцыі грамадскай бяспекі, мінуючы этап радавога складу, — працягвае Дзмітрый Карзюк.



Заглядваем у інтэрнат. Умовы, трэба сказаць, цудоўныя: новае памяшканне, абсталяванае ўсім неабходным, што трэба для побыту і адпачынку. Чысціня, парадак на высокім узроўні. Курсантам, якія паступяць на бюджэт, гарантавана не толькі бясплатнае навучанне, але і поўнае дзяржаўнае забеспячэнне: форма, харчаванне, камфартабельнае пражыванне, а таксама спецыялізаваныя трэнажорныя залы, шматфункцыянальныя спартыўныя пляцоўкі, тактычныя комплексы. Начальнік аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі Андрэй Талкачоў звярнуў увагу, колькі ўкладзена сродкаў і сіл ва ўнутранае аздабленне, каб установа была прыгожа аформленая і інфармацыйна карысная для курсантаў.

Першы набор

Тым часам дакументы ад абітурыентаў ужо чакаюць у любым органе ўнутраных спраў, дэдлайн — 15 красавіка. Першы намеснік начальніка каледжа МУС Міхаіл Пашкееў расказаў, што паступаць могуць выпускнікі 11-х класаў і прафесіянальна-тэхнічных устаноў з агульнай сярэдняй адукацыяй. Конкурс будзе па сярэднім бале атэстата, але галоўны фільтр — прафесійны адбор і медыцынскі агляд.


Нараўне з хлопцамі ў вучобе актыўны ўдзел прымаюць і дзяўчаты. Яны таксама праходзяць першапачатковую падрыхтоўку, у тым ліку і на занятках па агнявой падрыхтоўцы. Для радавога міліцыі, курсанткі першапачатковай падрыхтоўкі Веранікі ЛУЦКАЙ служба ў міліцыі — справа жыцця. Яна першая ў сям’і, хто абраў гэты від дзейнасці. «Мне з дзяцінства падабалася міліцыя, і цяпер я задаволена навучаннем», — расказала дзяўчына.


Як адзначыў Дзмітрый Карзюк, на тэрыторыі комплексу зроблена ўсё дзеля якаснай падрыхтоўкі добрага супрацоўніка. Тут ёсць добры аўтадром, базы для тактычнай падрыхтоўкі.

«Гэта самая практыкаарыентаваная навучальная ўстанова ў нашых структурах, — запэўніў Дзмітрый Карзюк. — Тут ладзіцца шмат мерапрыемстваў для сем’яў супрацоўнікаў міліцыі, прыязджаюць іх дзеці ў летнікі, якія арганізуюцца ў нас, адбываюцца шматлікія злёты, ёсць ваенна-патрыятычны клуб „Мір“, адноўлена гульня „Зарніца“. Дзеці займаюцца на скаладромах, бацькі — адпрацоўваюць навыкі ў вяровачным гарадку. На тэрыторыі цудоўны стадыён, дзе праводзіцца вялікая колькасць спартыўных мерапрыемстваў. Да нас прыязджаюць выхавальнікі ваенна-патрыятычных міліцэйскіх клубаў, таму сучасная, прасторная актавая зала ніколі не пустуе. Тут можна атрымліваць веды, якія хлопцам і дзяўчатам спатрэбяцца, каб арыентавацца ў любой сітуацыі».



Надзея ЗУЕВА

Фота Ксеніі ЛІННІК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю