Top.Mail.Ru

Чым адметны аграрны каледж у Івацэвічах

Перад галоўным корпусам — акуратна высаджаны пладовыя дрэўцы, частка зямлі адпачывае перад вясновай апрацоўкай. А калі абагнуць будынак і прайсці ўглыб, то кідаюцца ў вочы маленькія хацінкі з выстаўкай рамёстваў... Адразу зразумелы кірунак: вёска, зямля і ўсё, што з ёй звязана. Ва ўсім адчуваецца размах: вялікая тэрыторыя, некалькі карпусоў, памяшканні і пляцоўкі для рознай тэхнікі. Акрамя таго, у Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа, адзінага у вобласці, — уласная вучэбная гаспадарка, фактычна міні-калгас, дзе на практыцы асвойваюць увесь цыкл сельскагаспадарчых работ.


Тры лепш за адну

— Наша вучэбная гаспадарка займае 416 гектараў зямлі за дзесяць кіламетраў ад горада, маем транспарт, каб вазіць навучэнцаў на практычныя заняткі. Зямля патрабуе клопату: араць, засяваць, а пасля збіраць ураджай. Для гэтага ў каледжы ёсць уся неабходная тэхніка: трактары, камбайны, касілкі і іншае — болей чым 100 адзінак. 

Тут жа свая ферма — 279 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 90 — дойнага статка, — не хаваючы гонару, расказвае дырэктар Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Міхаіл Дымовіч. — Маем моцную, трывалую матэрыяльную базу і стараемся захоўваць высокі ўзровень вучэбных лабараторый згодна з патрабаваннямі часу. У свой час Івацэвіцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча было адным з найлепшых ва ўсім Савецкім Саюзе, напрыканцы 1980-х атрымала другое месца ў сацыялістычным спаборніцтве сярод такіх устаноў. На цяперашні час каледж заўжды ў пяцёрцы рэйтынга, займае вядучыя пазіцыі ў краіне па асноўных кірунках дзейнасці.

З 2022 года ўстанова трансфармавалася ў каледж, дзе цяпер вядзецца падрыхтоўка па 15 спецыяльнасцях (усяго 17 кваліфікацый).

— План набору штогод выконваем на 100 працэнтаў, сёлета павінны прыняць на вучобу 386 чалавек, — удакладняе Міхаіл Дымовіч. — Нашы базавыя прафесіі ад заснавання — слесар, трактарыст, кіроўца аўтамабіля катэгорыі «С», агароднік. З цягам часу дадаліся кваліфікацыі зваршчыка, электраманцёра, кухара, швяі. У залежнасці ад таго, каго не хапае на рынку працы, пашыраем колькасць кваліфікацый. Па ўзгадненні з мясцовай уладай, напрыклад, сталі рыхтаваць абіўшчыкаў мэблі. Сёлета пачынаем рыхтаваць лесаводаў, адзіныя ў Брэсцкай вобласці. Шчыльна супрацоўнічаем з заказчыкамі кадраў — сельгаспрадпрыемствамі, для якіх рыхтуем па мэтавым накіраванні. Гэта добрая і зручная форма: людзі павінны вярнуцца працаваць туды, дзе іх чакаюць з канкрэтнымі навыкамі згодна з дамовай. Навучэнцаў падчас вучобы гаспадаркі прымаюць на практыку, заахвочваюць. 

Усе выпускнікі Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа сёння запатрабаваныя, усім гарантавана першае працоўнае месца.

Падчас размеркавання хлопцы і дзяўчаты могуць нават выбіраць: у якую гаспадарку пайсці? Якія могуць быць бонусы: дзесьці жыллё, дзесьці заробак, ці блізкасць да бацькоўскага дому. Узважваюць, дзе і па якой прафесіі працаваць, таму што пасля каледжа акрамя агульнай сярэдняй адукацыі атрымліваюць дзве альбо тры прафесіі. Зразумела, калі ў асабістым арсенале больш прафесій, то гэта лепш, чым адна. Пры тым што паступаюць па конкурсе сярэдняга бала пасведчання аб агульнай базавай адукацыі, летась на асобныя кваліфікацыі быў сур’ёзны конкурс. Ва ўсе гады лідзіруючыя пазіцыі займаюць прафесіі зваршчыка, слесара, трактарыста, кіроўцы аўтамабіля катэгорыі «С».

— Цяпер няма прафесій выключна хлапчуковых ці дзявочых, — адзначае метадыст Іна Жабінская. — Напрыклад, летась да нас мэтанакінавана паступіла на базе агульнай сярэдняй адукацыі дзяўчына, якая не прайшла па конкурсе ў ВНУ — хацела стаць спецыялістам па лагістыцы. Вырашыла не губляць год да наступнай уступнай кампаніі, цяпер асвойвае кіраванне трактарам і аўтамабілем катэгорыі «С» — уявіце, які лагіст пасля атрымаецца! У той жа час хлопцы з вялікім жаданнем ідуць на прадаўца, кухара. Ёсць хлопцы і ў групе, дзе вучацца на аператараў машыннага даення. Летась быў выпуск, дзе атрымлівалі гэтую прафесію ў інтэграцыі з кваліфікацыяй швяі. Быў выбар, у якую галіну пайсці, усе выпускнікі выказалі жаданне працаваць аператарамі машыннага даення — з-за больш высокага заробку і ўмоў працы.

Сапраўдная ферма, рэальнае поле

На вучэбнай ферме мне выдаюць аднаразовае спецадзенне. Каровак з раніцы ўжо падаілі, аглядаю сучасныя даільныя апараты, якія асвойваюць будучыя... Не, не даяркі, а ўсё ж аператары: тэхніка ў наш час шмат у чым замяняе чалавечыя рукі. Тут жа на ферме ёсць вучэбная аўдыторыя, дзе навучэнцы перад тым, як пайсці да каровак, засвойваюць правілы: памыць і зрабіць масаж вымя, апрацаваць бактэрыцыдным растворам, выцерці насуха папяровым ручніком... Усё малако з гэтай, няхай і вучэбнай, але паўнавартаснай фермы, паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы сортам «экстра», а далей — у крамы. Настаўнікі і іх вучні не маюць права на памылкі ўжо цяпер. Акрамя непасрэдна працэсу даення, вывучаюць, як трэба даглядаць буйную рагатую жывёлу, як клапаціцца пра маладняк.

...Шырокае поле чакае, калі на яго выйдзе тэхніка, яе рыхтуюць да веснавых работ у рамонтнай майстэрні. На полі ўсё робяць навучэнцы, побач з кожным знаходзіцца майстар, які кантралюе працэс. Гэта частка абавязковай падрыхтоўкі будучых кіроўцаў аўтамабіля і рознай сельскагаспадарчай тэхнікі, на якой давядзецца араць, узбагачаць зямлю ўгнаеннямі, засяваць, касіць ці ўбіраць збожжа.


Тым часам у адной з вытворчых майстэрняў Данііл Абрамчук з Целяхан разбірае нейкі механізм. Хлопец асвойвае прафесію электраманцёра, кіроўцы аўтамабіля катэгорыі «С» і трактарыста. Хоча вярнуцца дадому і працаваць на трактары. Дапамагае яму ў гэтым майстар Аляксей Свідуновіч: «Вучу, каб маглі разабраць і сабраць, наладзіць пры паломцы». Андрэй Шаўчук з Івацэвічаў прыйшоў вучыцца пасля 11 класа, ён больш адкрыты ў эмоцыях: «Аляксей Антонавіч навучыў мяне ездзіць на трактары „Беларус-952“. Падабаецца, калі ён тлумачыць, як выконваць манеўры, — люблю тэхніку».

Ёсць яшчэ сацыяльная місія ў Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа: на яго базе існуе адзіны ў Брэсцкай вобласці Цэнтр прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У такіх дзяцей ёсць абмежаванне па медыцынскіх паказчыках, але ў пэўных прафесіях яны паказваюць сябе вельмі добра, атрымліваюць па дзве спецыяльнасці ў інтэграцыі. Навучэнцам Цэнтра адведзены асобны паверх у інтэрнаце. Насамрэч месцамі для пражывання падчас вучобы забяспечваюцца ўсе, хто мае патрэбу. Тут усё акуратна і добра ўладкавана: блочная сістэма, на паверсе зала для адпачынку з тэлевізарам, кухня з халадзільнікамі, плітамі і мікрахвалеўкамі, гаспадарчая зона з пральнай машынкай. У вольны час працуюць аб’яднанні па інтарэсах (іх тут штогод болей 20). У скарбонцы каледжа — прызавыя месцы на рэспубліканскім конкурсе «Profskіlls».

Візітнай карткай і гонарам Івацэвіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа лічу музей, дзе частка экспазіцый носіць краязнаўчы характар. Ігар Скарына, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце, апантаны краязнаўца, захапляе гэтым моладзь. Паводле гісторыі самога каледжа, можна атрымаць уяўленне пра тое, як мяняліся патрэбы ў кадрах. Тут рыхтавалі кінамеханікаў, пра што нагадваюць узоры той тэхнікі і сапраўдная форма, але модная калісьці прафесія сышла ў нябыт. А працоўныя кадры для сельскай гаспадаркі былі патрэбныя тады і застаюцца запатрабаваныя цяпер.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю