Top.Mail.Ru

Члены Савета Рэспублікі залажылі экспазіцыю ў Батанічным садзе падчас суботніка

Да рэспубліканскага суботніка ў сталіцы далучыліся і члены Савета Рэспублікі разам з сем’ямі. Работы ў сталічным Батанічным садзе было шмат: усе ўдзельнікі мерапрыемства раздзяліліся па розных зонах. Адны закладвалі экспазіцыю ў гонар 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, другія дапамагалі з добраўпарадкаваннем тэрыторыі і пасадкай дрэў, трэція займаліся пікіроўкай расады буякоў, а чацвёртыя — мульчыраваннем драўнянай дранкай ягадных кустоў.


— Для ўсіх нас гэта ўжо добрая традыцыя -праводзіць гэты дзень разам і рабіць нешта вельмі важнае і патрэбнае для нашай краіны. Аб’ядноўваючыся, наводзім парадак на нашых тэрыторыях, высаджваем дрэвы, робім вельмі важныя справы, — адзначыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

Па яе словах тое, што гэта традыцыя шмат гадоў захоўваецца ў нашай краіне,сведчыць пра тое, што гэта абсалютна правільна.

— Разам мы можам зрабіць вельмі шмат. Мы прывыклі ганарыцца чысцінёй і парадкам у нашай краіне, гэта ўжо стала такім брэндам. Беларусь — чыстая, дагледжаная, прыгожая краіна, але за гэтым стаіць вялізная праца людзей, якія кожны дзень займаюцца гэтым. Падчас суботніка мы можам адчуць, лёгка гэта ці складана — захоўваць вось такой цудоўнай нашу краіну, — сказала яна.

Таксама Наталля Іванаўна дадала, што такая традыцыя абавязкова павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне і заставацца назаўжды ў нашай роднай Беларусі.

Мяркуючы па колькасці моладзі на суботніку, новае пакаленне з задавальненнем пераймае гэтую добрую традыцыю. Мы заспелі старшыню Маладзёжнага парламента пры Савеце Рэспублікі Аліну Рэцькову і намесніка старшыні камісіі па пытаннях культуры і міжнацыянальных адносін Яну Лебядзінскую за пасадкай дрэў. Дзяўчаты адзначылі, што, на іх погляд, вельмі важна прымаць удзел у такіх працоўных акцыях.

— Па-першае, гэта карпаратыўны дух і пачуццё агульнасці, таму нам прыемна заўсёды разам з нашымі старэйшымі калегамі, членамі Савета Рэспублікі прымаць удзел у такіх сапраўды добрых справах, асабліва ў Год добраўпарадкавання. А па-другое, для нас гэта прынцып пераемнасці якога мы прытрымліваемся ў сваёй дзейнасці. І, вядома, для кожнага з нас вялікі гонар пакінуць маленькую часцінку сябе ў такой вялікай і значнай алеі, — падзяліліся дзяўчаты.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц падчас суботніка расказаў, што вельмі важна прасякнуцца духам рэспубліканскага суботніка і яго неабходнасцю кожнаму жыхару нашай дзяржавы.

— Як у сельскіх населеных пунтках, так і ў гарадах важна, каб чалавек ішоў з душой. Для таго, каб жыць у чыстым асяроддзі, трэба прыкласці намаганне, — заключыў ён.

Дзякуючы зладжанай працы членаў Савета Рэспублікі ў Батанічным садзе з’явіцца экспазіцыя з вельмі рэдкімі лістападнымі дрэвамі катальпа. Ужо праз 5 гадоў гэтыя пасадкі будуць цешыць усіх сваімі цудоўнымі кветкамі. Як запэўнівае кіраўніцтва Батанічнага сада, гэта будзе адна з найпрыгажэйшых алей у нашай краіне.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю