Top.Mail.Ru

Члены Беларускай партыі «Белая Русь» сталі чарговымі наведвальнікамі Палаца Незалежнасці

«Гэта наша месца сілы».


Нягледзячы на тое, што ў будынку часта праходзяць важныя палітычныя мерапрыемствы і сустрэчы з замежнымі дэлегацыямі, яго дзверы, дзякуючы распараджэнню Прэзідэнта, адчыненыя для ўсіх, хто выкажа жаданне яго наведаць. 23 кастрычніка экскурсія ў Палацы была праведзена для 110 членаў партыі «Белая Русь» — аднаго з самых масавых палітычных аб’яднанняў краіны. Для больш як 73 тысяч чалавек патрыятызм з’яўляецца сапраўдным жыццёвым арыенцірам.

IMG_20251023_155114.jpg

«У нас тут сабраліся найлепшыя з найлепшых — прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны, якія не словам, а справай штодня даказваюць адданасць сваёй краіне, Прэзідэнту і народу, — падкрэсліў намеснік старшыні Беларускай партыі „Белая Русь“ Андрэй БУГРОЎ. — Для нас, партыйцаў, знаходзіцца ў Палацы вельмі сімвалічна. Я б сказаў, гэта наша месца сілы. Тут вырашаюцца важныя дзяржаўныя пытанні, тут Прэзідэнт прыносіць прысягу народу, сюды прыязджаюць паслы для абмеркавання сумесных праектаў. Гэтыя сцены прасякнуты добрай энергетыкай, і, паверце, любы беларус хацеў бы тут пабываць».

IMG_20251023_155143.jpg

Па традыцыі адкрывае праграму візіту ў Палац Незалежнасці яго самая грандыёзная зала — Зала ўрачыстых цырымоній, якая не мае аналагаў у краіне па сваіх маштабах. Менавіта тут гасцей чакае афіцыйнае прывітанне ад імя Прэзідэнта. Дарэчы, памяшканне мае асаблівы статус: яно двойчы станавілася месцам правядзення цырымоніі інаўгурацыі кіраўніка дзяржавы — у 2015 і 2020 гадах. А яшчэ ў Зале ўрачыстых цырымоній укаранілася традыцыя правядзення навагодніх баляў, што з’явілася адначасова са стварэннем Палаца. Тут жа гасцей з задавальненнем знаёмяць з гісторыяй будаўніцтва маштабнага праекта. Будынак удала ўпісаўся ў па-сапраўднаму патрыятычны квартал сталіцы: па суседстве знаходзяцца плошча Дзяржаўнага флага, Парк Перамогі, музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і стэла «Мінск — горад-герой». Масу станоўчых эмоцый атрымаў ад экскурсіі начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Раман КУЗНЯЦОЎ, адзначаючы фантастычную энергетыку палаца і важнасць такіх экскурсій: «Сучаснасць паказала, што наша дзяржаўнасць, незалежнасць і талерантны народ — гэта сёння самае галоўнае. І наша задача — захаваць іх для будучых пакаленняў, як мага больш пакінуць пасля сябе інфармацыі, ідэй, каб у далейшым не толькі расказваць, але і ўвасабляць іх у жыццё».

IMG_20251023_155856.jpg

Праца беларускіх майстроў, рукамі якіх з айчынных матэрыялаў зроблены палац, і сёння выклікае асаблівае захапленне ў наведвальнікаў: «Мяне ўразілі дэталі, пра якія нам расказалі на экскурсіі. Напрыклад, аказваецца, тая самая „нармандская чацвёрка“ засядала ў пакоі, які да таго часу зусім не выкарыстоўваўся. А сядзелі кіраўнікі дзяржаў, дарэчы, у крэслах беларускай вытворчасці, якія прыехалі ў Палац з Маладзечна, — дзеліцца толькі што пачутым Наталля ПШАНІЧНАЯ, дырэктар сярэдняй школы № 226 г. Мінска. — Вось гэта і ёсць сапраўдная гісторыя, прычым паказаная не буйнымі мазкамі, а дробнымі дэталямі, якія дазваляюць адчуць сябе да яе датычным».

IMG_20251023_162339.jpg

«Я ў палацы раней не была, але заўсёды марыла сюды трапіць. Ён уражвае нават калі проста глядзіш на яго па тэлевізары, а калі падыходзіш да будынка — проста сэрца замірае ад гонару, — падзялілася ўражаннямі дырэктар гімназіі № 50 г. Мінска Лола ПАХОМАВА. — Рада, што мне сёння далі магчымасць асабіста ўбачыць адзін з сімвалаў беларускай дзяржаўнасці. З першых жа хвілін адчуваецца, як беражліва тут ахоўваецца гісторыя нашай краіны». 

Ад’язджаюць наведвальнікі з яркімі ўражаннямі, якімі яшчэ доўга будуць дзяліцца з роднымі і калегамі. Кожны пакідае сцены палаца з добрым настроем і новымі сіламі для працы дзеля росквіту сваёй Радзімы. 

IMG_20251023_162510.jpg

Аміна НАЗАРАВА

Фота аўтара

Чытайце таксама: У Палацы Незалежнасці адкрылася выстаўка маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю