Top.Mail.Ru

Членамі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў з'яўляюцца сёння амаль 60 працэнтаў пенсіянераў краіны

Жывая сувязь пакаленняў

Сёння Беларусь актыўна развіваецца, годна пазіцыянуе сябе сярод іншых дзяржаў, упэўнена глядзіць у будучыню. І ўсё гэта — дзякуючы адказнай стваральнай працы ўсіх слаёў грамадства дзеля росквіту Айчыны. Сваю адметную ролю іграе ў гэтым і ветэранская арганізацыя краіны, упэўнены дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Іван ГАРДЗЕЙЧЫК. Пра гэта мы і гаварылі з Іванам Аркадзьевічам напярэдадні Дня пажылых людзей.

Гады не перашкода

Так, сілы прадстаўнікоў старэйшага пакалення непараўнальныя з магчымасцямі моладзі і людзей сярэдняга ўзросту. Але ў імкненні заставацца ў страі, быць у гушчы падзей, рабіць карысныя справы ім не адмовіш. Такіх людзей, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй і невычэрпнай энергіяй, з устойлівымі традыцыямі, якія не дазваляюць ім заставацца ў баку ад агульных спраў і грамадскай жыцця, і аб’ядноўваюць ветэранскія арганізацыі.

Сёння членамі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў з’яўляецца 57,4 працэнта пенсіянераў нашай краіны, або аж 13 працэнтаў яе насельніцтва, прыводзіць лічбы Іван Гардзейчык. Адсюль і шырокае кола інтарэсаў арганізацыі. Напрыклад, члены БГАВ бяруць удзел у мерапрыемствах органаў дзяржаўнай улады, накіраваных

на паляпшэнне жыцця народа, павышэнне аўтарытэту рэспублікі, умацаванне міру і бяспекі ў дзяржаве. Тыя, хто лепш за іншых ведаюць цану міру, робяць усё, каб ён быў трывалым:

— Большасць задач, што мы вырашаем, характарызуецца высокай аддачай з прычыны таго, што праводзіцца ва ўзаемадзеянні ветэранскіх арганізацый з кіраўніцтвам рэгіёнаў, пры актыўным удзеле і дапамозе апошніх у іх рэалізацыі, — падкрэсліў Іван Аркадзьевіч. — Гэта цэлая сістэма дыялогу, якая дапамагае вырашаць рэальныя праблемы людзей і выбудоўваць прадуманую сацыяльную палітыку, аб’ядноўваць рэсурсы ветэранскіх арганізацый і рэсурсы ўлады, якая валодае інструментамі для вырашэння надзённых праблем сённяшняга дня.

Асобны кірунак — духоўна-маральнае выхаванне. Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў вядзе яго пастаянна, абапіраючыся на культурныя і духоўныя традыцыі нашага народа. Старшыня ветэранскай арганізацыі адзначае:

— Паколькі гэтая работа няпростая, займаемся ёю не толькі самі, але і прыцягваем максімальную колькасць грамадзян, працуючы з імі падчас розных мерапрыемстваў. Таксама клапоцімся аб стварэнні большай колькасці пярвічных ветэранскіх арганізацый, з прыцягненнем да работы ў іх максімуму членаў гэтых самых «пярвічак». Сярод напрамкаў гэтай работы — рэалізацыя нацыянальных стратэгій дзяржавы.

Магчымасць быць пачутымі

Але і гэта яшчэ не ўсё. Ветэранскія арганізацыі ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны: вылучаюць сваіх прадстаўнікоў у парламент, мясцовыя саветы, працуюць 

у выбарчых камісіях.

— На сённяшні дзень наша аб’яднанне прадстаўлена ў Савеце Рэспублікі, Палаце прадстаўнікоў і мясцовых саветах усіх узроўняў, — адзначыў Іван Гардзейчык. — Гэта магчымасць нам актыўна ўплываць на станоўчае вырашэнне тых ці іншых пытанняў.

Быць пачутымі дазваляе і ўдзел ва Усебеларускім народным сходзе. Пасля надання УНС канстытуцыйнага статусу найвышэйшай формы народаўладдзя ад ветэранскай арганізацыі было выбрана 80 дэлегатаў. Перад кожным пасяджэннем сходу яны абмяркоўваюць вынесеныя на парадак дня пытанні на прадпрыемствах, у навучальных установах, па месцах жыхарства. І, канешне, уносяць канкрэтныя прапановы, накіраваныя не толькі на паляпшэнне жыцця старэйшага пакалення, але і на стратэгічнае развіццё дзяржавы ўвогуле.

— Павышаць значнасць нашай работы, умацоўваць пазіцыі ветэранскага руху ў грамадска-палітычным жыцці краіны — гэта залог таго, што ветэранскі грамадскі рух здольны выконваць задачы, важныя для дзяржавы. Ветэраны заўсёды актыўныя ў падрыхтоўцы і правядзенні рэферэндумаў, сходаў і апытанняў, якія вызначаюць кірунак развіцця краіны і асобных рэгіёнаў. Намаганні звычайна засяроджваем на інфармацыйнай і тлумачальнай рабоце, — расказаў Іван Гардзейчык. — Патэнцыялі вопыт старэйшага пакалення таксама задзейнічаныя ў распрацоўцы нарматыўных актаў і дзяржаўных праграм, тлумачэнні грамадзянам сутнасці пытанняў, якія выносяцца на абмеркаванне, іх значнасці.

За праўду гісторыі, за душы маладых людзей

Але, як адзначыў старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, найважнейшая для ветэранскіх арганізацый — работа з моладдзю:

— Мы зыходзім з таго, што ветэраны — гэта жывая сувязь паміж пакаленнямі. Іх прыклад служэння краіне заразлівы, натхняе на добрыя справы, фарміруе імкненне паўтарыць і ўдасканаліць зробленае імі. Таму старэйшае пакаленне і закладзеныя імі традыцыі — гэта асноўныя фактары для патрыятычнага выхавання моладзі, — падкрэсліў Іван Гардзейчык. — Бо сёння за праўду гісторыі і за душы маладых людзей трэба змагацца, над захаваннем гістарычнай памяці трэба працаваць, успамінамі аб мінулых падзеях трэба дзяліцца.

Але і сучасны свет, на жаль, далёкі ад ідэалу: супрацьстаянні дзяржаў, узброеныя канфлікты і нават войны, вынікам якіх, як гэта было заўсёды, становяцца маштабныя разбурэнні і чалавечыя ахвяры. Таму намаганні па супрацьдзеянні ідэалогіі фашызму і фальсіфікацыі гісторыі, патрыятычнаму выхаванню мас заўсёды будуць у цэнтры ўвагі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, падкрэсліў Іван Гардзейчык:

— У тым ліку мы актыўныя ў падтрыманні ў належным стане помнікаў ваеннай славы, месцаў пахавання абаронцаў Айчыны, устанаўленні імёнаў невядомых, якія аддалі жыццё за наш сённяшні шчаслівы дзень, лёсаў зніклых без вестак і ўвекавечанні іх памяці. Урокі мінулых і цяперашніх супрацьстаянняў павінны быць вывучаныя на памяць.

Іван Гардзейчык упэўнены: ветэранам ёсць што сказаць, ёсць што параіць сучаснаму і наступнаму пакаленням. І яны робяць гэта, заўсёды звяртаючыся да юнацтва — і не толькі — з пажаданнем: ісці дарогай дабра, працягваць традыцыі і памкненні, якімі яны самі кіраваліся ў жыцці.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю