Сіла закону і адзінства пакаленняў
Нясвіж пераняў эстафету ўрачыстага мерапрыемства «Час выбраў нас», прымеркаванага да 30-годдзя Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яно аб’ядноўвае членаў Савета Рэспублікі ўсіх скліканняў ад кожнага рэгіёна — тых, хто ў розныя гады стаяў каля вытокаў станаўлення айчыннага парламентарызму. Гэтым разам у Нясвіжскім палацы віталі сенатараў Міншчыны.

Вітаючы прысутных, Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падкрэсліла, што парламентарыі працавалі ўсе гэтыя 30 гадоў над стварэннем прававога фундамента нашай краіны.
— Чалавек, які калісьці працаваў у Савеце Рэспублікі, назаўжды застанецца патрыётам сваёй краіны, — адзначыла яна.
Таксама Наталля Качанава дадала, што ў Савеце Рэспублікі працуюць у асноўным не на прафесійнай аснове.
— Парламентарыі, як правіла, працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, навучальных установах, установах аховы здароўя і інш. Але апроч гэтага яны выконваюць дзяржаўны абавязак, працуючы над законапраектамі, з людзьмі, прымаючы важныя рашэнні на месцах і аказваючы садзейнічанне мясцовым органам улады, — адзначыла яна.


Старшыня Савета Рэспублікі ўспомніла аб гадах сумеснай работы і дружбы з выдатным дзяржаўным дзеячам Мікалаем Дамашкевічам.
— Мне пашчасціла пазнаёміцца з Мікалаем Фёдаравічам, калі ён працаваў памочнікам Прэзідэнта па Віцебскай вобласці, а я ўзначальвала Наваполацкі гарвыканкам. Гэта быў глыбокі, прынцыповы і моцны чалавек, які словам і справай рабіў усё дзеля таго, каб краіна ішла наперад і развівалася. Для мяне ён стаў сапраўдным настаўнікам, — падзялілася яна. — Мікалай Фёдаравіч ніколі не баяўся казаць праўду і заўсёды займаў сумленную пазіцыю. А быць сумленным у адносінах да сябе і да свайго народа — гэта тое, чаго ад усіх нас заўсёды патрабуе Прэзідэнт.

Таксама сваімі ўспамінамі падзяліўся і член Савета Рэспублікі першага склікання Пётр Пётух.
— Час быў складаны, але залаты. Мы былі маладыя, кіпела энергія. Хацелася ствараць і ствараць, — адзначыў ён. — Калі з’явіўся двухпалатны парламент, мне выпаў гонар працаваць у ім. Мы ўдзельнічалі ў распрацоўцы многіх законаў. Яны прымаюцца і карэкціруюцца пад умовы, у якіх мы пражываем. Мы да гэтага ставіліся з разуменнем. Вучыліся на прыкладах сусветнай практыкі. І мазгавыя атакі праводзілі, і творча падыходзілі. Праводзілі інтэграцыйныя мерапрыемствы, наладжвалі сувязі з парламентамі іншых краін.


Таксама Пётр Пётух дадаў, што «Час выбраў нас» — гэта выслоўе людзей, якія любяць сваю Радзіму, свой народ і ўдзельнічаюць у кіпучым жыцці краіны.
У сваю чаргу старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што Беларусь у сучасным фармаце прайшла няпросты шлях станаўлення і развіцця.
— На кожным этапе неабходна было працаваць з людзьмі і прымаць актуальныя законапраекты, якія б адпавядалі выклікам часу і садзейнічалі выкананню галоўнай задачы — пабудове сацыяльна-арыентаванай дзяржавы. Дзякуючы Прэзідэнту і сумеснай рабоце органаў выканаўчай і заканадаўчай улады краіна дабілася высокіх вынікаў, — заключыў ён.

Юбілей парламента — гэта не толькі даніна гісторыі, але і работа на месцах. Таму ў рабочую праграму акрамя падвядзення вынікаў заканатворчага шляху ўвайшло знаёмства з сацыяльнай інфраструктурай Нясвіжа. Старшыня Савета Рэспублікі ацаніла ўмовы для жыцця жыхароў рэгіёна, развіццё гарадскога асяроддзя і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны.

Лізавета ГОЛАД
Фота аўтара