У Іванаўскім раёне ўпершыню ў сваёй гісторыі намалацілі 100 тыс. т збожжа. Пра гэта паведаміў БЕЛТА старшыня Іванаўскага райвыканкама Анатоль Ткачук.
Знакавы рубеж пераадолены напапярэдні. На раніцу 11 жніўня гаспадаркі Іванаўскага раёна намалацілі амаль 102 тыс. т збожжа. Аграрыі ўбралі 91,1% плошчаў збожжавых і зернебабовых культур, ім засталося абмалаціць менш за 2 тыс. га.
«Думаю, канчаткова ў нас будзе ў раёне 108 тыс. т збожжа пры ўраджайнасці 50 ц/га. Гэта значна больш, чым у мінулым годзе. Практычна ўсе гаспадаркі павялічылі як валавыя паказчыкі, так і ўраджайнасць. Вядома, вельмі моцна перажывалі вясной. Працавалі сур’ёзна з мінеральнымі ўгнаеннямі, са сродкамі абароны. Уборка праходзіць у сціснутыя тэрміны, з добрай якасцю. Усе гэтыя складнікі далі выдатны вынік для Іванаўскага раёна. У нас невялікі раён, і мець такія лічбы прыемна і ганарова», — падкрэсліў Анатоль Ткачук. Летась было сабрана 84,5 тыс. т пры ўраджайнасці 37,5 ц/га.
У Іванаўскім раёне налічваецца 12 гаспадарак. Восем з іх з гектара хлебнай нівы ў сярэднім атрымліваюць больш за 50 цэнтнераў, у астатніх — звыш 40 ц/га. У распараджэнні працаўнікоў вёскі 94 збожжаўборачныя камбайны. Анатоль Ткачук дадаў, што атрыманы нядрэнны ўраджай рапсу: 17 тыс. т пры ўраджайнасці 30 ц/га (адзін з найлепшых вынікаў у Брэсцкай вобласці).
Падчас жніва не спыняюцца і іншыя работы ў палях. Так, працягваецца нарыхтоўка кармоў. «У нас стаіць вельмі добры ўраджай кукурузы: 5 тыс. га будзе ўбірацца на зерне, а 13 тыс. га — на сілас. Плюс пачалі сяўбу азімага рапсу. Пасеяны першыя 100 га. План, як і ў мінулым годзе, — 5,5 тыс. га. Упэўнены, што ў агратэхнічныя тэрміны гэтую задачу выканаем», — дадаў кіраўнік Іванаўскага райвыканкама.
У Брэсцкай вобласці ўжо чатыры раёны намалацілі больш за 100 тыс. т збожжа: Пружанскі, Камянецкі, Баранавіцкі і Іванаўскі.