У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ад Беларусі ўключана чатыры матэрыяльныя аб’екты і сем нематэрыяльных. У 2027 годзе чакаецца абарона чарговага беларускага элемента — «Культура беларускай дуды», паведамілі БелТА ў Міністэрстве культуры.
У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў 1992 годзе ўключана Белавежская пушча (помнік прыроды), у 2000 годзе — Замкавы комплекс «Мір» (гарадскі пасёлак Мір Карэліцкага раёна), а ў 2005 годзе — архітэктурна-культурны комплекс рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы і геадэзічная Дуга Струвэ (Брэсцкая і Гродзенская вобласці).
У папярэдні Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ўключаны Аўгустоўскі канал, Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, культавыя збудаванні абароннага тыпу, драўляныя цэрквы Палесся.
Элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія былі паспяхова абаронены Беларуссю для ўключэння ў спіс ЮНЕСКА, некалькі больш. У 2009 годзе ўключаны святочны калядны абрад «Калядныя цары» (вёска Семежава Капыльскага раёна), у 2018 годзе — «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай» (Будслаўскі фэст, аг. Будслаў Мядзельскага раёна), у 2019 годзе — вясновы абрад «Юр’еўскі карагод» (вёска Пагост Жыткавіцкага раёна). У наступным, 2020 годзе спіс папоўніўся элементам «Культура ляснога бортніцтва», у 2022 годзе — «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні», у 2024 годзе — «Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі».
- Сёлета 9 снежня міжурадавы Камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (ЮНЕСКА) падчас 20-й сесіі ў Нью-Дэлі прыняў рашэнне аб уключэнні элемента «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці», які мае патрэбу ў тэрміновай ахове ЮНЕСКА, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Такім чынам, колькасць беларускіх элементаў у спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА дасягнула сямі.
У чэрвені 2024 года Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» трапіў у папярэдні спіс ЮНЕСКА ў рамках расійска-беларускай транснацыянальнай намінацыі «Мемарыялы героям Вялікай Айчыннай вайны: Брэсцкая крэпасць і Мамаеў курган».
У ходзе 43-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая праходзіла ў лістападзе гэтага года ў горадзе Самаркандзе (Узбекістан), адбылося пасяджэнне камісіі па культуры, у якім прыняла ўдзел начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская. На пасяджэнні камісіі разгледжаны праект бюджэту на 2026—2029 гады, а таксама пытанне перайменавання Міжнароднага тыдня адукацыі ў галіне мастацтваў у Тыдзень адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў ЮНЕСКА. Заслуханы даклады аб дзейнасці міжурадавых камітэтаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны і па ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Прынята рашэнне аб абвяшчэнні Міжнароднага дня падводнай культурнай спадчыны — штогод 21 жніўня.
У 2027 годзе на пасяджэнні Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны плануецца абарона беларускага элемента «Культура беларускай дуды».