Top.Mail.Ru

Час піць смузі!

Жнівень у нашых шыротах — самы «вітамінны» месяц. Разнастаіць меню, адладзіць страваванне і прывесці фігуру ў норму дапамогуць смузі.



Сваім нараджэннем гэты густы напой са здробненай садавіны, агародніны, ягад і зеляніны абавязаны вынаходству блэндара. Адбылося гэта ў 1930-х, а пік папулярнасці смузі перажылі ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х, калі цалкам аформілася мода на здаровы лад жыцця. Да гэтага часу пра карысць смузі спрачаюцца дыетолагі. Але сыходзяцца яны ў адным: зніжаць вагу з дапамогай смузі-дыеты не варта, а вось час ад часу замяняць такім кактэйлем адзін прыём ежы — добра і правільна. Да таго ж смузі — гэта проста смачна!

Самыя карысныя

Найбольшую карысць арганізму прынясуць смузі з высокім утрыманнем клятчаткі (з ягад з костачкамі, напрыклад, малін, клубніц, суніц, чорных, белых і чырвоных парэчак, з дадаваннем зеляніны — сельдэрэю, шпінату, пятрушкі і г. д.). А вось цукру ў кактэйлі павінна быць паменш. Садавіна, якая змяшчае шмат глюкозы, фруктозы, цукрозы (напрыклад, экзатычныя бананы ды манга або «родныя» салодкія сарты яблыкаў-груш) — не лепшы варыянт, калі вы вырашылі скарэкціраваць вагу. І зусім не варта дадаваць у вітамінны кактэйль арэхі, кукурузныя шматкі, мюслі, вяршкі, смятану, шакаладны сіроп або, барані бог, згушчонку: у выніку мы атрымаем гіганцкую колькасць калорый.

Пры разумным падыходзе смузі пачысціць страўнікава-кішачны тракт, аздаровіць мікрафлору кішэчніка, падтрымае імунітэт і паставіць у арганізм антыаксіданты, што падаўжаюць маладосць. Дыетолагі раяць замяняць смузі адзін прыём ежы: у дзень лепш спажываць не больш за 300 мл напою. У адваротным выпадку (калі ім замяняць сняданак, абед і вячэру на працягу некалькіх дзён) кішэчнік пачне горш засвойваць пажыўныя рэчывы. 

А калі выпіць кактэйль пасля шчыльнага абеду — не пазбегнуць пачуцця перанасычэння, так што ўжываем напой асобна, як самастойны «дэсерт».

Каму не трэба

Ёсць у смузі і супрацьпаказанні: алергія на інгрэдыенты, цукровы дыябет 1-га і 2-га тыпаў (высокі глікемічны індэкс напою), захворванні печані, нырак і язва страўніка. Небяспечны кактэйль і для зубной эмалі па прычыне фруктовых кіслот, так што лепш піць яго праз трубачку.

Здароўе ў кубку

Здрабняем свежую агародніну, садавіну, ягады: па кансістэнцыі смузі нагадвае пітны ёгурт. Калі напой занадта густы, разводзім яго кіпячонай вадой пакаёвай тэмпературы. Можна дадаць кісламалочны прадукт — кефір, ёгурт, сыроватку. Акцэнт кактэйлю нададуць ільняное семя, корань імбіру, карыца, ваніль, мята, кардамон. Сярэдняя каларыйнасць напою — 160 ккал у 100 грамах.

Рэцэпты

Для прыгожай зіхатлівай скуры

  • Клубніцы + апельсін + імбір + банан

Для колеру твару

  • Клубніцы + буракі + лімон

Для ачышчэння арганізма

  • Банан + шпінат + лімон

Для нармалізацыі стрававання

  • Яблык + сельдэрэй + апельсін

Для «спальвання» тлушчу на жываце

  • Грэчаскі ёгурт + маліны + банан (палова невялікага)
  • Чарніцы + невялікі авакада + насенне чыа
  • Банан (палова невялікага) + морква + карыца + насенне чыа

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю