Top.Mail.Ru

Чароўны ліхтар, заграскоп, люстраныя гравюры. У Мірскім замку адкрыюць выставу гістарычных забаў

У музеі «Замкавы комплекс «Мір» 31 кастрычніка адкрыецца ўнікальная выстава «Час гуляць! Забавы мінулых стагоддзяў». Пра гэта паведаміла БелТА.


Больш за 100 арыгінальных прадметаў з розных эпох пакажуць, як праводзілі вольны час нашы продкі. «Выстава, якая будзе працаваць да 31 жніўня 2026 года, цалкам прысвечана гісторыі забаў. У экспазіцыі прадстаўлены шахматныя сталы, настольныя гульні, прылады да іх і іншыя забавы другой паловы XVIII — першай чвэрці XX стагоддзя», — расказалі ў музеі.

Сярод экспанатаў не толькі класічныя шахматы і шашкі, але і забытыя сёння гульні «Аблога», «Хальма», «Сальта». Асаблівую цікавасць выклічуць рарытэты. Напрыклад, чароўны ліхтар — папулярная форма забавы і навучання ў Еўропе XVIII стагоддзя, заграскоп для павелічэння малюнкаў, а таксама гравюры другой паловы XVIII стагоддзя, якія друкаваліся ў люстраным адлюстраванні.

Асобны раздзел выставы прысвечаны папяровым тэатрам, якія былі неад’емнай часткай хатняга вольнага часу еўрапейскага сярэдняга класа XIX стагоддзя.

Інтэрактыўная частка экспазіцыі «Салон гістарычных гульняў» дазволіць гасцям не толькі ўбачыць, але і апрабаваць старадаўнія забавы. У наведвальнікаў будзе ўнікальная магчымасць згуляць у «Гуся», «Алькерк», «Трышак», «Баккара» і «Тру Мадам».

«Гульні і забавы — неад’емная частка нашай культуры. Гэты праект наглядна дэманструе сувязь паміж пакаленнямі, паказваючы, як на працягу стагоддзяў людзі праводзілі час разам, якія тэмы іх хвалявалі і якія навыкі яны развівалі праз гульню», — адзначылі арганізатары.


Падарожжа па свеце старадаўніх забаў лёгка здзейсніць самастойна: у кожнага экспаната будзе этыкетка з падрабязным расповедам пра яго гісторыю.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю