Top.Mail.Ru

Чарговымі гасцямі Палаца Незалежнасці сталі супрацоўнікі кандытарскіх фабрык «Слодыч», «Камунарка» і кампаніі «ААБ Лізінг»

«Убачанае пераўзышло чаканні!»

На працягу больш як дзвюх гадзін супрацоўнікі прадпрыемстваў знаёміліся з інтэр’ерамі Палаца, рабочымі заламі, у якім Прэзідэнт праводзіць важныя сустрэчы, і іншымі старонкамі найноўшай гісторыі Беларусі. Чым запомнілася наведвальнікам экскурсія, даведалася карэспандэнт «Звязды».

Убачыць знакавыя памяшканні, у якіх кожны дзень прымаюцца лёсавызначальныя для краіны рашэнні, змаглі больш за 120 чалавек — Палац Незалежнасці ў каторы раз адчыніў дзверы для вялікай групы супрацоўнікаў сталічных прадпрыемстваў. 

У 2024 годзе ТАА «ААБ Лізінг», якое аказвае паслугі як для юрыдычных, так і для фізічных асоб не толькі ў краіне, але і за межамі Беларусі, уваходзіць у склад банкаўскага холдынгу «ААБ Беларусбанк», споўнілася 20 гадоў. А кандытарская фабрыка «Камунарка» у чэрвені гэтага года адсвяткавала 120-гадовы юбілей. Легендарнае прадпрыемства стабільна прадстаўляе любімыя многімі ласункі, як, дарэчы, і фабрыка «Слодыч» — сёлета Івянецкаму філіялу прадпрыемства споўнілася 70 гадоў. Па словах Жанны Харлап, работніцы фабрыкі, наведванне Палаца Незалежнасці стала сапраўдным падарункам для ўсяго яго калектыву і для яе самой у прыватнасці. Рэальнасць, прызнаецца яна, перавысіла чаканні: 

— Я часта бачыла Палац па тэлевізары, таму заўсёды марыла трапіць сюды. Калі прапанавалі такую магчымасць, сказала: хоць пешшу, але пайду абавязкова, — расчулена распавяла жанчына. — Эмоцыі перапаўняюць, уражвае ўсё: пабудова, яе веліч, атмасфера. Мы з калегамі пастараліся выглядаць годна, каб адпавядаць месцу. Перад пачаткам экскурсіі паглядзелі карціны, падарункі ад паслоў, караваі — гэта і не толькі даўно хацелася ўбачыць на свае вочы.

Сваім меркаваннем аб важнасці падобных экскурсій для працоўнага калектыву падзялілася афарміцель гатовай прадукцыі фабрыкі «Камунарка» Яна Цішэвіч: «Кожнаму грамадзяніну важна ведаць гісторыю сваёй краіны, ведаць, як тыя ці іншыя падзеі адбываліся на самай справе. А Палац незалежнасці — менавіта тое месца, дзе яны адбываліся, дзе пісалася гісторыя сучаснай Беларусі, вяліся важныя для дзяржавы перагаворы. Выдатна пабываць у такім знакавым месцы. Думаю, нас уразяць вельмі многія залы, таму што кожны з іх па-свойму значны».

  • Першы прыпынак — Зала ўрачыстых цырымоній — робіць наймацнейшае ўражанне ўжо з першых хвілін. Менавіта тут адбываюцца афіцыйныя сустрэчы Прэзідэнта з замежнымі дэлегацыямі, уручаюцца некаторыя дзяржаўныя ўзнагароды, ладзяцца афіцыйныя мерапрыемствы. Нядзіўна, што госці не прапускаюць магчымасць зрабіць памятныя здымкі — атмасфера і праўда схіляе, каб захаваць момант на фота:

«Нам і на эскурсіі распавялі, і самім складана было не заўважыць, наколькі трапятліва архітэктары і дызайнеры інтэ’ераў, якія працавалі над Палацам Незалежнасці, паставіліся да беларускай культуры, — падкрэсліла інжынер па падрыхтоўцы кадраў кандытарскай фабрыкі „Камунарка“ Анастасія Палтарак. — Усе гэтыя арнаменты, матывы, дробныя дэталі, якія былі ўведзеныя ў афармленне зал... Вельмі цікава іх разглядаць — настолькі адухоўленае, з беларускім каларытам народных узораў па выніку выйшла афармленне».

Уразіў багаццем і разнастайнасцю гасцей Палаца і Музей падарункаў — завяршальная зала наведвання:

— Немагчыма не адчуваць сапраўднае захапленне ад таго, што ў Рэспубліцы Беларусь ёсць такое месца. І галоўнае — ёсць магчымасць яго наведаць. Асабліва зацікавіла Зялёная зала, гісторыя з «нармандскай чацвёркай». Але, шчыра кажучы, здзіўляе абсалютна ўсё. Рабочы кабінет Прэзідэнта, зала, дзе праходзяць прэс-канферэнцыі... Велізарная падзяка нашым людзям, тым беларусам, якія стварылі гэтую прыгажосць: мастакам, дызайнерам, рабочым, будаўнікам. Невымоўны гонар бярэ за іх працу, — падвяла вынік Аксана Блізнюк, генеральны дырэктар кандытарскай фабрыкі «Слодыч».

Экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пачалі ладзіць 10 гадоў таму. За гэты час сімвал беларускай дзяржаўнасці паспелі наведаць дзясяткі тысяч чалавек. Некаторыя з іх — нават не адзін раз: спачатку з працоўным калектывам, а потым — самастойна або з сем’ямі. У адведзены час такая магчымасць ёсць у кожнага, і, як адзначаюць арганізатары экскурсій, попыт на іх стабільна высокі.

Аміна Назарава

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю