Навагоднія святы прайшлі, цуды скончыліся, і засталіся толькі рабочыя будні з цяжкімі прабуджэннямі і пастаяннай дрымотнасцю. Як змагацца з зімовай хандрой? Прафесійнымі назіраннямі і рэкамендацыямі падзяліўся ўрач-неўролаг Уладзіслаў СТОРЧАК.
— Чаму менавіта ў зімовы перыяд назіраецца павелічэнне выпадкаў трывожных і дэпрэсіўных станаў? Якія асноўныя прычыны гэтай з’явы?
— Сапраўды, назіраецца выразная сезонная тэндэнцыя: у зімовыя месяцы ў многіх пацыентаў адбываюцца абвастрэнні трывожных расстройстваў і дэпрэсіі. Асноўныя прычыны гэтага розныя і звязаны як з біялагічнымі, так і з псіхалагічнымі фактарамі.
Першае — зніжэнне ўзроўню натуральнага асвятлення. У зімовыя месяцы светлавы дзень значна памяншаецца, а гэта ўплывае на выпрацоўку сератаніну — нейрамедыятара, які адказвае за настрой і адчуванне дабрабыту. Недахоп сонечнага святла прыводзіць да зніжэння сінтэзу вітаміну D, які таксама ўдзельнічае ў рэгуляцыі настрою.
Другое — змена рэжыму дня і ладу жыцця. У халодную пару года многія праводзяць больш часу ў памяшканні, што спрыяе абмежаванню фізічнай актыўнасці. Ізаляцыя і зніжэнне сацыяльных узаемадзеянняў могуць узмацняць пачуццё адзіноты і трывожнасці.
Трэцяе — кліматычныя ўмовы і асаблівасці надвор’я. Метэазалежнасць — з’ява, калі змена надвор’я ўплывае на стан нервовай сістэмы. Зімой часта адбываюцца скачкі атмасфернага ціску, што можа выклікаць галаўныя болі, павялічваць узровень трывожнасці.
І, нарэшце, чацвёртае — індывідуальныя асаблівасці кожнага чалавека, яго спадчыннасць і схільнасць да псіхічных расстройстваў.
— Якія сімптомы паказваюць на тое, што ў чалавека развіваецца дэпрэсія ці трывожны стан? Як адрозніць звычайную зімовую хандру ад больш сур’ёзных расстройстваў?
— Гэта важнае пытанне, таму што многія ўспрымаюць зніжэнне настрою зімой як часовае і не звяртаюцца да спецыялістаў. Паміж звычайным сезонным расстройствам і клінічнай дэпрэсіяй — тонкая мяжа, і важна ўмець распазнаць прыкметы. Агульныя сімптомы дэпрэсіі ўключаюць пастаяннае пачуццё стомленасці, зніжэнне энергіі, жаданне спаць больш чым звычайна; страту цікавасці да звыклых заняткаў, апатыю; змену апетыту, асабліва жаданне ўжываць салодкае і вугляводы, што можа прыводзіць да набору вагі; пачуццё безнадзейнасці, прыгнечанасці, зніжэнне самаацэнкі; цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, пагаршэнне памяці.
У некаторых выпадках з’яўляюцца суіцыдальныя думкі або пачуццё бязвыхаднасці.
А вось трывожныя расстройствы праяўляюцца праз пастаяннае пачуццё трывогі, страху без відавочных прычын; парушэнні сну — цяжкасці з засынаннем або частае прабуджэнне; сярод фізічных сімптомаў — сэрцабіцце, патлівасць, мышачнае напружанне.
Адрозненне сезоннай дэпрэсіі ў тым, што сімптомы доўжацца працяглы час (больш за два тыдні) і іх інтэнсіўнасць замінае ў паўсядзённым жыцці. У выпадку калі чалавек заўважае ў сябе прыкметы, якія пагаршаюцца ў зімовы перыяд і прыводзяць да дэзадаптацыі, неабходна звярнуцца да спецыяліста.
— Якія механізмы ляжаць у аснове сезонных змен настрою з пункту гледжання неўралогіі?
— На нейранальным узроўні за сезонныя змены адказваюць некалькі фактараў. Асноўны — гэта дысбаланс у рабоце сератанінергічнай сістэмы. Ва ўмовах недахопу сонечнага святла змяншаецца сінтэз сератаніну, што вядзе да пагаршэння настрою. Гэта тлумачыць, чаму ў зімовыя месяцы шмат хто адчувае сябе прыгнечанымі ці апатычнымі.
Таксама важную ролю адыгрывае мелатанін — гармон, які рэгулюе цыркадныя рытмы. У цёмны час года яго ўзровень павышаецца, што выклікае дрымотнасць і зніжэнне энергіі. Працяглы павышаны ўзровень мелатаніну можа спрыяць развіццю сімптомаў дэпрэсіі. Да таго ж зніжэнне вітаміну D уплывае на работу нервовай сістэмы, а яго дэфіцыт асацыіраваны з павышанай рызыкай дэпрэсіі.
Некаторыя даследаванні паказваюць, што ў людзей са схільнасцю да сезонных афектыўных расстройстваў змены ў нейрахіміі больш выяўленыя, у іх ёсць генетычная схільнасць да дысбалансаў ў сератанінергічнай і дафамінергічнай сістэмах.
— Што парэкамендуеце пры дрэнным настроі і дэпрэсіі ў зімовы перыяд?
— Найперш важна выконваць рэжым дня і імкнуцца максімальна выкарыстоўваць дзённае святло. Для гэтага рэкамендуецца па магчымасці праводзіць час на свежым паветры ў сонечныя дні, можна прымяняць спецыяльныя светлавыя лямпы, якія імітуюць натуральнае сонечнае святло, асабліва ў ранішнія гадзіны. Акрамя таго, важна рэгулярна займацца фізічнай актыўнасцю. Нават кароткая прагулка на вуліцы дапамагае палепшыць настрой і павысіць узровень сератаніну.
Неабходна сачыць за рэжымам сну: класціся і ўставаць у адзін і той жа час, пазбягаць перагрузак і празмернага ўжывання кафеіну. Таксама рэкамендуецца правільна харчавацца, уключаючы ў рацыён прадукты, багатыя на вітамін D, амега-3 тлустыя кіслоты і іншыя карысныя нутрыенты. Важна не забываць аб сацыяльнай актыўнасці: зносінах з блізкімі, удзеле ў групавых мерапрыемствах або хобі. Можна выкарыстоўваць тэхнікі рэлаксацыі: дыхальныя практыкаванні, медытацыю, ёгу.
Пры наяўнасці трывожных сімптомаў не трэба саромецца звяртацца па дапамогу да спецыяліста. У некаторых выпадках можа спатрэбіцца кароткатэрміновая медыкаментозная тэрапія ці псіхатэрапія.
— Якія памылкі, звязаныя з псіхаэмацыянальным станам, мы робім зімой?
— Многія памылкова лічаць, што зніжэнне настрою — гэта проста часовая з’ява, і адкладваюць зварот да спецыяліста. Гэта можа прывесці да прагрэсіравання стану. Яшчэ адна распаўсюджаная памылка — злоўжыванне алкаголем або наркотыкамі ў спробе «падняць настрой». Гэта толькі пагаршае праблему.
Людзі таксама часта грэбуюць фізічнай актыўнасцю і правільным харчаваннем, што негатыўна адбіваецца на агульным стане нервовай сістэмы. Некаторыя ігнаруюць неабходнасць святлолячэння або недастаткова часу праводзяць на вуліцы, і гэта прыводзіць да дэфіцыту сонечнага святла.
Важна памятаць, што прафілактыка і своечасовы зварот па дапамогу — залог паспяховага пераадолення сезонных цяжкасцяў.
Алена КРАВЕЦ