Top.Mail.Ru
1162

Чаму жыхары Хойніцкага раёна шмат гадоў не атрымліваюць грамадзянства?

«У сям'і ёсць шэраг застарэлых праблем з афармленнем дакументаў»

Гісторыя шматдзетнай маці з Хойнікаў і яе сям’і стала публічнай некалькі тыдняў таму. Жыхарка раёна Яўгенія Гуцуцуй у сацыяльнай сетцы апублікавала відэазвароты да кіраўніцтва нашай краіны аб дапамозе ў крытычнай сітуацыі. Гаворка пра цяжкі стан здароўя яе маці — Алены Панцялееўны, якой з-за адсутнасці беларускага грамадзянства меддапамога аказваецца на платнай аснове, а для сям’і гэта не па сілах. Відэа хутка распаўсюдзіліся. Менавіта такую мэту і ставіла перад сабой аўтар ролікаў. Праблемную сітуацыю ўзялі на кантроль раённыя ўлады. Фактычна да гэтага часу гісторыя развівалася і ў анлайн-прасторы (Яўгенія працягвала публікаваць звароты і расказваць пра тое, што яе хвалюе), і ў афіцыйным полі. Дакладней, развівалася яна якраз толькі ўжывую... У гэтай гісторыі ўжо ёсць пэўныя вынікі. І, сапраўды, праведзена вялікая работа. Падрабязна аб гэтым даведалася карэспандэнт «Звязды».

Вузел праблем

На фота і відэа ў профілі маці чатырох дзяцей у дэкрэтным Яўгеніі — дружная сям’я: маладая маці з дзецьмі і іх бабуля Лена. Сама Яўгенія — малодшая з чатырох дачок Алены Панцялееўны. Менавіта яна ўзяла на сябе клопат пра маму, у якой з-за цукровага дыябету другога тыпу, які прагрэсіруе, абвастрыліся і іншыя праблемы са здароўем. Некалькі тыдняў таму маму Яўгеніі шпіталізавалі ў Хойніцкую ЦРБ са скаргамі на болі ў вобласці ныркі. Абследаванне паказала, што стан органа, на жаль, крытычны, паказана аператыўнае ўмяшанне, і нырку прыйшлося выдаліць. У гэты час, мяркуючы, што маці цяпер неабходны будзе гемадыяліз, а, адпаведна, сям’ю чакаюць звязаныя з гэтым расходы, Яўгенія і пакінула відэазвароты да кіраўніцтва краіны ў TіkTok. Заўважна, што дачка вельмі перажывае за маму. Агульны трывожны настрой, дзеліцца Яўгенія, адбіваецца і на яе дзецях, якія любяць і хвалююцца за бабулю Лену. Дачка сваімі словамі, як разумее, тлумачыць, чаму яе маці, якая 33 гады жыве ў Беларусі, да гэтага часу — асоба без грамадзянства.

— Бацькі пераехалі ў Беларусь з Малдовы ў 1993 годзе. Грамадзянства Беларусі праз нейкі час атрымаў толькі наш тата. Маме неабходна было пражыць з татам у шлюбе сем гадоў, і яна б таксама аўтаматычна атрымала грамадзянства, але праз паўтара года тата захварэў на анкалогію і хутка памёр, — дзеліцца Яўгенія сваім разуменнем юрыдычных працэдур.

Тры гады таму дачка ўжо ад свайго імя звярнулася ў кампетэнтныя інстанцыі і атрымала тлумачэнне, якім чынам у прававым полі дзейнічаць далей.

— Як мы зразумелі, каб атрымаць грамадзянства, маме спачатку трэба было атрымаць пашпарт Рэспублікі Малдова. Гэта каштавала 395 еўра, потым 470 еўра — адмова ад грамадзянства Малдовы. І гэта яшчэ пры ўмове, што Малдова гэту адмову прыме, і грошы не будуць патрачаны марна. Але ў нас не было такой магчымасці, — каментуе маладая жанчына.

Варта адзначыць, што ў відэазваротах Яўгенія перадае асаблівую падзяку ўрачам Хойніцкай ЦРБ за аказаную яе маме меддапамогу, адзначае высокі прафесіяналізм медыкаў. Яна прызнаецца, што пасля выхаду ролікаў атрымала дзясяткі паведамленняў з прапановамі падтрымаць яе грашыма, дапамагчы ў зборы сродкаў на лячэнне маці. Па словах Яўгеніі, яна ўсім катэгарычна адмовіла, таму што ўпэўнена: ёй абавязкова дапамогуць афіцыйна, бо ў Беларусі яны ніколі не адчувалі сябе чужымі і менавіта тут іх сапраўдны дом. Жанчына падкрэслівае ў роліках, што не жадае, каб гісторыя яе сям’і станавілася падставай для спрэчак ці спекуляцый.

Не чужая бяда

Сапраўды, дасканала разбіраўся ў гэтай сітуацыі і ўзяў яе на кантроль Хойніцкі райвыканкам.

— Варта адзначыць, што раней ні сама маці Алена Панцялееўна, ні яе дочкі не звярталіся ў райвыканкам ні па пытаннях грамадзянства, ні аказання меддапамогі, — падкрэсліла намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Алена Клачкова. — Мы самі выйшлі на сувязь з дачкой. Патлумачылі, што камунікацыя праз TіkTok — не зусім карэктны фармат работы, бо ў складаных сітуацыях, калі чалавек губляецца і не ведае, як паступіць, значна важней дзейнічаць у афіцыйным парадку, калі магчыма ўзяць пытанне на кантроль і своечасова дапамагчы. Мы запрасілі Яўгенію на сустрэчу ў райвыканкам, дзе сабраліся і ўсе адказныя спецыялісты, бо ўжо папярэдне высветлілася, што неабходна будзе аказанне адраснай дапамогі і што ў сям’і ёсць шэраг застарэлых праблем з афармленнем дакументаў.

Як звярнула ўвагу намеснік старшыні райвыканкама, у Хойніцкай ЦРБ, разумеючы складаную жыццёвую сітуацыю Алены Панцялееўны, жанчыне заўжды ішлі насустрач, аказвалі ўсю неабходную меддапамогу, а пры пагаршэнні самаадчування змяшчалі ў аддзяленне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі, бо ў такіх выпадках, згодна з законам, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства меддапамога аказваецца бясплатна. Пасля праведзенай аперацыі жанчыну рыхтаваліся перавесці на лячэнне ў Гомельскую абласную клінічную бальніцу. Маці і Яўгенія былі ў вельмі ўзрушаным стане, хваляваліся, што не пацягнуць фінансава магчымае амбулаторнае лячэнне. І якраз у гэты момант да сітуацыі падключыліся раённыя ўлады.

Рашэнні крок за крокам

— З улікам складанага фінансавага становішча сям’і і таго, што дочкі не могуць аказаць маці неабходную матэрыяльную падтрымку, было прынята рашэнне выдзеліць аднаразовую адрасную сацыяльную дапамогу Алене Панцялееўне ў максімальным памеры — 4910 рублёў, — патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама.

Паводле закона, заяву на такую дапамогу павінен падаць асабіста той, хто мае патрэбу. Паколькі на той момант Алена Панцялееўна знаходзілася ў Хойніцкай райбальніцы, па даручэнні райвыканкама да яе ў медустанову выехаў натарыус для афармлення даверанасці на імя дачкі і іншых дакументаў, неабходных пры падачы заявы на грамадзянства. Трэба было ў тым ліку дапамагчы з часовай рэгістрацыяй маці па месцы фактычнага пражывання ў жыллі дачкі. Дапамаглі і з выклікам фатографа, бо ў жанчыны не было і фота, што абавязкова для поўнага пакета неабходных дакументаў.

— Паралельна вырашалі пытанні па самой Яўгеніі. Ёй як маці дзіцяці да трох гадоў працяглы час накіроўваліся апавяшчэнні аб магчымасці атрымання павышанай дапамогі на дзіця ў памеры 150 %. Аднак яна апавяшчэнні ігнаравала і спасылалася на частыя хваробы дзяцей. Для афармлення дапамогі неабходна было прадставіць пасведчанне пацярпелага ад катастрофы на ЧАЭС. Паколькі гэты дакумент Яўгенія страціла, тэрмінова, праз службу «Адно акно» дапамаглі яго аднавіць, і ў выніку ёй была прызначана дадаткова павышаная дапамога на дзіця, — распавяла намеснік старшыні.

Яўгенія таксама папярэджана аб адказнасці за нямэтавае выкарыстанне адраснай сацыяльнай дапамогі, выдзеленай на лячэнне і вырашэнне іншых фінансавых пытанняў яе маці Алены Панцялееўны, і неабходнасці дакументальна пацвердзіць усе выдаткі.

— Каб не дапусціць падобнай праблемы, з якой сутыкнулася Алена Панцялееўна, было прынята рашэнне ўзяць на кантроль сітуацыю дзвюх старэйшых сясцёр Яўгеніі, якія да гэтага часу таксама не атрымалі беларускае грамадзянства, — падкрэсліла намеснік кіраўніка райвыканкама. — Звярнулі ўвагу сям’і, што іх маці, нягледзячы на ўсе складанасці жыцця, увесь час да выхаду на пенсію адказна працавала, імкнулася забяспечыць сваіх дзяцей. Цяпер нядужую маці абавязаны падтрымліваць і клапаціцца аб ёй дарослыя дзеці.

Каб дэталёва разабрацца, у райвыканкаме аднавілі храналогію знаходжання сям’і ў Беларусі. Бацькі з трыма дочкамі пераехалі з Малдовы ў 1993 годзе, малодшая Яўгенія нарадзілася ўжо тут. У 1995-м сям’я зарэгістравалася ў Хойніцкім раёне і атрымала дазвол на пастаяннае пражыванне. У 2005 годзе яны звярнуліся па грамадзянства. Адказ сведчыў, што ні муж Алены Панцялееўны, ні дочкі не зарэгістраваны ў Малдове і мелі права на атрыманне беларускага грамадзянства. Чаму гэтае права не было рэалізавана цалкам, устанавіць не ўдалося. Але ў 2010 годзе грамадзянства атрымалі бацька і дзве дачкі, а Алена Панцялееўна і яшчэ дзве — не.

Па законе для атрымання грамадзянства Алене Панцялееўне цяпер неабходна або афіцыйна адмовіцца ад грамадзянства Рэспублікі Малдова, або падаць заяву з указаннем аб’ектыўных прычын, па якіх яна не можа гэта зрабіць.

Дарэчы, гэтыя варыянты былі і пазначаны ў афіцыйным адказе Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі, які прыйшоў на ліст Яўгеніі яшчэ ў 2023 годзе.

— Як відаць, алгарытм дзеянняў быў вядомы, але патрабаваў практычнай рэалізацыі, — звяртае ўвагу Алена Клачкова. — Цяпер усе неабходныя дакументы дапамаглі сабраць. Яшчэ ў час знаходжання Алены Панцялееўны ў Гомельскай абласной клінічнай бальніцы пасля пацвярджэння яе дзеяздольнасці супрацоўнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Хойніцкага РАУС выехаў да яе, каб прыняць неабходныя дакументы. Жанчына ў тым ліку здала іспыт на веданне рускай мовы, уласнаручна, як таго патрабуе закон, напісала заяву на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб прыёме яе ў грамадзянства.

Сама ж Алена Панцялееўна ўжо вярнулася з Гомеля дадому ў Хойнікі. На жаль, ёй па-ранейшаму неабходны меднагляд, і жанчына пакуль знаходзіцца ў стацыянары Хойніцкай ЦРБ на платнай аснове. Прагнозы ўрачоў на аднаўленне Алены Панцялееўны добрыя, ні аб якім гемадыялізе, падкрэсліваюць медыкі, увогуле гаворкі не ідзе.

Вядома, уся вялікая сям’я (у Алены Панцялееўны, акрамя чатырох дачок, — 18 унукаў!) перажывае за дарагую маці і бабулю. У той жа час сама гісторыя паказвае, што адказнасць за ўласнае жыццё і прынятыя рашэнні абавязкова павінен несці і сам чалавек.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю