Адным з галоўных багаццяў тут лічаць зямельныя рэсурсы, і, вядома, нездарма. Эканамічнае і сацыяльна-культурнае развіццё Мастоўскага раёна залежыць ад сельскагаспадарчай вытворчасці. Тое, як спрацуе жывёлагадоўчая галіна, што вырасце на палях, і будзе падмуркам, на якім будуецца эканамічны дабрабыт раёна.
Як паведаміў першы намеснік старшыні Мастоўскага райвыканкама Раман Рублік, з кожным годам тут працуюць усё эфектыўней.
Амаль палову зямельнага фонду Мастоўшчыны займаюць сельскагаспадарчыя палеткі. Пераважная большасць прыходзіцца на долю пяцярых сельгаспрадпрыемстваў. У раёне таксама працуе 27 фермерскіх гаспадарак.
Раён спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Асноўны від прадукцыі — малако, вытворчасць якога дасягае 59 % валавога аб’ёму. У мінулым годзе атрымана амаль 82 тоны малака. Сярэдні надой ад каровы павялічыўся на 444 кілаграмы і склаў 7,3 тысячы кілаграмаў. Лідарам малочнай галіны ў раёне з’яўляецца ЗАТ «Гудзевічы», дзе гэты паказчык складае больш за 9 тысяч кілаграмаў.
Раман Рублік звяртае ўвагу на рост прадукцыйнасці, які дазволіў павялічыць валавы надой амаль на 6 тысяч тон. Штогод павялічваецца якасць малочнай прадукцыі. Так, сортам экстра здадзена 67,5 %, а яшчэ два гады таму гэты паказчык ледзь дасягаў 40 %.
Добрых вынікаў удалося дабіцца ў раслінаводстве. Павялічыўся валавы намалот зерневых і зернебабовых культур. Усяго атрымана 103 тысячы тон пры ўраджайнасці 56,3 ц/га. Па гэтым паказчыку Мастоўскі раён увайшоў у пяцёрку лепшых па Гродзенскай вобласці.
Павялічаны намалот адной з самых высокарэнтабельных культур — рапсу, ураджайнасць якога склала 38 ц/га. У ЗАТ «Гудзевічы» атрымалі рэкордныя 53 ц/га данай культуры. У трох гаспадарках раёна вядзецца перапрацоўка масланасення рапсу.
Сярод фермерскіх гаспадарак больш усяго прадукцыі раслінаводства прыходзіцца на гаспадаркі «Гарызонт» і «Мара», якія ўносяць істотны дадатак да валавой сельскагаспадарчай прадукцыі раёна. Іх агульны збор зерневых складае больш за 10 %. Фермеры вырошчваюць амаль палову валавога аб’ёму бульбы па раёне.
Як паведаміў першы намеснік старшыні райвыканкама, пастаянна вядзецца аднаўленне асноўных фондаў. Летась закуплена 66 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі. Сёлета плануецца закупіць яшчэ 42 адзінкі. У гэтым годзе таксама ў ЗАТ «Гудзевічы» плануецца ўзвядзенне зерне-сушыльнага комплексу з сіласам. Склад сіласнага тыпу на дзве тысячы тон будзе будавацца і ў ААТ «Чарлёна».
З мэтай паляпшэння кармавой базы штогод вядзецца будаўніцтва траншэй для нарыхтоўкі травяных кармоў. Летась іх пабудавана чатыры, яшчэ пяць на тры тысячы тон кожная плануецца пабудаваць сёлета. На сённяшні дзень эксплуатуецца амаль 160 траншэй, што дазваляе значна павялічыць якасць кармоў. Завершана работа па рэканструкцыі МТК «Мікелеўшчына» на 777 дойных кароў і будынка даільна-малочнага блока.
Адным з важных перспектыўных планаў з’яўляецца будаўніцтва малочнатаварнага комплексу на 600 галоў у філіяле «Дубна», які да канца 2025 года будзе закамплектаваны пад вытворчыя магутнасці.
Фота Лізаветы ГОЛАД