Рабочы графік Прэзідэнта штотыдзень надзвычай насычаны. І тэмы, якім кіраўнік дзяржавы надае пільную ўвагу, самыя разнастайныя: эканоміка, бяспека, сацыяльная сфера, прамысловасць, грамадска-палітычная абстаноўка і многае іншае. Кожную тэму Аляксандр Лукашэнка вывучае дэталёва, абавязкова робіць акцэнт на праблемах, але і не забывае пра станоўчыя моманты. Ацэнкі Прэзідэнта заўсёды трапныя і змястоўныя. А даручэнні і парады — канкрэтныя.
Мінулы тыдзень атрымаўся даволі насычаным. Аляксандр Лукашэнка даваў інтэрв’ю МТРК «Мір», прымаў высокіх гасцей з Пакістана — у Палацы Незалежансці прайшлі перагаворы з Прэм’ер-міністрам гэтай краіны Шахбазам Шарыфам, працаваў на рэспубліканскім суботніку. А яшчэ Прэзідэнт падпісаў Дырэктыву № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы».
1. «Мы занадта шмат сёння гаворым пра нашу Перамогу, пра гераізм нашага народа, пра генацыд савецкага народа, нашага народа. Гэта ўсё правільна, гэта праўда, але наколькі пранікнёна, наколькі пачуццёва мы гэта робім звычайна? Бо прайшло 80 гадоў ужо — адзінкі засталіся з тых, якія ўсё гэта перажылі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю МТРК „Мір“. — Для мяне гэта праніклівыя рэчы. І ў той час, калі ўжо засталося зусім няшмат людзей, нам трэба, прабачце, не языком ляпаць, а адчуваць, што гэта такое, каб данесці да нашай моладзі, хаця б да наступнага пакалення, што гэта Перамога была, што ёю трэба ганарыцца». І вельмі сімвалічна, што праз некалькі дзён пасля гэтых слоў Прэзідэнт правёў суботнік на месцы будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея, дзе даў пачатак Парку народнага адзінства. Кіраўнік дзяржавы разам са студэнтамі высадзіў 80 дрэў — як сімвал 80 гадоў, пражытых пад мірным небам пасля Вялікай Перамогі.
2. «У нас шмат чаго для людзей робіцца. Магчымасці для таго, каб зарабіць, каласальныя. Але трэба працаваць. Права на жыццё чалавека. Назавіце мне іншую такую краіну, дзе так вось калоцяцца і дрыжаць за жыццё чалавека? Патрапіў у бяду чалавек або група людзей, не дай бог, — мы ўсе там, мы дапамагаем. Гэта што, не дэмакратыя? Дзе, у якой краіне заходняй, так званай дэмакратыі, якія нас вучылі гэтай дэмакратыі, дзе гэта ёсць? Нідзе няма», — заявіў Прэзідэнт у тым жа інтэрв’ю.
3. «У нас і Пакістана адзіная пазіцыя адносна далейшага развіцця і паглыблення палітычнага дыялога паміж нашымі краінамі, умацавання міжпарламенцкіх сувязей, пашырэння дагаворна-прававой базы. Але ключавымі напрамкамі супрацоўніцтва, безумоўна, застаюцца эканоміка і ўзаемны гандаль», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка падчас перагавораў з Шахбазам Шарыфам. Беларускі лідар не раз падчас гэтай размовы рабіў акцэнт на тым, што за падпісанымі дакументамі павінны стаяць рэальныя дзеянні. І ў гэтым пытанні пакістанскі бок раздзяліў пазіцыю беларускіх партнёраў.
4. «Мы па вялікім рахунку нацыяналістычнынарод (я ў плане любові да сваёй краіны). Нічога тут страшнага няма. Мы не нацыяналісты, мы не фашысты. Мы нацыяналістычныя людзі ў плане любові да сваёй Радзімы. Але мы інтэрнацыяналісты. Мы вельмі паважаем нашых братоў: расіян, украінцаў, палякаў, іншых», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на суботніку. Таму, паводле яго слоў, вельмі важна акуратна выхоўваць пачуццё нацыянальнага гонару, паважаць суседзяў і ведаць сваё месца — менавіта такім курсам беларускі народ ідзе ў сваім развіцці не адзін дзесятак гадоў.
5. «Мы не спяшаючыся будзем займацца тым, чым займаемся. Мы перажылі і перажываем з Расіяй разам такія бар’еры і пошліны, санкцыі, што далей ужо няма куды. Таму асабліва парыцца наконт гэтага не варта. А прывядзе гэта да росту цэн або не прывядзе — паглядзім», — на хваляванні аб тым, ці прывядзе гандлёвая вайна, развязаная ЗША да росту цэн у Беларусі Аляксандр Лукашэнка глядзіць спакойна. І заклікае залішне не хвалявацца, а назіраць з боку і якасна рабіць сваю справу.