Top.Mail.Ru

Чаму прадукцыя айчыннага легпрама не надта танная і як абараніць свой рынак?

Беларускае — якаснае

Усім даўно вядома, што прадукцыя нашай лёгкай прамысловасці асацыіруецца з такімі паняццямі, як якасць, натуральнасць і экалагічнасць. Але часта яна даражэйшая за адзенне з масмаркета, якое завозіцца да нас з Азіі. Чаму так адбываецца, з-за чаго доля айчыннага легпрама на ўнутраным рынку ўпала да 10 % і што з гэтым рабіць, абмеркавалі эксперты ў ток-шоу на «Першым інфармацыйным».

Мэта — вырабляць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю

Асноўны тэзіс, які прагучаў ад экспертаў, — наш айчынны легпрам не імкнецца быць танным. Ён не можа сабе гэтага дазволіць, калі хоча заставацца якасным.

— Беларускі легпрам засяроджаны на натуральнасці, і ад гэтага залежыць перш за ўсё кошт тканіны. Хочам мы нашым людзям плаціць добрую зарплату? Гэта таксама сабекошт. Таму мы ніколі не будзем таннымі, таму што мы невялікая краіна, і той «вал», які робяць у азіяцкіх краінах, мы не пацягнем і не павінны гэтага рабіць. Наш шлях і наша мэта — вырабляць прадукт з больш высокай дабаўленай вартасцю, — канстатавала намеснік старшыні канцэрна «Беллегпрам» Наталля Мароз.

Дарэчы, больш за 65 % сабекошту тавару — матэрыяльны складнік. І тут ёсць праблема — вытворчасць матэрыялаёмістая і імпартазалежная. Пры ўсім багацці ўласнымі лёнам і скурай, большасць сыравінных кампанентаў — імпартныя.

— Гэта тыя ж бавоўна, поліэфір, поліамід, поўсць, якія мы возім з Аўстраліі і Новай Зеландыі, — удакладніла генеральны дырэктар прадпрыемства «Камволь» Таццяна Лугіна.

У сваю чаргу дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анжэліна Сырамятнікава дадала, што для айчыннага тавару заўсёды знаходзіцца пакупнік — як унутры краіны, так і за яе межамі. А такія паняцці, як «беларускі трыкатаж», «беларускі тавар», ужо даўно сталі брэндам. Пакупнікі гатовы плаціць за экалагічнасць, якасць і натуральнасць.

Працэс страты ўнутранага рынку працяглы і балючы

Варта сказаць, што доля айчынных тавараў легпрама на ўнутраным рынку складае каля 10 %. Гэта лічба прагучала падчас справаздачы ўрада Прэзідэнту. Тэндэнцыя страты рынку доўжыцца ўжо 15 гадоў.

— Працэс страты ўнутранага рынку вельмі працяглы і балючы. Мы дазволілі на нашым рынку быць любым таварам. У нас адсутнічаюць абмежаванні па імпарце. Магчыма, недастатковая работа па кантролі за абаротам, калі прадукцыя без дакументаў, няякасная. Мы за апошнія 10 гадоў пусцілі сюды ўсіх. У нас велізарныя гандлёвыя комплексы, у якія можна знайсці ўсе еўрапейскія брэнды. Расце імпарт з Кітая праз Расію, Казахстан, Кыргызстан. Маркетплэйсы актыўна развіваюцца, і мы проста не паспяваем за гэтым працэсам, — канстатавала Наталля Мароз.

Эксперты адзначылі, што практычна ўсе краіны свету абараняюць свой рынак тавараў лёгкай прамысловасці. Гэта высокаканкурэнтны прадукт, яго занадта шмат.

— Калі захоўваць прамысловасць, патрэбныя ўвазныя пошліны і іншыя меры. Але мы не кажам аб прамых забаронах. Патрэбны комплексны падыход, — падкрэсліла намесніца старшыні канцэрна «Беллегпрам».

Першы кірунак — псіхалагічны. Мы павінны палюбіць сваё, айчыннае. Другі — павелічэнне прысутнасці на паліцы. Імпарт практычна выцесніў беларускія тавары з крам. Трэці — карпаратыўныя і дзяржаўныя заказы. Бюджэтныя грошы павінны заставацца ўнутры краіны.

Асобная тэма — кошт сыравіны. Ва ўсім свеце сыравінны складнік мае розную цану ўнутры краіны і на рынку. Сыравінны складнік ад 15 да 20 % мае меншую цану ў сыравінным дыяпазоне.

— Мы сёння працуем па рынкавых цэнах. Бяром бавоўну, шэрсць, поліамід па біржавых цэнах, завозім з Кітая ці Індыі, у сябе пры нашай эканоміцы вырабляем тавар і спрабуем яго экспартаваць. Гэта складаная задача, — прызнала Таццяна Лугіна.

Існуюць два спосабы падтрымкі — альбо субсідзіраванне сыравіннага складніка ўнутры рынку (нагрузка на бюджэт), альбо дадатковыя ўвазныя пошліны на аналагічны імпартны тавар.

— У Турцыі пры ўвозе любой тканіны, акрамя ПДВ, устаноўлена ўвазная пошліна памерам у 25 %. Каб рэалізаваць у Індыі нашу тканіну, у іх, акрамя ПДВ, яшчэ 35 % мыта, — прывяла прыклады генеральны дырэктар прадпрыемства «Камволь».

Для Беларусі пытанне ўпіраецца ў еўразійскую інтэграцыю. Краіны ЕАЭС павінны мець адзіную палітыку.

— Мы не краіна з закрытымі граніцамі. У нас ёсць абавязацельствы ўнутры ЕАЭС. Вось у гэтым самае галоўнае пытанне. Краіны ЕАЭС павінны згуртавацца і мець адну філасофію і задачу — абараніць рынак, — лічыць Таццяна Лугіна.

Перавага ў мабільнасці і здольнасці хутка абнаўляць калекцыі

Лёгкая прамысловасць, як і ўся эканоміка нашай краіны, з'яўляецца экспартна арыентаванай: 70 % прадукцыі адпраўляецца ў больш чым 80 краін свету. Асноўны рынак, дзе развіта сетка фірменнага гандлю, наладжана гандлёвае прадстаўніцтва, працуюць гандлёвыя дамы і мультыбрэндавыя цэнтры, — Расія. Актыўна развіваюцца адносіны з Кітаем, краінамі Азіі і Афрыкі, дзе заключаюцца дагаворы аб бяспошлінным гандлі.

— Тэмп росту экспарту айчынных тавараў легпрама ў студзені 2026 года склаў ужо 160 %. Мы рухаемся, але гэта складаны працэс. У кожным кірунку можна ўбачыць, дзе мы ўзмацніліся. Працуем у тым ліку і над сабекоштам, — адзначыла Наталля Мароз.

Па выніках мінулага года экспарт прадукцыі беларускай лёгкай прамысловасці склаў каля 2 мільярдаў долараў. Наталля Мароз з гэтай нагоды патлумачыла:

— Мы вырабляем некалькі груп тавараў — гатовая прадукцыя і паўсыравінная група тавараў. Асноўны аб'ём экспарту прыпадае на апошнюю. Наша прадукцыя, у прыватнасці лён, карыстаецца попытам і пастаўляецца ў Еўропу. Тое ж датычыцца нашых тканін, пражы, скуры.

Спецыяліст удакладніла, якія рэзервы задзейнічаюць для нарошчвання экспартных магчымасцяў:

— Ідзе работа над пошукам новых рынкаў. Мы сканцэнтраваны на пашырэнні прысутнасці як у краінах далёкай дугі, так і на ўнутраным рынку — гэта наша асноўная задача, якую паставіў кіраўнік дзяржавы. Мы павінны прысутнічаць ва ўсіх кутках Беларусі, каб айчынны тавар мог дайсці да любога спажыўца. Таму мы развіваем свае фірменныя секцыі сумесна з Белкаапсаюзам і буйнымі гандлёвымі сеткамі.

Ключавой перавагай айчынных вытворцаў эксперт назвала іх мабільнасць і здольнасць хутка абнаўляць калекцыі, што робіць прадукцыю канкурэнтаздольнай на любым рынку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю