Цётка з беларускай душой
Гэта цяпер яе могуць называць «бабуляй беларускай літаратуры», разумеючы рэальны ўплыў гэтай жанчыны на творчыя працэсы. А насамрэч яна бабуляй ніколі не была — пайшла з жыцця яшчэ маладой. Але колькі паспела зрабіць! Памяць пра гэта жыве сярод яе землякоў: сёння спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч, якую са школы ўсе называюць цёпла — Цётка.
Зрэшты, яна сама прапанавала батракам звяртацца да яе менавіта так, адмовіўшыся ад вызначэння «пані». Бо не жыла як пані, хоць мела права па нараджэнні — паходзіла са шляхецкай сям’і. Дзяўчына адмовілася ад камфорту, каб змагацца за правы простых людзей і беларускую мову.
У юнацтве зведала нястачы і голад, рана стала працаваць, каб зарабіць на жыццё ў розныя перыяды. І ў выніку стала першай жанчынай у беларускай літаратуры, якая адкрыта заявіла пра свой голас. А цяпер мы ведаем пра яе як пра патрыётку і рэвалюцыянерку з палымяным сэрцам, што знаходзіла адлюстраванне ў яе творах, напрыклад, такіх як алегарычнае апавяданне «Прысяга над крывавымі разорамі». Наогул яе біяграфія поўная неверагодных паваротаў, якія лёгка маглі б стаць сюжэтам для прыгодніцкага фільма.
У ім усё пачыналася б як і ў рэальным жыцці — у фальварку Пешчына, які тады адносіўся да Лідскага павета, а цяпер гэта Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці. Сям’я была шматдзетная, і дзяўчынку Алаізу аддалі на выхаванне бабулі. А тая ведала шмат казак і песень, якімі захапіла ўнучку.
У дзяцінстве будучая пісьменніца выдумляла розныя містычныя гульні, любіла ўяўляць сябе варажбіткай або цыганкай, часам палохала сваіх малодшых братоў і сясцёр таямнічымі гісторыямі. Багатае і вобразнае ўяўленне дзяўчынкі павінна было знаходзіць выйсце. Але яна не адразу зразумела, што можа і павінна пісаць — да гэтага трэба было саспець, набыць запал, калі вельмі хочацца нешта важнае сказаць іншым. А ў яе выпадку — асэнсавана сказаць менавіта па-беларуску, бо для сваіх людзей, для тых, каго бачыла з маленства.
Сама Алаіза ведала некалькі моў, але прынцыпова размаўляла па-беларуску ў любой сітуацыі: у арыстакратычных колах, нават за мяжой, чым часам шакавала мясцовую інтэлігенцыю. Паколькі ёй выпала ў розны час вучыцца ў некалькіх гарадах Еўропы — Санкт-Пецярбургу, Львове і Кракаве,— гэта дазволіла паглядзець на свет больш шырока і зразумець, што яе землякі, нават самыя простыя сяляне, таксама вартыя павагі. Небяспечныя думкі для таго часу. Але яны віравалі ў прасторы, Алаіза як чулая душа іх прыняла глыбока ў сэрца, стала імі кіравацца ў жыцці.
У Беларусі здаўна былі глыбокія традыцыі асветніцтва, Алаіза Пашкевіч узняла іх на новы ўзровень ужо ў ХХ стагоддзі: яна выступала за стварэнне беларускіх школ, выдавала часопіс для дзяцей «Лучынка», была яго галоўным рэдактарам. Стала аўтарам кніжак і падручнікаў для дзяцей — «Гасцінец для малых дзяцей», «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Яна вывучала і прапагандавала беларускі тэатр — ад батлейкі да першай трупы Ігната Буйніцкага. І нават была сястрой міласэрнасці, дапамагала хворым. У ёй адгукаўся чужы боль і вымушаў дзейнічаць.
Напрыклад, падчас працы ў Нова-Вілейскім шпіталі для псіхічнахворых — няпростае месца для маладой дзяўчыны — яна разгарнула таемны пункт дапамогі, у палатах хавала ад царскай паліцыі сваіх паплечнікаў па барацьбе. У падземным тунэлі бальніцы Алаіза ўтрымлівала прыбор, які дапамагаў ёй друкаваць і распаўсюджваць падпольныя пракламацыі, у тым ліку з уласнымі творамі, якія пасля зачытвалі на падпольных і сялянскіх сходах, завучвалі на памяць. Вядома, ідэі сацыяльнай роўнасці і справядлівасці яе не проста захапілі, а прымушалі зрабіць выбар на карысць барацьбы, падчас рэвалюцыі 1905 года яна сама выступала на мітынгах з прамовамі. Слова — гэта зброя, якая дапамагае мяняць свет, разумела Алаіза Пашкевіч. Моц яе слоў і спраў адчувалі і тыя, каму яна перашкаджала.
Вымушаная хавацца ад царскіх улад, яна з’ехала з Беларусі, але працягвала пісаць, маскіруючыся пад псеўданімамі Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка. Яе паэзія (напрыклад, зборнікі «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская») стала сапраўдным гімнам працоўных людзей. Цётка заклікала беларусаў цаніць роднае слова і не цурацца сваіх каранёў. Яе творы напоўнены энергіяй і глыбокай любоўю да Радзімы — вось у чым галоўны для нас запавет роднай кожнаму з дзяцінства нашай агульнай Цёткі.
Ларыса ЦІМОШЫК