Top.Mail.Ru

Чаму пасля ВРВІ ўзнікае атыт?

Залажыла і страляе ў вуху

У халодным сезоне прастудным захворванням часта спадарожнічае атыт — запаленне вуха. Чаму так адбываецца, бо, здавалася б, насаглотка, галоўная мішэнь, якая пакутуе пры прастудных інфекцыях, і вуха не такія ўжо і блізкія? Але ва ўрачоў сваё меркаванне па гэтым пытанні. Чаму галоўны віноўнік развіцця болі ў вуху — насмарк і як правільна з ім змагацца, ці можна лячыць атыт «народнымі» метадамі, расказала ўрач-отарыналарынголаг 11-й гарадской паліклінікі Мінска Анастасія ЛЕАНОВІЧ.

— Што такое атыт?

— Вуха чалавека — гэта орган, які складаецца з трох аддзелаў: вонкавага, сярэдняга і ўнутранага. Атыт — запаленчы працэс, што працякае ў тым ці іншым аддзеле вуха. Ёсць тры формы хваробы ў залежнасці ад лакалізацыі паталагічнага працэсу. Гэта вонкавы атыт з паражэннем вонкавага слыхавога праходу, а ў некаторых выпадках — барабаннай перапонкі. Другая форма — сярэдні атыт: запаленне адбываецца ў поласці сярэдняга вуха, дзе знаходзяцца слыхавыя костачкі. Варта заўважыць, што менавіта такая форма сустракаецца часцей за ўсё. Трэці від — унутраны атыт (або лабірынтыт) — запаленне структур унутранага вуха, пры гэтым часта пашкоджваецца і орган раўнавагі. Па прычыне ўзнікнення вылучаюць бактэрыяльны, грыбковы, вірусны, алергічны і іншыя атыты.

Адно важнае правіла — не займацца самалячэннем і не ўжываць бескантрольна антыбіётыкі. Гэта прыводзіць да развіцця ўстойлівасці мікробаў да прэпаратаў, што абцяжарвае лячэнне любых запаленчых захворванняў

— Чаму пасля ОРВІ ўзнікае атыт?

— Прыкметы атыту шмат у чым залежаць ад яго формы. Напрыклад, найбольш частай прычынай вонкавага атыту з’яўляюцца траўмы, інфекцыі скуры і тканак у вобласці слыхавога праходу. Магчымая і хімічная траўма вуха, раздражненне і запаленне з-за серных коркаў, траплянне ў вуха вады, утварэнне фурункулаў. А вось сярэдні атыт, самая частая форма хваробы, звычайна правакуецца бактэрыяльнымі інфекцыямі, радзей — вірусамі, патагеннымі грыбкамі, а таксама мікст-інфекцыяй. 

Часцей за ўсё атыт узнікае пры пераходзе запаленчага працэсу з насаглоткі на слізістую абалонку сярэдняга вуха — апасродкавана праз канал, які злучае глотку і слыхавую трубу. У выніку запаленчага ацёку слыхавой трубы ў барабаннай поласці рэзка змяншаецца ціск. Гэта прыводзіць да ўтварэння ў прасвеце сярэдняга вуха выпату, які інфікуецца мікрафлорай насаглоткі.

— У якіх выпадках неабходна звяртацца да ўрача? Заложанасць вуха можа сведчыць аб запаленні?

— Ісці на прыём да доктара варта, калі маецца выяўлены боль у вуху, з’явіліся выдзяленні з вонкавага слыхавога праходу, знізіўся слых, адчуваецца заложанасць у вушах, галавакружэнне на фоне боляў у вушах, пачырваненне бачнай часткі вуха, агульная слабасць, галаўны боль, шум у вушах, павышэнне тэмпературы цела. Для таго каб лячэнне было эфектыўнае, важна дакладна вызначыць лакалізацыю запаленчага працэсу, яго цяжар і магчымыя ўскладненні. На прыёме ўрач апытвае пацыента, праводзіць агляд поласці вуха, носа, горла, пры атаскапіі аглядае слыхавы праход, барабанную перапонку, ацэньвае яе рухомасць, наяўнасць гною ці эксудату за барабаннай перапонкай або перфарацыі ў ёй.

— Якія абследаванні трэба прайсці, калі боль у вуху здараецца кожны халодны сезон?

— Гэта вызначае толькі ўрач у залежнасці ад анамнезу і клінічнай карціны. Могуць прызначацца дадатковыя метады дыягностыкі, такія як цімпанаметрыя (імпедансаметрыя), што даюць магчымасць вызначыць рухомасць гукаправоднага ланцужка сярэдняга вуха (барабаннай перапонкі, слыхавых костачак), а таксама ціск усярэдзіне барабаннай поласці. 

У абследаванне можа быць уключана аўдыяметрыя і даследаванне з дапамогай камертонаў для ацэнкі работы слыху. Прызначаюцца агульны аналіз крыві, біяхімічны аналіз крыві, каб вызначыць характар запалення, рэнтген прыдатачных пазух носа, рэнтгенаграфія скроневай косткі пры паказаннях.

— Як можна аблегчыць боль у вуху ў хатніх умовах?

— Лячэнне атыту залежыць ад яго тыпу, выяўленасці, наяўнасці спадарожных захворванняў і развіцця ўскладненняў. Могуць выкарыстоўвацца лекавыя прэпараты, фізіятэрапія і нават хірургічныя ўмяшанні. Пры захворваннях вуха не варта выкарыстоўваць «народныя» метады лячэння. Самастойнае лячэнне атытаў часта заканчваецца развіццём ускладненняў, таму лячэнне павінна праводзіцца толькі пасля агляду ўрача і прызначэння правільна падабранай тэрапіі.

— Якіх правіл варта прытрымлівацца, каб пазбегнуць запаленчых непрыемнасцяў?

— Для прафілактыкі атытаў, асабліва тым, хто з імі сутыкаецца рэгулярна, неабходна раз на год наведваць урача для планавага агляду. Важна таксама своечасова лячыць ВРВІ і іншыя інфекцыі, пазбягаць пераахаладжэнняў. Пры з’яўленні насмарку смаркацца трэба вельмі асцярожна, пры гэтым вызваляць спачатку толькі адну ноздру, потым другую. Акрамя таго, рэкамендуецца карыстацца заглушкамі для вушэй пры плаванні, не калупаць у слыхавым праходзе вострымі прадметамі, не ныраць на вялікую глыбіню без спецыяльнага абсталявання, не выдаляць лішкі серы са слыхавога праходу з дапамогай ватных палачак. Ну і прытрымлівацца шэрагу агульных правіл гігіены і здаровага ладу жыцця: мыць рукі пасля вуліцы, займацца загартоўваннем арганізма, спортам, штодня ўжываць свежую садавіну, агародніну, кісламалочныя прадукты.

І яшчэ адно важнае правіла — не займацца самалячэннем і не ўжываць бескантрольна антыбіётыкі. Гэта прыводзіць да развіцця ўстойлівасці мікробаў да прэпаратаў, што абцяжарвае лячэнне любых запаленчых захворванняў.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю