Летась сілавікі спынілі дзейнасць 39 інтэрнэт-магазінаў па распаўсюджванні наркотыкаў. Прычым ва ўсіх выпадках пад ліквідацыяй падразумяваецца выкрыццё ўсяго злачыннага ланцужка, пачынаючы
ад простых закладчыкаў і кур’ераў, заканчваючы арганізатарамі наркабізнесу і інтэрнэт-крам. Пры гэтым і наркабізнес удасканальвае свае цынічныя механізмы, супрацьстаяць якім маладым людзям няпроста. Як дзяржаўныя органы змагаюцца з незаконным абаротам гэтых рэчываў і за кошт чаго людзям з залежнасцю ўдаецца спыніць ужыванне, расказалі спецыялісты.
Сакрэты вярбоўкі
Амаль чатыры дзясяткі ліквідаваных за год інтэрнэт-магазінаў — лічбы сапраўды значныя.
— З аднаго боку, гэта сведчыць аб эфектыўнасці нашых намаганняў па знішчэнні арганізаванай структуры наркабізнесу. З іншага — аб тым, што пагроза захоўваецца, што пацвярджае і колькасць канфіскаваных наркотыкаў, якая з кожным годам расце, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй КУДРЫЦКІ. — Толькі супрацоўнікамі МУС канфіскавана больш 1,3 тоны наркатычных рэчываў, а ўсімі праваахоўнымі органамі — больш за 3 тоны.
Каля 95 % усіх продажаў наркотыкаў ажыццяўляецца з дапамогай інтэрнэту. Гэта сумесь кібер- і нарказлачыннасці, большасць здзелак адбываецца пры дапамозе месенджараў і ў сетцы даркнэт. У Беларусі найбольш распаўсюджаны такія псіхатропы, як мефедрон, клефедрон, альфа-PVP, а таксама гашыш, марыхуана і метадон.
Андрэй Кудрыцкі звярнуў увагу на тое, як заманьваюць у наркабізнес. Першая прапанова аб працаўладкаванні ў інтэрнэт-крамы паступае, як правіла, у сацыяльных сетках, шляхам веернай рассылкі паведамленняў аб высокааплатнай працы ў месенджарах і ў даркнэце. Злачынны бізнес працуе па складана выбудаванай сістэме, дзе назіраецца ступеньчатая іерархія, усе функцыі ўдзельнікаў дакладна размеркаваны, выконваецца жорсткая дысцыпліна, наладжана сістэма бяспекі, выкарыстоўваюцца самыя вытанчаныя меры канспірацыі.
— Аднак хачу адзначыць, што інтэрнэт памятае ўсё, і справа часу знайсці сляды злачыннай дзейнасці і іх задакументаваць. Супрацоўнікі наркакантролю актыўна працуюць у гэтым кірунку ва ўзаемадзеянні з дэпартаментам фінансавай міліцыі і ўстановамі банкаўскай сферы, — падкрэсліў праваахоўнік.
Спыніць ужыванне
Галоўны ўрач Мінскага клінічнага наркалагічнага цэнтра Жанна ІСТОМІНА расказала, як медыкі змагаюцца з нарказалежнасцю. Першая задача — не дапускаць ужывання псіхаактыўных рэчываў, і гэта праца пачынаецца з падлеткавага ўзросту. Дзейнасць урачоў-псіхіятраў-нарколагаў накіравана менавіта на прафілактыку. Другі этап — работа з тымі, хто ўсё ж паспрабаваў псіхаактыўнае рэчыва, але ўжыванне яшчэ не прывяло да развіцця сіндрому залежнасці. З такімі пацыентамі праводзіцца прафілактыка, накіраваная на тое, каб не працягвалася ўжыванне, а менавіта на выяўленне тых праблем, якія да яго прывялі.
Калі сіндром залежнасці ўжо развіўся, пачынаецца трэці этап работы медыкаў, іх мэта — прывесці пацыента да неўжывання — фізічна і маральна. Дасягаецца гэта як амбулаторна, так і ў стацыянары. Затым наступае чацвёрты этап — рэабілітацыя, тут працуюць псіхолагі і псіхатэрапеўты. Рэабілітацыйныя праграмы разлічаны на тэрмін ад 28 да 32 дзён. Пасля ёсць магчымасць прадоўжыць рэабілітацыйныя мерапрыемствы ў амбулаторных умовах — дзённых і вячэрніх групах.
Занятасць як тэрапія
Паводле меркавання медыкаў, самы крытычны перыяд для залежных пацыентаў — першы год з моманту, калі ён спыніў лячэнне. І тут асабліва важная комплексная падтрымка. Працоўная занятасць на гэтым этапе разглядаецца як суправаджальная тэрапія і частка рэабілітацыі. Як расказаў начальнік упраўлення арганізацыі працы дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва і альтэрнатыўнай службы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей КАЦКО, грамадзян, якія маюць нарказалежнасць і прайшлі лячэнне, актыўна інфармуюць і запрашаюць звяртацца па садзейнічанне ў працаўладкаванні. Летась служба занятасці працаўладкавала ў 1,6 раза больш грамадзян названай катэгорыі ў параўнанні з 2024 годам — 121 чалавек. Практыкуецца суправаджальнае працаўладкаванне са згоды нарказалежных грамадзян — супрацоўнік службы разам з прэтэндэнтам на вакансію ўдзельнічае ў перамовах з наймальнікам да моманту, пакуль саіскальнік не будзе прыняты на работу. Летась такой паслугай пажадалі скарыстацца 73 чалавекі, 70 былі працаўладкаваны.
Са студзеня мінулага года ўступілі змены ў Закон «Аб занятасці насельніцтва», які прадугледжвае, што грамадзяне, якія пакутуюць на залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў, не могуць нароўні з іншымі канкурыраваць на рынку працы, таму для іх магчыма працаўладкаванне ў лік броні. Менавіта такім чынам летась працаўладкавана 39 чалавек.
Інфармаванне грамадзян аб магчымасцях працаўладкавання ідзе не толькі пасля таго, як яны скончылі тэрапію, а яшчэ падчас рэабілітацыі ва ўстановах аховы здароўя. Напрыклад, служба занятасці Мінска цесна супрацоўнічае з РНПЦ псіхічнага здароўя: спецыялісты штодзень наведваюць 18-е аддзяленне, папярэдне падбіраюць варыянты працаўладкавання і перанавучання.
Алена КРАВЕЦ