Top.Mail.Ru

Чаму не варта арыентавацца на прахадныя балы і конкурсы мінулых гадоў, растлумачылі ў БДУ

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Ганна Каралёва расказала, чаму не варта арыентавацца на прахадныя балы і конкурсы мінулых гадоў, паведамляе БелТА. 


Гэтага не трэба рабіць з некалькіх прычын. «Па-першае, Міністэрства адукацыі штогод зацвярджае розныя лічбы прыёму. Яны могуць быць як павялічаны па пэўных спецыяльнасцях, так і зменшаны. Адпаведна, калі лічбы прыёму павялічваюцца, то прахадныя балы змяншаюцца. Другая прычына датычыцца таго, што кожны год сярэдні бал праходжання цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання таксама мяняецца, у тым ліку таму, што можа быць розная складанасць іспытаў і падрыхтоўка абітурыентаў да іх. Адпаведна, у выніку атрымліваюцца розныя балы. Трэцяя прычына — самая распаўсюджаная: пералік папулярных у абітурыентаў спецыяльнасцяў кожны год змяняецца. Ніхто не ведае, якія сёлета спецыяльнасці будуць цікавыя для абітурыентаў», — праінфармавала Ганна Каралёва.

Абітурыентам яна параіла не браць у разлік прахадныя балы мінулага года. «Калі ў чалавека ёсць мара навучацца на пэўнай спецыяльнасці, неабходна падаць дакументы менавіта на яе і маніторыць абстаноўку з бягучымі баламі абітурыентаў. У нашым універсітэце сваё месца ў агульным конкурсе можна адсочваць у сябе ў асабістым кабінеце», — нагадала прадстаўнік БДУ. 

У апошні дзень падачы дакументаў тым, хто будзе знаходзіцца ўнізе рэйтынгавай табліцы, трэба будзе прымаць рашэнне — альбо пераводзіць дакументы, альбо заставацца да канца і рызыкаваць.

«У мінулым годзе самыя высокія прахадныя балы традыцыйна былі на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі (да 391) і на факультэце міжнародных адносін (да 398). Гэта два нашы лідары: адзін гуманітарны профіль, а другі — натуральны», — дадала Ганна Каралёва. 

Прыёмная кампанія на агульных падставах у ВНУ стартуе 12 ліпеня. Белдзяржуніверсітэт плануе прыняць амаль 4,3 тыс. абітурыентаў на вышэйшую адукацыю, з іх больш як 2,6 тыс. месцаў выдзелена на дзённую бюджэтную форму і 112 — на завочную. Платная дзённая форма навучання ўключае амаль 1,4 тыс. месцаў. Дакументы на бюджэт можна падаваць з 12 па 17 ліпеня, унутраныя іспыты пройдуць з 18 па 25 ліпеня. У выпускнікоў профільных класаў і Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка дакументы прымаюцца з 12 па 14 ліпеня, на ваенны факультэт — з 12 па 19 ліпеня. Залічэнне на бюджэт адбудзецца па 27 ліпеня. Падача дакументаў на платную форму будзе адкрыта да 1 жніўня, залічэнне платнікаў адбудзецца 2 і 3 жніўня.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю