Апошнія гады тэме памяці народа надаецца ў нашай краіне асаблівая ўвага. Чаму гэта важна ў век высокіх тэхналогій? Спыталі ў доктара гістарычных навук, дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Віктара Белазаровіча. Сёлета заслугі вучонага былі адзначаны прэміяй «Чалавек года Гродзеншчыны».
Калі падзея становіцца фактам
У 2023 годзе Віктар Белазаровіч абараніў доктарскую дысертацыю, прысвечаную канцэпцыі гісторыі Беларусі.
— З пачаткам суверэннага шляху нашай краіны была прынята нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя гісторыі Беларусі, — гаворыць ён. — Чаму гэта важна? У перыяд СССР яна будавалася на ідэалагічным разуменні гістарычнага працэсу ў рамках палітыкі Савецкага Саюза, і пасля яго распаду страціла сваю актуальнасць. Са з’яўленнем інтэрнэту і развіццём транспартных зносін пачаўся працэс глабалізацыі, які спачатку выглядаў станоўча. Людзі сталі бліжэй, сціраліся межы. Але з цягам часу сталі бачныя і адмоўныя яго бакі.
— Гісторык і час — вечная дылема. Ці можна ацаніць падзею з пункту гледжання гісторыі ў цяперашнім часе, як не сысці ў прагнозы? Важна захоўваць баланс. Але не трэба чакаць дзесяцігоддзі, каб зразумець, што пачатак XXІ стагоддзя, асабліва апошнія 10 гадоў — гэта час глабальных выклікаў, якія паставілі пытанне суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага. Да апошніх можна аднесці каштоўнасці, якія транслююцца дзяржавамі: палітычныя, культурныя, гендарныя. І вось гэтыя надкаштоўнасці пачынаюць сціраць нацыянальныя рамкі, што цягне за сабой страту нацыянальнай ідэнтычнасці. Глабалізацыйны працэс цяпер вельмі сур’ёзны, і паўстала пытанне аб нашай будучыні. Ці мы захаваем свае нацыянальныя ментальнасць, культуру, традыцыі? Ці станем адным з элементаў нейкай міфічнай агульнаеўрапейскай супольнасці? Гібрыдныя войны закранаюць моладзь. Менавіта таму так важна нацыянальна-дзяржаўная канцэпцыя гісторыі Беларусі.
Феномен памяці
Каласальная ўвага да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны не выпадковая. Гэтая падзея найбольш падвяргаецца фальсіфікацыі з боку гісторыкаў і палітычных дзеячаў. Сведкаў тых страшных падзей з кожным годам усё менш, значыць, нашчадкам трэба зрабіць галасы сведкаў больш гучнымі.
— Многія спрабуюць пераасэнсаваць урокі вайны і робяць гэта на ўзроўні масавай свядомасці з улікам змены пакаленняў. Людзі вераць таму, што ім падаецца. Напрыклад, замежныя гісторыкі сцвярджаюць, што Асвенцым вызвалялі амерыканцы, а не войскі Чырвонай Арміі. Хаця самі вязні выказваюць словы падзякі савецкай арміі. Увесь час спрабуюць знівеліраваць подзвіг, які здзейснілі нашы продкі. І прыемна бачыць, што наша моладзь не паддаецца на гэтыя правакацыі. Толькі паглядзіце, як маладыя людзі сустракаюць шэсце «Беларусь памятае» 9 мая, у многіх на вачах слёзы. Яны шчырыя, а гэта значыць, што ўсё, што мы робім у сістэме адукацыі, у ідэалагічнай рабоце, мае правільны кірунак.
Абараняем сваё
Геапалітычнае становішча Беларусі адначасова і дабро, і выпрабаванне. Быць на скрыжаванні дзвюх частак сусвету — значыць мець на сваёй тэрыторыі гандлёвыя шляхі, даступнасць у розныя рэгіёны. Але пры гэтым праз нашу зямлю столькі разоў праходзілі войны, у выніку якіх гінулі людзі, разбураліся гарады... Заўважце, гэта не зрабіла беларусаў жорсткімі, закрытымі, суровымі. Кожны раз жыццё на нашых землях аднаўлялася, гарады вырасталі нанова.


— Ніводную вайну не развязалі беларусы. Мы жадаем жыць у міры і сяброўстве, але, калі ідзе замах на нашы розумы, землі, мы абараняемся. Так было заўжды. І ў 1812 годзе, і ў Першую сусветную, і ў Вялікую Айчынную войны. Народнае супраціўленне і партызанскі рух заўсёды былі масавымі. У нас у краіне памятаюць кожную трагедыю. Звярніце ўвагу на некропалі, мемарыялы, брацкія магілы. Няважна, які год. Усё ў ідэальным парадку, усе помнікі на месцы, ніводзін не знеслі. Гэта і ёсць гістарычны шлях, пабудаваны на працавітасці і ўзаемнай павазе.
У бясконцым патоку інфармацыі важна ўмець аналізаваць усе факты, супастаўляць іх. Гэтаму і вучыць гісторыя. Разбірацца і быць крытычным. Не верыць толькі адной крыніцы. Бо так проста можна паддацца нечаму ўплыву, прыняць чужыя высновы як свае...
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ