Top.Mail.Ru

Чаму маладыя людзі прымаюць удзел у распаўсюджванні і збыце наркотыкаў?

У пастцы лёгкай нажывы

Крымінальная справа ўзбуджана ў дачыненні да дзвюх непаўналетніх дзяўчат, навучэнцаў аднаго з каледжаў. Нягледзячы на прафілактычную работу, якая праводзіцца з імі, у тым ліку прысутнасць на выязным судовым пасяджэнні па справе аб распаўсюджванні наркотыкаў, яны ўсё ж выбралі злачынны шлях. Праз інтэрнэт яны ўладкаваліся ў якасці закладчыц і пры выкананні аднаго з «заданняў» былі затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У дачыненні да падазроных заведзена крымінальная справа і прыменена мера ў выглядзе ўзяцця пад варту.

Пра тое, як падлеткі далучаюцца да злачыннай дзейнасці і што іх чакае, карэспандэнту «Звязды» расказаў следчы па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Павел ЗАЯЦ.

— Нягледзячы на прафілактычную працу, рэгулярную інфармацыю ў СМІ, маладыя людзі па-ранейшаму прымаюць удзел у распаўсюджванні і збыце наркотыкаў. Па якой асноўнай прычыне яны бяруцца за гэта, добра ведаючы, якое суровае пакаранне іх чакае?

— У Беларусі па-ранейшаму дастаткова востра стаіць праблема наркатызацыі насельніцтва і ўцягвання грамадзян, у тым ліку непаўналетніх асоб, у злачынную дзейнасць па распаўсюджванні наркотыкаў. 

Асноўнай прычынай удзелу моладзі, ды і не толькі, у распаўсюджванні наркапрэпаратаў з’яўляецца банальнае імкненне да нажывы, лёгкага і хуткага заробку. А што да пакарання — спадзяюцца, маўляў, «можа пранясе».

Між тым, у следчыя падраздзяленні летась паступіла 4118 паведамленняў аб злачынствах, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. А ў 2024 годзе іх было 4065. Па выніках папярэдняга расследавання накіравана ў суд 1692 крымінальныя справы па абвінавачанні 2014 асоб.

— Як змянілася дынаміка такіх злачынстваў, якім чынам можна скараціць іх колькасць?

— Хачу адзначыць, што істотна скарацілася (з 78 да 47 — на 40%) колькасць абвінавачаных дадзенай катэгорыі ў непаўналетнім узросце. Па 286 скончаным вытворчасцю крымінальным справам 351 асобе прад’яўлена абвінавачанне ў незаконным абароце наркотыкаў у складзе арганізаванай групы. Аднак павялічыліся паказчыкі канфіскацыі наркотыкаў праваахоўнымі органамі — з 693 кг да 1535 кг, гэта значыць на 22 працэнты.

Для барацьбы з такімі злачынствамі неабходна дакладна ажыццяўляць комплексную работу, якая цяпер рэалізуецца ўсімі суб’ектамі прафілактыкі і, безумоўна, не павінны заставацца ў баку бацькі і законныя прадстаўнікі дзяцей. Гэтаму злу можна супрацьдзейнічаць толькі сумеснымі намаганнямі.

— Які эфект дае прафілактычная праца з падлеткамі?

— Ва ўмовах наркапагрозы, якая захоўваецца ў рэспубліцы, вядома, павышаная ўвага следчымі надаецца пытанням прафілактыкі злачынстваў. Па крымінальных справах гэтай катэгорыі накіравана 1251 прадстаўленне і 200 інфармацыйных лістоў аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў. Пры гэтым асаблівую трывогу выклікаюць устаноўленыя факты неналежнай арганізацыі прафілактычнай работы ў некаторых установах адукацыі і адсутнасці належнага кантролю за паводзінамі дзяцей з боку бацькоў.

Так, напрыклад, Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта расследавалася крымінальная справа па абвінавачанні непаўналетняга, які на момант учынення асабліва цяжкага злачынства з’яўляўся навучэнцам каледжа. Юнак у лютым-сакавіку мінулага года дапусціў 44 гадзіны прагулаў заняткаў, неаднаразова ў начны час адсутнічаў у інтэрнаце. Аднак з боку педагогаў прычыны такіх паводзін не высвятляліся. А гэта прывяло да таго, што органы ўнутраных спраў не былі своечасова прыцягнуты да правядзення з ім прафілактычнай работы.

Пінскім міжраённым аддзелам СК расследаваліся дзве крымінальныя справы па абвінавачанні непаўналетніх, якія на момант учынення асабліва цяжкіх злачынстваў дасягнулі ўзросту 15 і 16 гадоў адпаведна. Адзін з іх з’яўляўся вучнем сярэдняй школы, а другі вучыўся ў каледжы. На жаль, з боку законных прадстаўнікоў падлеткаў адсутнічаў кантроль за іх паводзінамі ў пазаўрочны час. А маладыя людзі для ажыццяўлення сваёй злачыннай дзейнасці часта выязджалі з горада ў іншыя населеныя пункты.

Акрамя расследавання непасрэдна крымінальных спраў і шырокага асвятлення наступстваў злачынстваў гэтай катэгорыі, цэнтральным апаратам Следчага камітэта ў рамках выканання патрабаванняў заканадаўства з мэтай устаранення прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню злачынстваў, у Міністэрства адукацыі ў мінулым годзе быў накіраваны інфармацыйны ліст з прапановамі па ўдасканаленні прафілактычнай работы.

Вынікі аналізу следчай практыкі паказваюць, што ўчыненню злачынстваў у многім садзейнічае недастатковая прафілактычная работа з працоўнымі калектывамі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый усіх форм уласнасці. Так што, наперадзе вялікая і карпатлівая работа па прадухіленні ўдзелу непаўналетніх у злачыннай дзейнасці.

Сяргей Ручанаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю