Моцная працоўная каманда
На камбайне загараецца сігнал запоўненага бункера, і кіроўца Вікторыя Пазняк рэагуе імгненна: падводзіць МАЗ пад шнэк камбайна, прымае залаты паток зерня і беражліва адвозіць яго ў гаспадарку. І так дзясяткі разоў за дзень без выхадных. А ў гэту ўборачную маладая працаўніца стала першай у краіне жанчынай-«тысячніцай» на адвозцы збожжа новага ўраджаю.
Вікторыі — 20. Яна — настаўнік пачатковых класаў. Скончыла Лоеўскі дзяржаўны педагагічны каледж і па размеркаванні працуе ў Брагінскай сярэдняй школе выхавацелем групы падоўжанага дня. Але на час летняга адпачынку абавязкова вяртаецца на Лоеўшчыну, у родную вёску Бывалькі. Тут у мясцовай гаспадарцы КСУП «Бывалькі» шмат гадоў працуе механізатарам бацька Вікторыі Ігар Мікалаевіч Пазняк. Сям’я вялікая, у Вікторыі — чатыры браты. Разам з імі яна з дзяцінства часта бывала ў бацькі на машынным двары, назірала, як ён працуе.

У шаснаццаць гадоў дзяўчына атрымала правы на матацыкл, а калі дазволіў узрост — таксама катэгорыю на кіраванне легкавым і грузавым транспартам. Прызнаецца, што ўжо чакае, калі можна будзе далей адвучыцца і атрымаць катэгорыю на кіраванне грузавым аўтамабілем з прычэпам.
Затое летась, як толькі Вікторыя атрымала права кіравання грузавымі аўтамабілямі, адразу з’явілася магчымасць і папрактыкавацца.
— Калі набліжаліся канікулы, патэлефанаваў тата і спытаў: «Вікуша, хутка ў цябе адпачынак? Рук не хапае. Давай да нас на адвозку зерня...» Я пагадзілася. Як села за руль МАЗа, тата з гадзіну, можа, крыху больш, ехаў побач, нешта падказваў, а потым кажа: «Ну ўсё, малайчына, далей сама!», — успамінае дзяўчына.
Першыя тыдні Вікторыя тады паспела папрацаваць і на перавозцы зялёнай масы падчас касавіцы, а на жніве — як кіроўца на адвозцы зерня ад камбайна. Першы сезон, прызнаецца яна, даўся не так лёгка — атрымалася незабыўная працоўная школа, але і адразу вельмі паспяховая. Мінулым летам Вікторыя Пазняк перавезла больш як дзве з паловай тысячы тон збожжа.

— У гэтым сезоне мне ўжо прасцей. Лепш разумею, як спрацаваць яшчэ больш якасна і аператыўна. У час жніва ўвогуле зараджаешся, працуецца з такім імпэтам. І цяпер матывацыя зашкальвае! — дзеліцца эмоцыямі дзяўчына. — Кожную пятніцу раённая газета публікуе вынікі ўборачнай, і, калі я ўбачыла, што іду першай, у мяне з’явіўся яшчэ большы стымул не змяншаць тэмп.
Калі ў мінулым годзе Вікторыі дастаўся стары грузавік, які, здаралася, даводзілася ставіць на рамонт, ды яшчэ і не на адзін дзень, то цяпер яна села за руль новенькага МАЗа. І гэта асобная цікавая гісторыя...
Пасля мінулай уборачнай маладую настаўніцу запрасілі на абласную жнівеньскую педагагічную канферэнцыю ў Гомель.
— Мяне выклікалі на сцэну. Старшыня аблвыканкама асабіста падзякаваў за работу і спытаў, ці ёсць у мяне просьбы ці пажаданні. А я вазьмі і скажы, што гаспадарцы патрэбны новы МАЗ, — расказвае яна і з задавальненнем дадае, колькі «плюшак» у новенькай машыне, а галоўнае — пнеўматычнае сядзенне і сучаснае абсталяванне дазваляюць лягчэй вытрымліваць працяглы працоўны дзень.
— Самае важнае ў гэтай працы — не губляць час і быць уважлівай і сканцэнтраванай. У полі кіроўца на адвозцы збожжа павінен увесь час вельмі пільна сачыць за камбайнамі. Як толькі лямпачка на бункеры сігналізуе, што ён запоўнены, я адразу накіроўваюся да камбайна. Трэба вельмі дакладна выставіць борт пад камбайнавы шнэк, каб збожжа поўнасцю трапляла ў кузаў і нічога не прасыпалася. Пасля загрузкі еду на вагавую, дзе вызначаюць чыстую вагу збожжа. Затым адвожу яго альбо на сушылку, альбо на пляцоўку захоўвання і адразу вяртаюся ў поле, — тлумачыць этапы рабочага працэсу Вікторыя.

За дзень у яе выходзіць да дваццаці рэйсаў. За адну паездку перавозіць ад 7,5 да 15 тон зерня. Найлепшы вынік за змену дасягнуў 190 тон збожжа.
— Спачатку некаторыя кіроўцы крыху крыўдавалі, што ў мяне атрымліваецца хутчэй пад’ехаць да камбайна, бо ў нас няма чаргі — хто першы пад’ехаў, той і прымае збожжа з бункера. Але хутка мы добра спрацаваліся, — усміхаецца Вікторыя.
Адлегласць паміж палямі і зернескладамі можа быць дваццаць, а часам і трыццаць кіламетраў. Цяпер работа кіпіць на далёкіх участках, таму адзін круг можа складаць і каля сарака кіламетраў. Здаралася, за дзень на спідометры набягала да пяцісот кіламетраў!
— У дарозе таксама ўвесь час трэба быць уважлівай — сачыць, каб збожжа не прасыпалася, кантраляваць машыну, каб не з’яўляліся памылкі на панэлі прыбораў, каб, не дай Божа, нідзе не забуксаваць. Пад’езд да вагавой, напрыклад, у нас праходзіць праз пяскі, вельмі акуратна заходзіш на гэты ўчастак. І ўвогуле на шляху расслабляцца нельга, — дадае дзяўчына.
Сёлета яна разлічвае перавезці не менш як 3 тысячы тон збожжа. А пакуль ужо набліжаецца да чарговага рубяжа — 2 тысячы тон перавезенага ад камбайна зерня.
Вядома, бацькі Вікторыі — Ігар і Людміла — радуюцца поспехам дачкі і ганарацца, што ў працы яна такая шчырая і руплівая.

Ды і сама Людміла Мікалаеўна ў гэтым сезоне ўпершыню асвойвае новую для сябе прафесію — памочніка камбайнера. Сямейны экіпаж працуе на новым камбайне «GS12A1 PRO». За дзень, у залежнасці ад таго, на які ўчастак выходзяць і якую культуру ўбіраюць, намалочваюць ад 50 да 70 тон.
— У мяне правы на кіраванне легкавым аўтамабілем і трактарам, але ў камбайне я раней ніколі нават не сядзела, — прызнаецца Людміла Пазняк. — Назірала, як працуе муж, бо новенькі камбайн — космас! Ігар прапанаваў: «Сядай, паспрабуй». Паспрабавала, і аказалася, што атрымліваецца вельмі добра. Цяпер, пакуль муж абедае, я сама саджуся за штурвал камбайна, каб машына не прастойвала.
Што значаць беражлівыя адносіны да кожнага зярнятка ў полі і да сваёй «баявой машыны», лоеўскім працаўнікам тлумачыць не трэба. Сямейны экіпаж выходзіць у поле ў 8.30 (пачынаць работу можна, як спадзе раса), а дадому вяртаецца пасля дзесяці гадзін вечара.
Па словах Людмілы Пазняк, для памочніка вельмі адказны этап — прадзьмуванне, ачышчэнне камбайна. Вечарам пасля змены не менш за гадзіну займае падрыхтоўка машыны да наступнага працоўнага дня.
Сямейны экіпаж Ігара і Людмілы Пазняк набраў добрую хуткасць на жніве. У раёне яны — сярод лідараў, ужо ўбралі збожжавыя на плошчы каля 240 гектараў і набліжаюцца да запаветнай тысячы тон намалочанага збожжа новага ўраджаю.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота газеты «Лоеўскі край»