Гэты тыдзень пачаўся знамянальна: у панядзелак кітайскі чат-бот DeepSeek знёс фондавы рынак ЗША, абрынуўшы капіталізацыю амерыканскіх кампаній на трыльён долараў.
Агульны індэкс тэхналагічных гігантаў са Штатаў на Nasdaq-100 знізіўся амаль на 3 %. DeepSeek паставіў пад сумненне глабальнае тэхналагічнае лідарства Злучаных Штатаў, якое яны актыўна абвяшчаюць. Як вядома, на мінулым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб ператварэнні краіны ў «сусветную сталіцу» штучнага інтэлекту (ШІ), а таксама абвясціў аб стварэнні кампаніі Stargate, якая інвестуе $500 млрд у развіццё ШІ. Пры гэтым амерыканскі лідар сцвярджаў, што ЗША апярэджваюць Кітай у сферы распрацоўкі ШІ-тэхналогій.
З’яўленне DeepSeek абышлося амерыканскай кампаніі-вытворцы мікрачыпаў Nvіdіa амаль у $600 млрд рыначнага кошту. Астатнія тэхналагічныя гіганты, звязаныя з распрацоўкай штучнага інтэлекту, страцілі яшчэ многія дзясяткі мільярдаў долараў. У прыватнасці, кампанія Broadcom патаннела на 17,4 % ці каля $200 млрд. Кошт акцый Mіcrosoft абрынуўся за дзень на 2,14 % (каля $70 млрд), а акцыі ўладальніка Google, кампаніі Alphabet, сышлі ўніз на 4 % ($95 млрд).
Найбагацейшыя людзі планеты страцілі сама меней $108 млрд. Капітал кіраўніка карпарацыі Oracle Лары Элісана скараціўся на $22,6 млрд, кіраўніка NVіdіa Джэнсена Хуанга — на $20,1 млрд, а старшыні савета дырэктараў Dell Майкла Дэла — на $13 млрд. Інвестары актыўна абмяркоўваюць, што скароціцца попыт на чыпы амерыканскіх кампаній.
Партал Defense One паведаміў, што поспех кітайскай кампаніі DeepSeek у распрацоўцы свайго чат-бота прымусіць ЗША перагледзець стратэгію развіцця штучнага інтэлекту і падыходы да нацыянальнай бяспекі. Спецыяліст па штучным інтэлекце і малых ШІ-мадэлях Рытвік Гупт адзначыў, што не будзе здзіўлены, калі Пентагон пачне актыўна падтрымліваць амерыканскія аналагі з адкрытым зыходным кодам. Паводле яго слоў, мінабароны «заўсёды мае магчымасць прымусіць распрацоўшчыкаў стварыць спецыялізаваныя версіі камерцыйных воблачных сэрвісаў, разгорнутыя непасрэдна на магутнасцях Пентагона». Эксперт адзначыў, што абароннае ведамства ЗША можа «папрасіць OpenAІ і Claude» зрабіць ШІ-мадэль на тых жа прынцыпах, што і DeepSeek.
Кітайскі стартап быў заснаваны ў ліпені 2023 года ў Ханчжоў выпускніком Чжэцзянскага ўніверсітэта інжынерам-электроншчыкам Лянам Вэнфэнем. Кампанію фінансуе кітайскі хэдж-фонд Hіgh-Flyer, які сам Лян і заснаваў у 2015-м. У Hіgh-Flyer ён зарабіў капітал, выкарыстоўваючы штучны інтэлект для выяўлення заканамернасцяў, якія ўплываюць на кошты акцый, а пазней заявіў аб намеры распрацаваць ШІ ўзроўню чалавечага інтэлекту, запусціўшы ўжо сусветна вядомы DeepSeek. У каманду стартапа ўваходзяць маладыя выпускнікі вядучых кітайскіх універсітэтаў.
Заснавальнік Telegram Павел Дураў лічыць, што кітайскі прагрэс у эфектыўнасці алгарытмаў не ўзнік на пустым месцы, бо мясцовыя студэнты «ўжо даўно апярэджваюць іншых у матэматыцы і праграмаванні на міжнародных алімпіядах». Кіраўнік OpenAІ Сэм Альтман назваў нашумелую ШІ-мадэль DeepSeek «уражлівай», улічваючы яе магчымасці за свой кошт. Марк Цукерберг адзначыў, што Meta аналізуе дасягненні кітайскага стартапа і спадзяецца ўкараніць некаторыя з іх у свае праекты.
Аналітыкі Morgan Stanley адзначаюць, што «падыход DeepSeek можа натхніць бігтэхі на інавацыі». На іх думку, гэта добрая навіна для рынку, паколькі прагнозы акупляльнасці інвестыцый у штучны інтэлект могуць значна палепшыцца і галіна стане больш даступнай.
Тым часам стала вядома, што яшчэ адна кітайская кампанія — Alіbaba Group Holdіng Ltd. — прадставіла абноўленую ШІ-мадэль, падкрэсліўшы, што яна пераўзыходзіць рашэнні Meta і DeepSeek па ключавых тэстах прадукцыйнасці. Згодна з афіцыйнай заявай, новая распрацоўка паказала сусветны ўзровень у шэрагу незалежных тэстаў.