Электронныя сэрвісы, інтэрнэт-банкінг, дыстанцыйная работа і вучоба, сацыяльныя сеткі, інтэрнэт-магазіны і маркетплэйсы — усё гэта настолькі трывала ўвайшло ў нашу штодзённасць, што часам цяжка паверыць, як мы жылі без гэтага раней. Але чым больш мы паглыбляемся ў свет інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, тым больш уразлівымі становімся для інтэрнэт-злачынцаў.
Як адзначаюць спецыялісты Галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці крымінальнай міліцыі МУС Беларусі, кіберзлачыннасць не стаіць на месцы, а актыўна ідзе ў нагу з часам: з развіццём тэхналогій мяняюцца схемы і спосабы падману. Асобную турботу выклікае ўжыванне штучнага інтэлекту ў злачыннай дзейнасці. Па статыстыцы жанчыны (65 %) часцей за ўсё становяцца ахвярамі тэлефонных ашуканцаў, якія выманьваюць грошы шляхам псіхалагічных маніпуляцый (77,9 %), куплі-продажу тавараў і аказання паслуг (65,6 %), дабрачыннасці (100 %).
Мужчыны (84,8 %), як правіла, становяцца ахвярамі махлярства, звязанага з выкарыстаннем сайтаў знаёмстваў. Большасць пацярпелых ад інтэрнэт-махлярстваў ва ўзросце ад 30 да 49 гадоў, людзі сарэйшыя за 50 гадоў больш схільныя да махлярстваў, звязаных з дапамогай сваякам. Найбольш распаўсюджаным спосабам інтэрнэт-крадзяжу грашовых сродкаў з’яўляецца тэлефоннае махлярства ў розных мадыфікацыях.
Аферысты называюцца работнікамі банкаў, камунальных службаў, водаканала, энерганагляду, службаў газу і сувязі, супрацоўнікамі праваахоўных і дзяржаўных органаў, нават вашымі знаёмымі і сваякамі, кіраўнікамі арганізацый і ўстаноў. Каб выкрасці грошы ашуканцы пад рознымі падставамі спрабуюць завалодаць асабістымі данымі, у тым ліку коды з смс.
Часта яны дзейнічаюць у пары. Напрыклад, першы пад маркай замены ключоў ад дамафона выманьвае лічбавы код з смс, а другі ашуканец, называючы сябе праваахоўнікам, пагражае правядзеннем вобыску і канфіскацыяй грашовых сродкаў за перадачу таго самага кода.

Або іншы прыклад. Адзін ашуканец прадстаўляецца кіраўніком вашай арганізацыі і палохае падазрэннем у экстрэмісцкай дзейнасці і правядзеннем вобыску, а другі ўжо ад імя нібыта праваахоўніка прапануе «дапамогу» ў вырашэнні дадзенай праблемы: для гэтага толькі трэба перавесці грошы на «часовы рахунак» або перадаць іх кур’еру.
Трэба памятаць, што ніякіх часовых рахункаў не бывае і вярнуць свае грошы з чужога рахунку немагчыма.
Зарэгістраваны выпадкі, калі падлеткаў пад пагрозай прыцягнення да адказнасці, ашуканцы прымушалі адкрыць дамашні сейф і перадаць асабіста кур’еру грошы бацькоў.
Абодва наступныя выпадкі адбыліся ў кастрычніку гэтага года ў Мінскім раёне. Школьнік пасля размовы з незнаёмкай у месенджары вынес з дому 70 тысяч долараў. У дадзеным выпадку суразмоўніца даведалася геалакацыю яго школы па адпраўленым фота, пасля чаго школьнік атрымаў відэа, у якім чалавек у балаклаве з украінскім сцягам паведаміў яму, што ўзламаў акаўнт яго анлайн-сяброўкі і зараз валодае ўсёй інфармацыяй з іх перапіскі.
Адразу на сувязь з хлопцам выйшаў невядомы, які назваўся супрацоўнікам міліцыі і паведаміў, што перадача геалакацыі замежніку цягне за сабой крымінальную адказнасць.
Неўзабаве з’явіўся яшчэ адзін псеўдаміліцыянер, які пад маркай дэкларавання запатрабаваў паказаць, колькі грошай ёсць у доме. На працягу тыдня ашуканцы вымагалі ў хлопца інфармацыю і пагражалі яму.
У выніку падлетак даведаўся ў бацькі код ад сейфа і сфатаграфаваў грошы. На наступны дзень з ім звязаўся ўжо нібыта супрацоўнік КДБ, які запатрабаваў тэрмінова перадаць грошы кур’еру. Хлопчык паклаў усе грошы ў заплечнік і пакінуў яго ў лесе. Усе дзеянні ён трансліраваў у прамым эфіры. Грошы бацькі збіралі на рамонт свайго дома.
У другім выпадку 15-гадовую дзяўчыну невядомы па тэлефоне пераканаў, што неабходна задэклараваць усе зберажэнні бацькоў. Па яго загадзе яна аддала кур’еру 55 тысяч долараў. Грошы бацькі збіралі ёй на кватэру.
Таксама ашуканцы выкарыстоўваюць і іншыя схемы падману. Аферыст па тэлефоне прадстаўляецца работнікам банка або прадпрыемства сувязі (Белтэлекам, А1, МТС) і пераконвае абнавіць мабільны дадатак, для чаго неабходна спампаваць і ўстанавіць на тэлефон падроблены дадатак, накіраваны спасылкай або файлам (*.apk) у месенджары. Часта такія фэйкавыя праграмы даюць аддалены доступ да прылады і ашуканец «бачыць» усё, што адбываецца на экране.
Нярэдка гэтага бывае дастаткова, каб выкрасці грошы. У апошні час з’явілася яшчэ адна магчымасць. Пасля ўстаноўкі дадатку ашуканец просіць перадаць пін-код і паднесці банкаўскую карту да задняга боку тэлефона (да модуля NFC). Так ашуканец атрымлівае дублікат вашай банкаўскай карты і таксама можа выкрасці адтуль вашы грошы.
Нельга выконваць ніякіх дзеянняў, звязаных з фінансамі, па ўказанні незнаёмых, кім бы яны не прадставіліся.
Больш за ўсё людзей становяцца ахвярамі кіберзлачынцаў пры спробе купіць тавар па заманлівай цане ў сацыяльных сетках або месенджарах. Часта ў ашуканскіх акаўнтах «прадаюць» адзенне, смартфоны, аўтамабільныя шыны, садовыя крэслы, кветкі, рыбу, штучныя навагоднія ёлкі і многае іншае, тое, што трэба дастаўляць кур’ерам, а не поштай. Сцеражыцеся падазрона нізкіх цэн і не пераводзьце перадаплату за тавар ці паслугу, выбірайце аплату накладзеным плацяжом. Перш чым пагадзіцца на пакупку, праверце наяўнасць у прадаўца сайта ў беларускім сегменце інтэрнэту і стэлефануйцеся з ім. Старанна правярайце інфармацыю аб прадаўцу.
Нараўне з названымі буйныя крадзяжы ашуканцы здзяйсняюць з выкарыстаннем падробленых інвестыцыйных або крыптаплатформаў.
Размяшчаючы рэкламу ў Інтэрнэце, яны могуць выкарыстоўваць відэа з вядомымі людзьмі — палітыкамі, спартсменамі, нават вядомымі блогерамі, якія агучаны фразамі, згенерыраванымі з дапамогай штучнага інтэлекту.

Напрыклад, на відэа можа быць вядомая тэлевядучая, якая ў рэпартажы расказвае пра нібыта новую магчымасць хуткага заробку, ці дырэктар буйной кампаніі дае інтэрв’ю, што многія ўжо карыстаюцца пэўным рэсурсам і атрымліваюць грошы, хаця насамрэч усе словы — гэта ўсяго толькі вынік работы нейрасетак. З зацікаўленымі звязваюцца так званыя куратары або «брокеры» і пераконваюць удзельнічаць у інвесціраванні або праграме на тым самым рэсурсе. Для атрымання пасіўнага даходу прапануюць укласці грошы ў прыбытковы праект. Часта ахвяр падахвочваюць да афармлення крэдытаў для пераводу вялікай сумы.
Насамрэч укладчыку проста «малююць» яго прыбытак на сайце і ніколі не даюць магчымасці вывесці яго грошы.
Трэба разумець, што лёгкіх грошай не бывае, а бясплатны сыр — толькі ў пастцы. Вярнуць нават свае грошы, «укладзеныя» падобным чынам, немагчыма. Не кажучы пра нейкі «прыбытак».
Адным з новых спосабаў, якія набіраюць абароты, з’яўляецца вымаганне за разблакіроўку Iphone.
Спачатку аферыст у перапісцы даведваецца аб наяўнасці Iphone ў будучай ахвяры, а потым пад рознымі падставамі пераконвае ўвайсці ў яго ICloud. Напрыклад, для таго, каб быццам дапамагчы ў аднаўленні фатаграфій, захаванні дыплома, магчымасці прайсці ўзровень у гульні або атрымаць для свайго віртуальнага героя гульнявую маёмасць, зброю ці нейкую здольнасць. Пасля ўваходу ў ICloud ашуканца Iphone ахвяры блакіруецца. Для яго разблакіроўкі прапануецца заплаціць суму, у залежнасці ад мадэлі, якая перавышае 1000 рублёў.
Гэта не ўсе, але самыя актуальныя і распаўсюджаныя на сёння схемы, і з часам яны могуць мяняцца. Каб не стаць ахвярай кіберзлачынцаў, неабходна заўсёды адэкватна ацэньваць свае дзеянні і як бы вас не запалохвалі, не паддавацца паніцы і страху.
Праваахоўнікі папярэджваюць: будзьце пільныя і беражыце свае грошы!