Top.Mail.Ru
249

Чаму грып патрабуе тэрміновага лячэння?

У нашай краіне на люты звычайна прыпадае пік захваральнасці на рэспіраторныя інфекцыі, у тым ліку і на грып. Засцерагчыся ад апошняга вельмі няпроста — гэта высокакантагіёзнае (заразнае) інфекцыйнае захворванне, ад якога штогод пакутуе ў сярэднім 10 % насельніцтва. Акрамя таго, грып зусім не бяскрыўдны: для дзяцей, пажылых людзей і тых, чый імунітэт аслаблены, інфекцыя вельмі небяспечная. Лячэнне грыпу нельга пускаць на самацёк.


Нагадваем пра асноўныя сімптомы хваробы і прыкметы, па якіх яна адрозніваецца ад іншых ВРВІ, а таксама асаблівасці лячэння.

Тэмпература, сухасць у носе, кашаль

Грып — вострае інфекцыйнае захворванне дыхальных шляхоў, якое выклікае аднайменны вірус. Эпідэмічнае значэнне для людзей маюць вірусы, якія змяшчаюць тры падтыпы HA (H1, H2, H3) і два падтыпы NA (N1, N2).

— Уваходнымі варотамі для віруса грыпу з’яўляюцца клеткі мігальнага эпітэлію верхніх дыхальных шляхоў — носа, трахеі, бронхаў. У такіх клетках вірус размнажаецца і прыводзіць да іх разбурэння і гібелі. Гэтым тлумачацца раздражненне верхніх дыхальных шляхоў, кашаль, чханне, заложаны нос. Пранікаючы ў кроў і распаўсюджваючыся па целе, вірус аказвае непасрэднае таксічнае ўздзеянне, якое праяўляецца павышэннем тэмпературы, дрыжыкамі, міялгіяй, галаўным болем. Акрамя таго, вірус павышае сасудзістую пранікальнасць. Можа выклікаць і прыгнёт ахоўных сістэм арганізма, што абумоўлівае далучэнне другаснай інфекцыі і ўскладненні, — тлумачыць урач-інфекцыяніст 11-й гарадской паліклінікі Мінска Андрэй Макарэвіч.

Сімптомы грыпу не з’яўляюцца спецыфічнымі, гэта значыць без асаблівых лабараторных даследаванняў немагчыма дакладна адрозніць грып ад іншых ВРВІ. На практыцы дыягназ «грып» устанаўліваецца на падставе толькі эпідэмічных даных, калі назіраецца павышэнне захваральнасці на ВРВІ сярод насельніцтва акрэсленай мясцовасці.

Тыповая грыпозная інфекцыя пачынаецца звычайна з рэзкага ўздыму тэмпературы цела (да 38 °C — 40 °C), якая суправаджаецца звычайнымі сімптомамі інтаксікацыі: дрыжыкамі, болямі ў мышцах, галаўным болем, пачуццём стомленасці і трымаецца 3-4 дні. Выдзяленняў з носа, як правіла, няма, наадварот, ёсць выяўленае пачуццё сухасці ў носе і глотцы. Звычайна з’яўляецца сухі, напружаны кашаль, які суправаджаецца болем за грудзінай.

У адрозненне ад іншых ВРВІ для грыпу існуе этыятропная тэрапія (азельтамівір, занамівір) і спецыфічная прафілактыка — вакцынацыя. Адмысловую групу пацыентаў складаюць цяжарныя. Усім, незалежна ад тэрміну цяжарнасці, рэкамендавана супрацьвірусная тэрапія. Што датычыцца вакцынацыі, то яна таксама апраўдана ў другім і трэцім трыместрах, а па некаторых звестках і ў першым.

Якія могуць быць ускладненні?

Наступствы грыпу бываюць нашмат цяжэй самога захворвання. Змучаны інфекцыяй арганізм ужо не ў сілах справіцца з другой хваляй бактэрый. 

І таму вельмі часта ўскладненні ад грыпу пераходзяць у хранічныя хваробы.

Такім чынам, пад удар трапляюць верхнія дыхальныя шляхі (з-за чаго ўзнікаюць такія ўскладненні, як атыт, сінусіт, гаймарыт), лёгкія (пнеўманія, бранхіты), нервовая сістэма (неўралгіі, неўрыт, менінгіт), сардэчна-сасудзістая сістэма (інфаркт, міякардыт, вострая сардэчная недастатковасць), ныркі і мочавыводныя шляхі (цыстыт, піеланефрыт), хранічныя захворванні (абвастрэнні цукровага дыябету, парушэнні абмену рэчываў, рэўматызм, бранхіяльная астма), 
мозг (менінгіт, арахнаідыт, інсульт), мышцы (міязіт).

Хвароба моцна прыгнятае імунітэт, і бактэрыі пры слабых ахоўных сілах арганізма пачынаюць размнажацца ўзмоцненымі тэмпамі. У большасці выпадкаў да гэтага прыводзіць незахаванне плана лячэння і рэкамендацый урача. У шматлікіх выпадках хвароба пераносіцца на нагах, не выконваецца пасцельны рэжым. Часта замест звароту да спецыялістаў мае месца самалячэнне. Хворы пачынае адчуваць паляпшэнне ад прыёму моцных прэпаратаў ужо на другі дзень, але гэта не азначае перамогу над вірусам. Лячыцца трэба мінімум сем, а лепш дзесяць дзён. Калі гэты перыяд невытрыманы, пачынаюцца агульнае недамаганне, слабасць, з’яўляюцца кашаль і галаўны боль — гэта ўскладненні грыпу.

Самае частае з іх — гэта постгрыпозная пнеўманія (запаленне лёгкіх). Яе вельмі проста вызначыць. Пасля асноўнага лячэння надыходзіць перыяд палягчэння, затым з’яўляюцца такія сімптомы, як раптоўнае павышэнне тэмпературы да 39 °С, дрыжыкі, боль у грудной клетцы, моцны кашаль, скурны сып, выдзяленне макроты або харканне крывёй. Да ўрача трэба звярнуцца абавязкова. Вельмі важны своечасовы пачатак лячэння. Часта яго праводзяць у стацыянары. Шмат сярод хворых людзей сталага веку і дзяцей.

Найбольш небяспечны — для пажылых

Грып у пажылых людзей праяўляецца прыкладна гэтак жа, як і ў астатніх людзей, але ім усё ж пераносіць інфекцыю нашмат складаней: арганізм ужо не працуе так бездакорна, як раней; функцыі многіх органаў, у тым ліку і імунных, часткова парушаны.

У людзей, старэйшых за 60 гадоў, нашмат часцей развіваюцца пнеўманія, бранхіт і танзіліт, чым у маладзейшых людзей. А ў тых, каму ўжо споўнілася 85 гадоў, рызыка ўзнікнення абцяжаранага грыпу прыкметна павышаецца: яны займаюць першае месца па небяспецы ўскладненняў пасля гэтага захворвання, а на другім месцы — людзі, старэйшыя за 75 гадоў.
У пажылых людзей ужо значна слабей праяўляецца кашлевы рэфлекс. Таму іх органы дыхання пашкоджваюцца больш, чым у маладых людзей. Калі ў пажылога чалавека назіраюцца прыкметы абвастрэння ці пераносіць грып стала вельмі складана, трэба звярнуцца да ўрача неадкладна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю