Top.Mail.Ru

Чаму ЭЛП патрэбны кожнаму?

На «лічбавыя рэйкі» Беларусь пераходзіць досыць хутка, канстатуюць у Нацыянальным цэнтры электронных паслуг. У прыярытэце спецыялістаў НЦЭП —распрацоўка новых электронных сэрвісаў на партале «Е-Паслуга», якія дазволяць яшчэ большую колькасць патрэб вырашаць у некалькі клікаў, без неабходнасці збору пакета дакументаў і чакання ў чэргах. А таксама працяг работы над стварэннем хуткіх і дакладных працэдур ідэнтыфікацыі асобы і зручнага 
выкарыстання электроннага лічбавага подпісу.


— Сёння электронны лічбавы подпіс (ЭЛП) ператвараецца ў публічную гісторыю, — адзначыў намеснік начальніка рэспубліканскага цэнтра засведчанняў РУП «Нацыянальны цэнтр электронных паслуг» Дзмітрый МАСКАЛЁЎ.

Тэхналогія можа быць запатрабавана грамадствам, калі ёсць паслугі, якія дазваляюць яе выкарыстоўваць зручна і камфортна, падкрэсліў спецыяліст. Улічваючы, што на Адзіным партале электронных паслуг «Е-Паслуга» колькасць такіх паслуг, якія прадастаўляюць у першую чаргу дзяржорганы, з году ў год павялічваецца, расце і цікавасць да тэхналогіі ЭЛП. Так, у 2024 годзе на партале з’явіўся 151 новы сэрвіс, у 2025 — 145, а ў гэтым годзе — ужо 87 новых электронных паслуг. Электронны лічбавы подпіс дазваляе атрымаць доступ да максімальна шырокага спектра электронных паслуг і адміністрацыйных працэдур, растлумачыў спецыяліст.

— З развіццём электронных сэрвісаў расце патрэба ў сродках электроннага лічбавага подпісу. ЭЛП шырока выкарыстоўваецца ў сістэмах электроннага дакументаабароту, для падачы падатковых дэкларацый, статыстычнай і іншай справаздачнасці ў электронным выглядзе, — распавёў прадстаўнік НЦЭП.


Як атрымаць ЭЛП

У нашай краіне створана сетка з 49 пунктаў на базе 15 рэгістрацыйных цэнтраў, дзе аказваецца поўны спектр паслуг па выпуску сертыфікатаў адкрытых ключоў і выдачы сродкаў ЭЛП ва ўсіх абласных, а таксама буйных раённых цэнтрах, інфармавалі прадстаўнікі НЦЭП. 

З 2014 года ўжо выдадзена больш за 3 мільёны такіх сертыфікатаў. 

На сённяшні дзень асабісты ключ, які дазваляе выкарыстоўваць тэхналогію ЭЛП, можна атрымаць альбо ў выглядзе фізічнага носьбіта інфармацыі (ён падобны на флэшку) — першы раз для гэтага трэба прыйсці ў электронны цэнтр, скажам так, афлайн, а ў далейшым падаўжаць ЭЛП можна ўжо анлайн. А можна атрымаць ІD-карту, тэрмін дзеяння якой — 10 гадоў: там ад пачатку запісаныя асабістыя ключы і сертыфікаты фізічнай асобы на ўвесь тэрмін дзеяння карты, у тым ліку і яе электронны лічбавы подпіс.

Альтэрнатыўны варыянт

Зрэшты, для строгай і бяспечнай аўтэнтыфікацыі на партале «Е-Паслуга» распрацаваны таксама ўнікальны ідэнтыфікатар. Ён уяўляе сабой паслядоўнасць знакаў, ідэнтычную ідэнтыфікацыйнаму нумару ў дакуменце, што сведчыць асобу грамадзяніна. Выдаецца ён службамі «Адно акно» без платы, на падставе асабістага звароту грамадзяніна з адпаведнай заявай, пры прад’яўленні ім дакумента, які сведчыць асобу, пасля зверкі даных аб грамадзяніне са звесткамі, якія ўтрымліваюцца ў дзяржаўных інфармацыйных рэсурсах Міністэрства ўнутраных спраў. І гэта дае грамадзяніну права доступу да большасці паслуг, прадстаўленых на партале «Е-Паслуга». Без электроннага лічбавага подпісу застаюцца недаступнымі толькі тыя працэдуры, якія патрабуюць падпісання ў электронным выглядзе запытаў, дакументаў, заяў.


Воблачны подпіс

Сёлета плануецца ўкараненне і воблачнага электроннага лічбавага подпісу, распавялі спецыялісты Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг. Зараз ідзе тэсціраванне тэхналогіі. Воблачны лічбавы подпіс стане спосабам ідэнтыфікацыі суразмоўцы пры электронным камунікаце, інструментам паўсядзённага ўзаемадзеяння грамадзян і бізнесу з дзяржавай і паміж сабой, які не патрабуе дадатковых тэхнічных сродкаў. Тэхналогія воблачнага подпісу дазваляе не насіць з сабой ні ключ, ні ІD-карту. Проста мець смартфон з устаноўленым на ім дадаткам, што дае магчымасць кіраваць асабістым ключом, які знаходзіцца ў воблаку.

— Тэхналогія адпавядае ўсім патрабаванням бяспекі, улічваючы, што ў працэсе задзейнічаюцца персанальныя даныя грамадзян, — падкрэсліў Дзмітрый Маскалёў. — Грамадзяне, якія маюць сродак ЭЛП, змогуць атрымаць воблачны электронны лічбавы подпіс дыстанцыйна, праз асабісты кабінет, — рэзюмаваў ён.

Зарэгістраваць гадаванца? У некалькі клікаў

Сёння «ў лічбу» пераведзены электронныя паслугі і адміністрацыйныя працэдуры Дзяржаўнага мытнага камітэта, партал «Е-Паслуга» папоўніўся адміністрацыйнымі працэдурамі Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, сэрвісамі Міністэрства транспарту і камунікацый. Не так даўно на «Е-паслузе» з’явілася новая катэгорыя «Аб’екты прамысловай уласнасці». А да канца бягучага года і рэгістрацыя хатніх жывёл стане магчымая праз «Е-Паслугу», распавяла начальнік аддзела электроннай камерцыі Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Святлана КАРАНЕВІЧ.

Сярод іншых запатрабаваных і чаканых грамадствам працэдур бліжэйшым часам павінны стаць даступныя такія электронныя паслугі, як дазвол падзелу зямельных участкаў, узгадненне перапланіровак жылых і нежылых памяшканняў, выдача даведак органаў ЗАГСа, узгадненне ўстаноўкі на даху або фасадзе індывідуальных антэн. А сярод сэрвісаў, ужо дададзеных на «Е-Паслугу» сёлета — пастаноўка на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама пастаноўка дзяцей на ўлік у дзіцячыя сады.

— Праз партал можна атрымаць даведкі аб складзе сям’і, налічаных субсідыях альбо льготах, аб выплачаных падатках або аб сумах, якія трэба вярнуць у выніку выплаты падаткаў, — сказала Святлана Караневіч.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю