Многія бацькі сутыкаліся з сітуацыяй, калі дзіця атрымала траўму, але не адразу заўважыла.
У чым прычына таго, што пераломы дзяцей менш прыкметныя і балючыя, чым у дарослых? Як правільна арганізаваць лячэнне і рэабілітацыю? Пра гэта расказвае ўрач траўматолаг-артапед Арцём СІМАНЕНКА.
— Чаму ў дзяцей пераломы часта адчуваюцца менш, чым у дарослых?
— Гэта адно з найбольш распаўсюджаных пытанняў ад бацькоў. Справа ў тым, што ў дзяцей касцявая тканка вызначаецца асаблівай структурай і ўласцівасцямі. У адрозненне ад дарослых, у якіх косці больш шчыльныя і іх пераломы часта суправаджаюцца моцным болем, ацёкам і характэрнымі прыкметамі, у дзяцей сітуацыя іншая.
Сярод ключавых прычын гэтага — высокая пластычнасць касцей. У дзяцей яны больш эластычныя і здольныя выгінацца і паглынаць механічную нагрузку без поўнага разрыву. Таму нават пры наяўнасці пералому касцявая тканка можа не цалкам разрывацца, а толькі трэскацца ці пераломвацца часткова.
Адыграе ролю і наяўнасць вялікай колькасці храстковай тканкі. У вобласці росту і ў перыферыйных участках у дзяцей прысутнічае значная колькасць храстковай тканкі, якая амартызуе ўдар і зніжае адчуванне болю. Да таго ж у дзяцей нервовыя канчаткі ў касцявой і навакольных тканках менш адчувальныя ў параўнанні з дарослымі.
У выніку боль пры пераломе можа быць слабым ці нават адсутнічаць у першыя гадзіны пасля траўмы.
Важны і псіхалагічны фактар: дзеці, асабліва малодшага ўзросту, могуць не ўсведамляць ці не ўмець выказаць свой боль, што таксама ўскладняе дыягностыку. Акрамя таго, у дзяцей хуткі абмен рэчываў і аднаўленчыя працэсы. За кошт высокай рэгенератыўнай здольнасці арганізма боль можа хутка сціхаць, асабліва пры своечасовым лячэнні. Такім чынам, спалучэнне фізіялагічных асаблівасцяў робіць дзіцячыя пераломы менш відавочнымі і менш балючымі ў першыя гадзіны і нават дні пасля траўмы.
— Якія прыкметы паказваюць на магчымы пералом у дзіцяці, калі яно само не скардзіцца на моцны боль?
— Бацькам важна ведаць, што адсутнасць моцнага болю не выключае наяўнасць пералому. Сярод прыкмет, на якія варта звярнуць увагу, — парушэнне функцыі канечнасці, немагчымасць падняць руку ці нагу, абмежаванне руху; скажэнне формы або асіметрыя канечнасці, скрыўленне; ацёк, пачырваненне ці сінякі ў вобласці траўмы; халоднасць ці бледнасць скуры ў месцы траўмы; скаргі на дыскамфорт, нават калі болю відавочна няма; непрыемныя адчуванні пры дотыку або спробе рухаць канечнасцю; магчымае бразганне або адчуванне храбусцення пры руху. Калі ёсць хоць адна з прыкмет, неабходна як мага хутчэй звярнуцца да спецыяліста.
— Чым адрозніваецца лячэнне пераломаў дзіцячых ад дарослых? Якія асаблівасці трэба ўлічваць?
— Лячэнне дзіцячых пераломаў мае нюансы, звязаныя з фізіялогіяй арганізма дзіцяці. Дзякуючы высокай рэгенератыўнай здольнасці ў дзяцей косці аднаўляюцца хутчэй, таму лячэнне часта менш працяглае, чым у дарослых. Таксама варта мець на ўвазе імклівы рост касцей.
У перыяды, калі ён актыўны, неабходна ўважліва сачыць за правільнасцю зрастання і фарміраваннем касцявой тканкі, каб не парушыць развіццё.
Варта выкарыстоўваць зберагальныя метады фіксацыі. У большасці выпадкаў урачы аддаюць перавагу мяккім гіпсавым павязкам ці сучасным артэзам, пазбягаючы цвёрдай фіксацыі, якая можа паўплываць на рост.
— Якія метады лячэння найбольш эфектыўныя для аднаўлення пасля пералому?
— Пасля таго, як праведзены ўсе мерапрыемствы па фіксацыі касцей, варта падумаць аб правільнай рэабілітацыі не толькі пасля зняцця гіпсу або фіксуючых артэзаў, але і ў працэсе зрастання пералому. Нямногія ведаюць, але падчас зажыўлення можна выкарыстоўваць фізіятэрапеўтычныя метады — электрафарэз, лазерную тэрапію, магнітатэрапію для паскарэння рэгенерацыі.
Важна азадачыцца і забеспячэннем паўнавартаснага харчавання — багатага кальцыем, вітамінам D, бялкамі і мікраэлементамі, што спрыяе ўмацаванню касцявой тканкі. У рэабілітацыйных медыцынскіх цэнтрах урач можа прапанаваць і лячэбную фізкультуру. Гэта неабходна для аднаўлення рухаў і мышачнага тонусу пасля зажыўлення. Важна, каб лячэнне і рэабілітацыя прызначаліся спецыялістам, улічваючы ўзрост, тып пералому і індывідуальныя асаблівасці дзіцяці.
Не трэба недаацэньваць рэабілітацыю ў працэсе зажыўлення і пасля — гэта неад’емная частка лячэння для больш хуткага аднаўлення функцыі і папярэджання ўскладненняў. А яшчэ абавязкова пазбягаць празмерных нагрузак у першыя месяцы пасля траўмы і строга выконваць рэкамендацыі ўрача.
Алена КРАВЕЦ