Top.Mail.Ru

Чаму далікатная бландзінка выбрала замест якога-небудзь офіса камбайн?

Карэспандэнт газеты «Звязда» адправілася ў Воранаўскі раён, каб сустрэцца з жамчужынай КСУП «Эліт-Агра» — Інэсай БУНЕВІЧ, якая ўжо шэсць гадоў водзіць трактар і пяць — камбайн. Дзяўчына прывыкла да ўвагі рэпарцёраў і ставіцца з разуменнем да цікавасці прэсы.


«Калі ласка, на борт!»

Магу назваць сябе ўдачлівым чалавекам, бо ў камандзіроўках мяне амаль заўсёды суправаджае сонца. Вось і на гэты раз я была ў полі пад сонечнымі промнямі і назірала, як камбайны-караблі збіраюць ураджай. На борце аднаго з гэтых гігантаў — Інэса. Я са здзіўленнем назірала і чакала, пакуль гераіня рэпартажу спыніцца.

Мяне сустрэла высокая доўгавалосая бландзінка. У вушах — завушніцы-кольцы, на шыі — упрыгожванне, на запясцях — бранзалеты. Вялікія блакітныя вочы, апраўленыя радамі пышных веек. Такую дзяўчыну хутчэй чакаеш сустрэць у прыёмнай з тэлефонам у руках. Так, ведаю, стэрэатып, але дзяўчат-механізатараў пакуль не так шмат.


Інэса запрасіла мяне на борт, і мы паплылі па полі. Яна запэўніла, што я не перашкаджаю яе працы і магу задаваць усе пытанні, якія мяне цікавяць. Вядома, мяне цікавіла, як так выйшла, што мая суразмоўніца села за руль камбайна.

— Гэта проста мая мара, якую я здзейсніла, — усміхнулася Інэса. — З самага дзяцінства я вельмі шмат часу праводзіла з дзядулем, які усё жыццё працаваў у сельскай гаспадарцы. І ён ніколі не быў супраць таго, што я цікаўлюся тэхнікай. Наадварот, ахвотна мне пра ўсё расказваў. Да таго ж мае дзве цёткі, маміны сёстры, таксама пайшлі па яго слядах. Я паступіла ў Воранаўскі прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці. Вучыцца мне падабалася, я поўнасцю была задаволеная!


Але мама Інэсы была супраць такога выбару, спрабавала ўсяляк адгаварыць дачку. Аднак дзядуля сказаў, што калі яго ўнучка нешта вырашыла, то яе ніхто не пераканае адмовіцца, і ўсім нязгодным прыйшлося змірыцца. Цяпер дзяўчыне 23 гады, у полі яна з 17. Пачынала з трактара, а ў 18 ёй даверылі камбайн. І яна не проста яго водзіць, а разбіраецца ў тэхніцы, можа аператыўна ўстараніць нейкую паломку. Так, нешта сур’ёзнае вырашаецца ў майстэрнях, але яна ў цэлым добра даглядае свой камбайн сама. Нешта падмажа, падкруціць...

«Нікуды не збіраюся сыходзіць»

Калі я спытала, што самае складанае ў працы, і меркавала пачуць нешта накшталт «напружаны графік» ці «доўгія змены», Інэса ў момант адказала:

— Самае складанае ў працы — гэта калі не можаш выйсці ў поле. Напрыклад, калі ідзе дождж. Ураджай гатовы, можна збіраць, а ты сядзіш. Яшчэ страшнейшае чаканне, калі з надвор’ем усё добра, але здарылася паломка ў камбайне. І ты разумееш, што ўборка ідзе, але без цябе. Усё астатняе — гэта проста частка бягучых задач, у якіх я не бачу чагосьці складанага.

Інэсу з радасцю прынялі на работу. Якіх-небудзь прадузятасцяў у калектыве гаспадаркі не было. Дзяўчыну ўсе ведаюць з дзяцінства, бо яна хвосцікам хадзіла за дзядулем. Інэса выказала здагадку, што, можа, у нейкай іншай гаспадарцы да яе маглі б спачатку аднесціся скептычна. Але цяпер, калі яна ўжо мае такі досвед за плячыма і стала медыйнай персонай, яе нярэдка спрабуюць перавабіць.

— Але я нікуды не збіраюся сыходзіць. Мая гаспадарка мне падабаецца, я выдатна ладжу з усімі механізатарамі. Мы адна вялікая каманда і падтрымліваем адзін аднаго. Зарплата мне таксама падабаецца, і заўсёды ёсць магчымасць зарабіць больш, бо ўсё залежыць ад намалотаў. У горад мяне не цягне, ды і сяло зараз такое прагрэсіўнае, чаму тут не жыць?! Хто ўмее працаваць, у любым месцы знойдзе сабе прымяненне.


У час размовы назірала за дзяўчынай. Яна ўважліва сачыла за жняяркай, упэўнена трымала руку на пульце. І ва ўсім гэтым выглядала неверагодна арганічна. Так яно і здараецца, калі чалавек на сваім месцы і любіць тое, што робіць. І няважна, ідзе гаворка пра дзяўчыну-механізатара або мужчыну — майстра манікюру. Вельмі крута, што ў КСУП «Эліт-Агра» адкінулі стэрэатыпнае мысленне і з радасцю ўзялі Інэсу Буневіч на работу. Так, мама і бабуля вельмі хвалююцца, як яна там у полі, але дазволілі ёй ісці сваім шляхам.

Мая гераіня аддае перавагу спакойнаму адпачынку, бо апроч работы ў яе ў сям’і вялікая гаспадарка, з якой яна дапамагае родным. У вольны час дзяўчына малюе, а таксама ў яе ў планах паступіць ва ўніверсітэт. Пакуль не жадае казаць які. Ну а я пастаралася максімальна хутка зрабіць сваю журналісцкую работу і адпусціць дзяўчыну спакойна працаваць далей.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю