Сучасныя тэндэнцыі здаровага ладу жыцця істотна змянілі падыходы да фарміравання рацыёну харчавання. Яшчэ пяць гадоў таму рапсавы алей займаў сціплае месца сярод іншых раслінных алеяў, а сёння ён выйшаў на першы план. Анколагі называюць яго адным з самых карысных прадуктаў, неабходных для нашага здароўя. Для нашай краіны рапс — культура стратэгічнага значэння. І ў адпаведнасці з даручэннямі Прэзідэнта Беларусі распрацаваны комплекс мер па павелічэнні рэалізацыі харчовага рапсавага алею да 2030 года. Адна з іх — прома-праект «Калегі па амезе», накіраваны на папулярызацыю гэтага прадукту сярод насельніцтва. Яго чарговы этап анансаваны і стартуе ў хуткім часе.
Калегі па амезе
Як адзначыла начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Анастасія СКАРАБАГАТАВА, беларускія спажыўцы ўсё часцей аддаюць перавагу бяспечным і экалагічна чыстым прадуктам айчыннай вытворчасці, арыентуючыся на максімальнае ўтрыманне ў іх карысных рэчываў. На працягу апошніх гадоў рапсавы алей актыўна прасоўваецца ў рамках сацыяльнай рэкламы, каб інфармаваць людзей аб яго карысці.
І станоўчыя вынікі пацвярджаюцца статыстычнымі данымі па вытворчасці і рэалізацыі харчовага рапсавага алею на ўнутраным рынку за мінулы год. Арганізацыі алейнатлушчавай галіны краіны вырабілі 71,9 тысячы тон харчовага рапсавага алею (рост склаў 147,4 % да паказчыка папярэдняга году). Аб’ём паставак на ўнутраны рынак за мінулы год дасягнуў 43,7 тысячы тон.
Сёння рапсавы алей актыўна выкарыстоўваецца ў вытворчасці маянэзу, розных соусаў, хлебабулачных вырабаў і пладова-агародніннай кансервацыі. Для яго далейшай папулярызацыі 3 сакавіка ў Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі па харчаванні пройдзе Дзень якасці алейнатлушчавай галіны. Мэта мерапрыемства — нарасціць спажыванне рапсавага алею ў прамысловым сектары за кошт распрацоўкі і ўкаранення новых відаў прадуктаў. Адметна, што цяпер адзначаецца тэндэнцыя па замене сланечнікавага алею на рапсавы ўжо ў існуючых рэцэптурах і тэхналагічных картах харчовай прамысловасці.
Прома-праект «Калегі па амезе» будзе праходзіць з 10 да 30 красавіка з удзелам гандлёвых арганізацый і прадпрыемстваў алейнатлушчавай галіны. Сумесна з гандлёвымі сеткамі ў рамках праекта будуць рэалізаваны мерапрыемствы, у тым ліку акцыі са зніжкамі і дэгустацыі прадукцыі.
Амега-3 супраць амега-6
Як прызнаўся намеснік дырэктара РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, акадэмік, прафесар, доктар медынскіх навук Сяргей КРАСНЫ, яшчэ два дзесяцігоддзі таму медыцынская грамадскасць пачала прыцягваць увагу да рапсавага алею. З-за вялікай колькасці амега-3 яно хутка акісляецца, і ў той час яго было складана захоўваць, але навукоўцам удалося ліквідаваць гэты недахоп стабілізатарам. Акрамя таго, удалося прыбраць усе смакавыя адценні дзякуючы новым сістэмам ачысткі — па смаку рапсавы алей зусім не адрозніваецца ад сланечнікавага, яго можна выкарыстоўваць як для салатаў, так і для смажання.
— Не ўсе амега-кіслоты аднолькава карысныя. Амега-3 лічыцца карысным, бо перашкаджае ўтварэнню злаякасных пухлін і працэсам запалення. Амега-6, наадварот, падтрымлівае працэсы хранічнага запалення, адпаведна спрыяе пашкоджанню сасудзістай сценкі, дысплазіі і гіперплазіі тканкі з наступным пухлінным ростам, — адзначае Сяргей Красны. — Суадносіны амега-3 і амега-6 павінны быць блізкія да 1:1. І тыя, і іншыя патрэбныя нашаму арганізму, але калі амега-6 шмат, то гэта дрэнна. Дык вось у сучаснага чалавека гэтыя суадносіны ў сярэднім складаюць 1:15 на карысць амега-6 з-за вялікага ўжывання чырвонага мяса, малога ўжывання агародніны, садавіны і морапрадуктаў.
Пры гэтым названыя суадносіны ў сланечнікавым алеі складаюць 1:200, у аліўкавым — 1:13 (гэта значыць, у 15 разоў лепш), у рапсавым — 1:6 (у 2 разы лепш за аліўкавы). У 100 грамах сланечнікавага алею ўтрымліваецца ў абсалютных лічбах 0,2 грама амега-3, у аліўкавым алеі — амаль 0,8 грама, а ў рапсавым — 9 грамаў (у 10 разоў лепш за аліўкавы).
— Усе мы добра ведаем пра самую карысную ў свеце міжземнаморскую дыету ў тым ліку і з-за вялікай колькасці морапрадуктаў, за кошт якіх і папаўняецца недахоп амега-3. У Беларусі мы не можам штодзень мець на стале свежыя вустрыцы, мідыі, амараў, і ў такой сітуацыі рапсавы алей з’яўляецца для нас проста самай вялікай знаходкай, адкуль мы можам атрымліваць вялікую колькасць амега-3 тлустых кіслот, — рэзюмаваў Сяргей Красны.
Пункт дымлення
Ёсць і яшчэ адзін аргумент на карысць рапсавага алею. Пункт дымлення сланечнікавага алею ў сярэднім складае каля 227 градусаў, а ў рапсавага — каля 230. Розніца, здавалася б, невялікая — усяго 3 градусы, але аказалася, што гэта цалкам дастаткова для таго, каб у некалькі разоў знізіць колькасць канцэрагенаў, якія ўтвараюцца пры смажанні.
Як падкрэсліла загадчык аддзела алейных культур Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Ядвіга ПІЛЮК, беларускія селекцыянеры папрацавалі над рапсам і вывелі сарты з найлепшымі суадносінамі ліналенавай і лінолевай кіслот (амега-3 і амега-6) — яны ўжо амаль набліжаюцца да 1:1. Вучоны дадала, што рапсавы алей ужывае з моманту яго атрымання — практычна 30 гадоў.
— Мы прызвычаілі ўвесь свой інстытут — чарга стаяла за рапсавым алеем, бо вучоныя разумелі, што гэта карысна, — адзначыла Ядвіга Пілюк.
Алена КРАВЕЦ