Top.Mail.Ru

Чаму Беларусь па праву можна лічыць лясной дзяржавай?

Ужо больш чым 13 тысяч гектараў новага лесу. Менавіта такую плошчу лесу пасадзілі гэтай вясной у нашай краіне, адзначыў кансультант упраўлення лясной гаспадаркі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Аўсей.


У цэлым, у 2025 годзе па сістэме Міністэрства лясной гаспадаркі плануецца стварыць новыя лясы шляхам сяўбы і пасадкі на агульнай плошчы каля 24,3 тысячы гектараў, у тым ліку ў вясновы перыяд на плошчы 20,5 тысячы гектараў. З іх ветравальна-бураломныя ўчасткі, якія былі пашкоджаны ў ліпені мінулага года, складаюць 6,8 тысячы гектараў.

Як вядома, Рэспубліканская акцыя «Дай лесу новае жыццё!» праходзіць у нашай краіне да 12 красавіка. У гэты час лесапасадкі арганізаваны па ўсёй краіне. Асаблівая ўвага — пацярпелым ад разгулу ліпеньскай стыхіі лясам Гомельскай і Магілёўскай абласцей. Падчас гэтай акцыі плануецца высадзіць каля 35-40 мільёнаў саджанцаў.

«З пачатку акцыі сіламі ўдзельнікаў ужо пасаджаны лясныя культуры на плошчы больш чым 4,5 тысячы гектараў, з іх больш за палову прыпадае на пашкоджаныя ветравальна-бураломныя ўчасткі. На гэтых плошчах высаджана 23,5 мільёна сеянцаў і саджанцаў. Колькасць удзельнікаў ужо склала каля 43 тысяч чалавек, — прывёў лічбы спецыяліст. — На акцыю людзі прыязджаюць з сем’ямі, актыўна прымаюць удзел школьнікі, навучэнцы і студэнты. Тым самым павышаецца ўзровень экалагічнай дасведчанасці насельніцтва. Вядома, надвор’е на гэтым тыдні ўнесла пэўныя карэктывы, зямля замерзла, пакуль работы спынены, але пры надыходзе станоўчых тэмператур будуць працягнуты».

Ужо 12 красавіка стартуе новая добраахвотная кампанія «Лес! Дабро! Парадак!», якая ў асноўным накіравана на добраўпарадкаванне беларускіх лясоў. Яна завершыцца 1 мая — у Свята працы. Характэрна, што абедзве акцыі гэтай вясной праходзяць пад эгідай Года добраўпарадкавання і 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асноўная ўвага пры правядзенні новай акцыі будзе накіравана на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку ў лясным фондзе, у першую чаргу вакол населеных пунктаў, дачных кааператываў, уздоўж дарог. «Звернем таксама ўвагу на ўладкаванне месцаў масавага адпачынку грамадзян і памятных аб’ектаў», — адзначыў Аляксандр Аўсей.

Каб прыняць удзел у акцыях, усім ахвотным загадзя неабходна звязацца з лясгасам або лясніцтвам і заявіць пра сваё жаданне. Лесагаспадарчая ўстанова галіны забяспечыць валанцёраў неабходным інвентаром.

Наша краіна — лясная дзяржава

«Агульная плошча зямель ляснога фонду Беларусі цяпер складае больш за 9,7 мільёна гектараў. Гэта значыць, што на кожнага жыхара нашай краіны прыпадае больш за адзін гектар лесу. А сярэдняя лясістасць тэрыторыі краіны дасягнула 40,2% пры сярэднім запасе насаджэнняў 232 кубічныя метры драўніны на адзін гектар. Калі глядзець дынаміку, то ўсе гэтыя паказчыкі з года ў год працягваюць расці», — адзначыў прадстаўнік Мінлясгаса. Ён акцэнтаваў, што ў краіне функцыянуе адладжаная сістэма кіравання лясной гаспадаркай, якая ўключае ахову, абарону і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў.

Дарэчы, лясгасам рэгулярна дадаткова перадаюцца слабабальныя, не пакрытыя лесам землі, вядзенне сельскай гаспадаркі на якіх немэтазгодна. Менавіта на іх пры адпаведных глебава-грунтавых умовах таксама ствараюцца лясныя культуры.

Значнае пашкоджанне лясам наносяць і неспрыяльныя абіятычныя фактары, да якіх можна аднесці пажары, снегаломы або ветравальна-бураломныя з’явы. «Ва ўсіх гэтых выпадках, каб пазбегнуць стварэння ачагоў хвароб і шкоднікаў, а таксама ў мэтах рацыянальнага выкарыстання драўнянага рэсурсу пашкоджаныя ўчасткі ляснога фонду аператыўна разрабляюцца, а на іх месцы ствараюцца новыя лясы.

Лесагаспадарчымі ўстановамі таксама вядуцца планавыя высечкі і нарыхтоўкі саспелых лясоў, якія таксама неабходна аднаўляць новымі лясамі. А для лесааднаўлення неабходны якасны пасяўны і пасадачны матэрыял.

«Калыска» для елкі

Першым этапам усяго лесааднаўлення з’яўляецца лясное насенняводства. У цяперашні час у Беларусі яно вядзецца на селекцыйна-генетычнай аснове. Так, вылучаны і адабраны найбольш прадукцыйныя і ўстойлівыя дрэвы і насаджэнні, якім прысвоены статус элітных. На іх аснове створаны лесанасенныя плантацыі. Асноўнае прызначэнне такіх аб’ектаў — атрыманне не драўніны, а генетычна палепшанага пасяўнога матэрыялу для мэт лесааднаўлення і лесаразвядзення, падкрэсліў Аляксандр Аўсей.

«У нас маецца лесанасенная плантацыя, дзе нарыхтоўваем сыравіну, напрыклад шышкі. Потым сабраныя шышкі вязуцца на лесанасенныя цэхі, там яны перапрацоўваюцца, і атрымліваецца гатовае чыстае насенне. Праводзіцца праверка іх пасяўных якасцяў, пасля чаго насенны матэрыял закладваецца на захоўванне ў халадзільныя камеры», — растлумачыў ён.

Пасля атрымання насення яго высейваюць у лясных гадавальніках. Усяго ў сістэме Мінлясгаса функцыянуе 79 лясных гадавальнікаў на плошчы звыш 1,3 тысячы гектараў, дзе пасадачны матэрыял вырошчваецца як ва ўмовах адкрытага грунту, так і ў цяпліцах. Штогод у гадавальніках для мэт стварэння новых лясоў у дадатак да існуючых пасадак і для азелянення ў сярэднім вырошчваецца ад 350 да 400 мільёнаў стандартнага пасадачнага матэрыялу.

Ужо пабудаваны і працуюць чатыры спецыялізаваныя цяплічныя комплексы па вырошчванні пасадачнага матэрыялу, аснашчаныя аўтаматычнымі лініямі набівання касет і высеву насення, камп’ютарным кантролем мікраклімату ў цяпліцах і сістэмамі паліву. У перспектыве плануецца будаўніцтва яшчэ аднаго аналагічнага цяплічнага комплексу на базе Іўеўскага лясгаса і пашырэнне існуючых магутнасцяў ужо пабудаваных.

«Калі ў цяперашні час мы такім пасадачным матэрыялам аднаўляем крыху больш за 20 %, то з пашырэннем існуючых комплексаў і будаўніцтвам новых плануецца, што новыя лясы з выкарыстаннем такога пасадачнага матэрыялу будзем ствараць на 30 % ад агульнай плошчы», — акцэнтаваў Аляксандр Аўсей.

Новыя лясы ствараюцца, як правіла, пасадачным матэрыялам хвоі, елкі, дуба, бярозы, алешыны чорнай, клёна, ліпы. Аднак кліматычныя змены пачынаюць уплываць і на пародны склад лясных насаджэнняў. Так, па тэрыторыі Беларусі праходзіць паўднёвы арэал распаўсюджвання елкі еўрапейскай. У сувязі з павышэннем сярэднегадавой тэмпературы паветра і зніжэннем узроўню грунтавых вод адбываецца зрушэнне арэала ўсё далей на поўнач.

«Елка, на жаль, з паўднёвай часткі паступова сыходзіць на поўнач. Таму для замены елкі ў паўднёвых рэгіёнах актыўна выкарыстоўваюцца цвёрдаліставыя абарыгенныя драўняныя віды, такія як дуб, ясень, клён, вяз, а таксама лістоўніца еўрапейская. Вядуцца навуковыя работы па ацэнцы эфектыўнасці выкарыстання ў лесааднаўленні такіх парод, як піхта белая і бук лясны», — звярнуў увагу Аляксандр Аўсей.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю