Да 2 ліпеня ў Музеі прыроды і экалогіі ёсць магчымасць пазнаёміцца з фотавыстаўкай «Экзотыка Беларусі: прырода». Аўтар — Сяргей Плыткевіч, падарожнік, журналіст, дырэктар выдавецтва «Рыфтур», рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў», заснавальнік партала «Планета Беларусь». Экспазіцыя фатографа, які, дарэчы, у свой час скончыў Полацкі лясны тэхнікум (сёння — каледж), прымеркавана да Сусветнага дня аховы навакольнага асяроддзя. Падчас яе адкрыцця майстар расказаў пра сваё моцнае захапленне беларускай прыродай.
Да пытання аб экзотыцы
— Два дзесяцігоддзі таму выйшла мая кніга «Беларуская экзотыка». Здавалася б — якая экзотыка ў Беларусі? Усё для нас быццам звыклае. Але, насамрэч, многае ў краіне, напрыклад, Ельня, для большасці жыхароў, асабліва гараджан, — сапраўдная экзотыка. Ідучы па гэтым балоце, можна праваліцца па грудзі і нават болей... Ці паводка на Прыпяці — хоць сёлета была анамальная сітуацыя, і разліву не было наогул, але раней можна было на байдарцы, лодцы плаваць паміж дубамі, пераадольваючы значную дыстанцыю, ахопліваючы вялікую тэрыторыю, у той час як рака застаецца недзе збоку. Калі вярнуцца да Ельні, то адно з самых шыкоўных у гэтых мясцінах — возера Курганістае. Прыкладна 300 на 400 метраў, яно ўключае каля 100 розных па памеры астраўкоў. Нават на самых невялічкіх з іх растуць дрэўцы. Раскіданыя астраўкі ствараюць фантастычную карціну. Дарэчы, гэтая выява змешчана на вокладцы маёй кнігі «Нечаканая Беларусь». У цэнтры фота — дваццаціметровы астравок: якраз там патануў мой квадракоптар. Праўда, неўзабаве знайшоўся. Так, часта сапраўдны маштаб не адчуваецца на зямлі, аднак бачны зверху: напрыклад, Обальскае балота мае каля 400 маленькіх азёр, раскіданых быццам гарох... Многае залежыць і ад ракурсу. У Беларусі ёсць 6 астравоў у форме сэрца. Калі на возеры Усая здымак не патрабаваў ніякіх высілкаў, то ў іншых выпадках неабходна дакладна вызначыць ракурс. Тады атрымаецца адмысловая серыя.

«Ліса і лёд» (рака Пціч у Мінскім раёне)
Небяспека побач
— Частка маёй працы — фотапаляўніцтва — здыманне жывёл і птушак у натуральным асяроддзі пражывання. З гэтай сферай звязана шмат цікавостак. Напрыклад, давялося фатаграфаваць рэдкую саву — барадатую няясыць. Дарэчы, яна з’яўляецца сімвалам Івацэвіцкага раёна. Вельмі займальна назіраць за гэтымі буйнымі птушкамі: як самец заляцаецца да самкі, як корміць яе, пакуль тая выседжвае птушанят, а затым корміць і іх... Але самае галоўнае — як гэтая сава абараняе сваё гняздо. Арнітолагі нават маюць спецыяльны шлем, бо яна можа выбіць вока.
У заказніку «Выганашчанскае» робяць штучныя гнёзды, і, так сталася, птушка — самка — прыязна паставілася да спецыяліста Аляксандра Іванова, які паказваў, як жывуць гэтыя сем’і. Вырашыў я зрабіць там кадры, за што наогул аднаму брацца забараняецца, бо небяспечна, і якраз у гэты момант вярнуўся самец. У выніку атрымаў ад яго два ўдары — па галаве і шыі. А вось зуброў удалося сфатаграфаваць у Чырвоным Бары: туды іх прывезлі з розных мясцін, у тым ліку з Белавежскай пушчы.

«Самы лепшы падарунак» (удоды ў нацыянальным парку «Прыпяцкі», Петрыкаўскі раён)
Выпуск жывёл з вальера стаў сапраўднай падзеяй. Але кадры, якія атрымаліся, я зрабіў выпадкова, бо, калі зубры пасля маруджання вырашылі выйсці на волю, знаходзіўся там, дзе было небяспечна.
Дарога кліча!
— Вандрую кожныя выхадныя, аднак вельмі многае залежыць ад надвор’я. Здаецца, Беларусь не такая ўжо вялікая, аднак у розных яе частках яно рознае. Значную ролю адыгрывае і стан прыроды, які можа дапамагчы ў вырашэнні той ці іншай задачы. Да таго ж добра ведаю краіну — разумею, куды можна падацца. Шмат дзе ёсць сябры — яны завуць і рады сустрэчы. Таму гэта праца і адпачынак адначасова. Калі робіш тое, што падабаецца, справа ідзе значна лягчэй, ды энергетыка каласальная. Прасядзець на дрэве тры дні? Выдатна! Не разумею рыбакоў, а вось у фатографа — інтрыга: прыляціць тая птушка ці не прыляціць, паспееш зрабіць патрэбны кадр ці не, а калі здолееш, то што атрымаецца ў выніку?
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара