Якія вірусы цяпер распаўсюджаны ў Беларусі, расказала журналістам намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч, паведамляе БелТА.
«Сітуацыя па вострых рэспіраторных інфекцыях характэрная для гэтага перыяду года. Паказчыкі знаходзяцца ў межах сярэдніх шматгадовых значэнняў, але ў бліжэйшыя тыдні мы чакаем павелічэння колькасці хворых, — сказала Ала Дашкевіч. — У краіне ажыццяўляецца лабараторны маніторынг цыркулюючых рэспіраторных узбуджальнікаў, і вынікі сведчаць аб тым, што на фоне актыўнай цыркуляцыі вірусаў грыпу H3N2 і адзінкавых вірусаў грыпу Б адзначаецца ў тым ліку і цыркуляцыя негрыпозных рэспіраторных вірусаў».
Паводле яе слоў, каранавірус перайшоў ужо ў разрад сезонных рэспіраторных інфекцый. Ён цяпер сустракаецца сярод насельніцтва, але ў значна меншай ступені, чым у папярэднія гады. Пры гэтым павялічваецца колькасць хворых на рэспіраторныя негрыпозныя інфекцыі і грып.
«Кампанія вакцынацыі супраць грыпу праходзіць у нашай краіне штогод з кастрычніка па снежань, значыць гэта аптымальны перыяд для праходжання вакцынацыі. У перыяд кампаніі было прышчэплена больш за 1 380 000 чалавек. На працягу шматгадовых назіранняў сярод хворых на грып большасць людзей — гэта ўсё ж такі людзі, якія не прышчапляліся», — дадала ўрач.
Ала Дашкевіч таксама адзначыла, што для прафілактыкі рэспіраторных інфекцый варта па магчымасці пазбягаць наведвання месцаў масавага збору людзей і кантакту з хворымі. Не варта лішні раз наведваць арганізацыі аховы здароўя і, калі гэтага не патрабуе сітуацыя, наведваць хворых сяброў і сваякоў, асабліва з маленькімі дзецьмі. Трэба як мага часцей праветрываць памяшканне, праводзіць вільготнае прыбіранне, захоўваць меры асабістай гігіены, мыць рукі з мылам ці выкарыстоўваць вільготныя сурвэткі. Таксама не варта забываць пра здаровы лад жыцця: правільнае харчаванне, паўнацэнны сон і фізічную нагрузку.