Днямі грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» адзначыла сваё 30-годдзе. Сёння яно аб’ядноўвае чатыры тысячы сем’яў, а дапамагло за гэты час — дзясяткам тысяч, бо рашэнні, прынятыя ў нашай краіне на заканадаўчым узроўні, насамрэч падтрымалі многіх, а для некаторых сталі і першым крокам у стварэнні вялікай сям’і. Усе гэтыя гады арганізацыю ўзначальвае Таццяна Краўчанка — шматдзетная маці (і ўжо бабуля і прабабуля), актыўная і нераўнадушная жанчына.
Важкія стымулы
Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў пачыналася з невялікай сталічнай арганізацыі. Каля яе вытокаў і стаяла Таццяна Аляксандраўна са сваімі паплечніцамі. У хуткім часе ідэю аб’яднання падхапілі шматдзетныя жанчыны з Гомеля, Наваполацка, Гродна і іншых гарадоў.
— Калі вярнуцца ў тыя няпростыя часы пачатку 1990-х, сітуацыя ў краіне была катастрафічная: пасля развалу Саюза ўсе шматдзетныя аказаліся без падтрымкі. Спынілася льготнае прадастаўленне жылля, іншая дапамога. Сем’і засталіся сам-насам з праблемамі. Для таго каб дапамагчы ім, мы стварылі гэту арганізацыю і дзейнічалі ад яе імя, — згадвае Таццяна Краўчанка.

Таццяна Краўчанка (справа) з актывам грамадскай арганізацыі
У тым ліку і з падачы Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў у 2000-м быў падрыхтаваны і выйшаў першы ўказ кіраўніка дзяржавы, які прадугледжваў пазачарговае будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў.
— Сёння мы паступова прыйшлі да таго, што крэдыт выдаецца на 40 гадоў пад 1 % гадавых, — адзначае кіраўнік асацыяцыі. — Пры гэтым 75 % пагашаецца пры нараджэнні трэцяга дзіцяці, і на 100 % — калі сям’я мае чатырох і больш дзяцей. Калі людзі пачалі атрымліваць жыллё, павысілася і нараджальнасць. Да 2006-га ў Мінску было менш за дзве тысячы шматдзетных сем’яў, а ў краіне — не больш за 56 тысяч. Цяпер іх толькі ў сталіцы 18 тысяч, а ў краіне — 123 тысячы!
Сямейны капітал і ЭКА
З’яўленне ў нашай краіне праграмы «Сямейны капітал» таксама ў многім заслуга грамадскай арганізацыі.
— Гэта адбылося ў 2015-м. З часам пашыраліся мэты, на якія можна было выкарыстоўваць сямейны капітал: паступова дадаліся пагашэнне крэдытаў на жыллё, выкуп долі ў кватэры, пратэзаванне зубоў для маці, а з 2025 года сродкі можна накіраваць на пратэзаванне інвалідам з хваробамі апорна-рухальнага апарату, на набыццё для іх і інвалідаў па зроку сродкаў рэабілітацыі. Аднак больш за 80 % сямейнага капіталу ідзе на закрыццё жыллёвых пытанняў. І дзякуючы гэтым і іншым мерам, прынятым на дзяржаўным узроўні, пытанне з жыллём вырашылася. Нават у Мінску яно востра не стаіць — пасля падачы заявы на працягу года шматдзетная сям’я атрымлівае магчымасць уступіць у будаўніцтва.
Яшчэ адна важная мера падтрымкі сем’яў, ініцыяваная Беларускай асацыяцыяй шматдзетных бацькоў, датычыцца здароўя сям’і і дэмаграфіі.
— Было прынята рашэнне прадастаўлення адной спробы ЭКА за дзяржаўныя сродкі для ўсіх сем’яў, якія адпавядаюць пэўным крытэрыям. Цяпер абмяркоўваецца пытанне аб прадастаўленні і другой бясплатнай спробы, — адзначае Таццяна Краўчанка.
Сярод падтрыманых ініцыятыў арганізацыі і з’яўленне Дня бацькі, які ў нашай краіне будзе адзначацца ўжо трэці год. За сваю актыўную дзейнасць па падтрымцы сем’яў у 2019 годзе Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў стала лаўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэнне». Аднак новы час ставіць новыя пытанні і выклікі перад актывам грамадскага аб’яднання. Сёння шматдзетныя сем’і звяртаюцца з пытаннем па раздзеле маёмасці пры разводзе.
— Сям’я атрымлівае льготнае жыллё, пры гэтым на кожнага члена, у тым ліку і на кожнае дзіця, выдаткоўваецца пэўная колькасць метраў. Пры разводзе, згодна з заканадаўствам, маёмасць дзеліцца паміж мужам і жонкай, дзяцей пры гэтым не ўлічваюць. Дзеці, як правіла, застаюцца з маці, а кватэра дзеліцца напалову. Больш за тое, жанчына павінна выплаціць грошы за некалькі метраў, якія бацька недаатрымаў. Мы ўжо неаднаразова ўзнімалі гэта пытанне, і тут ёсць складанасці пры падзеле, асабліва калі задзейнічаны сямейны капітал, — тлумачыць кіраўнік арганізацыі.

Падчас урачыстага мерапрыемтсва з нагоды 30-годдзя «Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў»
Найвялікшае шчасце
Таццяна Краўчанка ўжо тры дзесяцігоддзі адстойвае інтарэсы шматдзетных сем’яў. Характар загартоўваўся з дзяцінства — яе бацька быў кадравым ваенным, прайшоў Вялікую Айчынную вайну, сустрэўшы яе ў Туапсэ і скончыўшы ў Кёнігсбергу. У тым ліку прымаў удзел у аперацыі «Баграціён» і вызваляў Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны (двойчы) і ордэнам Чырвонага Сцяга, медалём «За баявыя заслугі» і іншымі.
Таццяна Аляксандраўна атрымала адукацыю ў Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі, працавала на заводзе «Інтэграл» і прадпрыемстве «Белхарчпрамтэхніка», выбіралася ў Савет Рэспублікі трэцяга склікання. Нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей, мае шасцярых унукаў і праўнука. У свой час работу, грамадскую дзейнасць і выхаванне дзяцей яна паспяхова сумяшчала. Праўда, прызнаецца, што з дзецьмі дапамагалі яе бацькі. І нядзіўна. На момант стварэння грамадскай арганізацыі малодшаму дзіцяці яе заснавальніцы было ўсяго тры гады. Жанчына заклікае не адкладваць мацярынства.
— Правільна кажа наш Прэзідэнт: двое дзяцей вашы, а трэцяе — маё. У краіне створаны ўсе ўмовы для сем’яў з дзецьмі і дзяржаўная падтрымка — вялікая падмога. Калі ў мяне разам збіраецца ўся сям’я, а гэта каля 20 чалавек, не трэба і іншых гасцей. Дзеці і ўнукі — маё найвялікшае шчасце.
Алена КРАВЕЦ
Фота аўтара і Канстанціна ДРОБАВА