Top.Mail.Ru

Чаго асцерагацца падчас Вадохрышча?

У ледзяной купелі

Вадохрышчанскія маразы сёлета самыя што ні на ёсць сапраўдныя. Але, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, ужо з заўтрашняга дня каля палонак выстраяцца чэргі з людзей, гатовых тройчы акунуцца ў ледзяную ваду. Такое далучэнне да шматвяковай традыцыі запатрабуе павышанай гатоўнасці ад медыкаў і ратавальнікаў. І, канешне, прытрымлівання правілаў бяспекі.

Дзе і як арганізуюць купанні?

У параўнанні з мінулымі анамальна цёплымі гадамі, калі лёд ледзь трымаўся, цяперашнія маразы дазволілі арганізаваць сапраўдныя ледзяныя купелі. Менавіта таму бяспецы ўдзяляецца асаблівая ўвага, а яе галоўнае правіла, вядома, — акунацца толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. Яны, дарэчы, павінны быць выдаленыя ад месца скіду сцёкавых вод і іншых крыніц забруджвання, выхаду грунтавых вод, віроў, варонак і цячэння больш за паўметра ў секунду.

«Дно акваторыі павінна мець паступовы пахіл без уступаў да глыбіні 1,8 метра і быць ачышчана ад расліннасці, карчоў, шкла і іншых прадметаў. Глыбіня купелі — 1,2–1,8 метра, — адзначыў Андрэй ВОЙЦІК, начальнік аддзела вадалазнай падрыхтоўкі цэнтра вадалазна-ратавальнай службы Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

Паводле яго слоў, забяспечваць парадак на 130 пляцоўках будуць каля 500 работнікаў АСВОД, больш за 400 супрацоўнікаў МНС са спецтэхнікай, а таксама супрацоўнікі МУС. Дарэчы, на дзяжурства па ўсёй краіне заступяць каля 30 аэралодак. Гэтыя судны на паветранай падушцы будуць знаходзіцца на аддаленні ад месцаў масавага купання, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу.

Без рызыкі для здароўя

Ледзяная вада — наймацнейшы стрэс для арганізма, асабліва для непадрыхтаванага. Як растлумачыў загадчык падстанцыі № 11 гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Яўген ЮДАКОЎ, бяспечна прыняць непасрэдны ўдзел у Вадохрышчы могуць толькі здаровыя людзі, якія даўно і сістэматычна займаюцца гартаваннем. Людзям з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай, нервовай або эндакрыннай сістэм перад прыняццем рашэння лепш пракансультавацца са сваім урачом. Як правіла, такім пацыентам ледзяное купанне супрацьпаказана.

Нельга акунацца таксама маленькім дзецям, цяжарным жанчынам і людзям пажылога ўзросту, астатнім жа рэкамендавана насіць цёплае адзенне, абараняць ад холаду адкрытыя часткі цела. «Абутак павінен быць зручным, мець плоскую падэшву. Ад нашэння абцасаў варта адмовіцца. Пажадана, каб адзенне было мнагаслойнае. Неабходна абараняць ад холаду рукі, вушы, можна выкарыстоўваць спецыяльныя крэмы, калі плануеце знаходзіцца на вуліцы працяглы час. Калі вы пачынаеце адчуваць, што канечнасці, нос, вушы замярзаюць, то самым аптымальным варыянтам будзе знайсці цёплае памяшканне або аўтамабіль і сагрэцца», — падкрэсліў Яўген Юдакоў.

Акрамя рызык, звязаных непасрэдна з купаннем, у такія маразы асаблівую небяспеку ўяўляюць абмаражэнні і траўмы. З 26 лістапада зарэгістравана больш за 4 тысячы пацярпелых з галалёднымі траўмамі і абмаражэннямі, з іх больш за 600 дзяцей. «Нашы дзеці — гэта самае галоўнае, — звярнуўся Яўген Юдакоў да бацькоў. — Важная задача — растлумачыць дзіцяці правілы бяспекі, навучыць бяспечнаму зімоваму баўленню часу. Лепш пры гэтым прысутнічаць самім і самастойна выбіраць месцы для таго ж катання, бо нават спецыяльна абсталяваныя горкі не гарантуюць тое, што не будзе атрымана траўма. Нават максімальна бяспечны варыянт, дзе няма ні слупоў, ні дрэў, ні тым больш дарог і машын, хоць і мінімізуе рызыку, але не зводзіць яе да нуля».

Традыцыйныя купанні стартуюць у Вадохрышчанскую куццю, 18 студзеня, з шасці вечара і працягнуцца да паўночы. Акунуцца можна будзе і ў само свята, 19 студзеня, з раніцы да 24.00. Аднак, паводле чаканняў спецыялістаў, асноўны наплыў людзей прыпадзе на вечар 18 студзеня, традыцыйна многія прыйдуць цэлымі сем’ямі.

Асноўныя правілы

З сабой абавязкова трэба ўзяць някоўзкія тапачкі, цёплы халат і ручнік, поўны камплект сухога адзення для пераапранання і тэрмас з гарачым, лепш за ўсё травяным або ягадным чаем. Перад купаннем цела трэба добра разагрэць: зрабіць лёгкую размінку, невялікую прабежку. Да палонкі варта падыходзіць павольна, бо дарожка можа быць вельмі слізкай. Спецыялісты МНС раяць заходзіць у ваду па шыю, але не мачыць галаву, каб пазбегнуць рэзкага звужэння сасудаў галаўнога мозга. Ныраць галавой наперад таксама не рэкамендуецца — ад холаду можа здарыцца шок, а дасягнуўшы патрэбнай глыбіні, не варта плаваць, бо аптымальны час знаходжання ў ледзяной вадзе — не больш за адну хвіліну. Пасля акунання трэба расцерціся ручніком, пераапрануцца ў сухое і выпіць гарачага.

Існуе і строгі спіс забарон, мабыць, галоўная з якіх — купацца ў стане алкагольнага ап’янення. У МНС таксама папярэджваюць: нельга ныраць пад ваду, дзеля жарту крычаць «ратуйце», забруджваць бераг і ваду, браць з сабой жывёл, збірацца вялікімі групамі на лёдзе каля самай палонкі або заходзіць за агароджу. Дзеці могуць удзельнічаць толькі разам з бацькамі або дарослымі сваякамі.

Аміна НАЗАРАВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю