Top.Mail.Ru

Чачня адкрывае беларускую літаратуру

Усё часцей і часцей перакладчыкі з Чачэнскай Рэспублікі звяртаюцца да беларускай літаратуры. У свой час ужо ў новым стагоддзі шмат зрабіла для прадстаўлення беларускай паэзіі ў часопісе «Нана» («Маці») Лула Куні (1960 — 2019). Дзякуючы яе намаганням, на старонках выдання з’явіліся пераклады твораў класікаў беларускай літаратуры і сучасных майстроў прыгожага пісьменства. 


Творчую эстафету падхапіў народны пісьменнік Чачэнскай Рэспублікі Адам Ахматукаеў, падрыхтаваўшы анталагічны зборнік беларускай паэзіі на чачэнскай мове. Следам у кагорту паўнамоцных прадстаўнікоў беларускай літаратуры ў Грозным, Чачні ўвайшла маладая перакладчыца Пецімат Пецірава, галоўны рэдактар часопіса «Гоч». 

Толькі што выйшаў нумар грамадска-палітычнай газеты «Аргун Орга» з вершамі беларускай паэтэсы Галіны Загурскай у перакладзе Інгі Хаяўры. Перакладам папярэднічае ўступны артыкул пра Галіну Загурскую. Побач пад агульнай назвай старонкі «Да дружбы народаў — праз дружбу літаратур» змешчаны артыкул Інгі Хаяўры «Спасцігайце адзін аднаго» з расповедам пра вартасці і значэнне мастацкага перакладу. 


— Неяк так склалася, што ў быццам бы спрыяльны для літаратурных стасункаў савецкі час, — каменціруе падзею Адам Ахматукаеў, — не так і шмат увагі было ў асяроддзі чачэнскіх пісьменнікаў да беларускай літаратуры. Апошнія дзесяць-пятнаццаць гадоў істотна змянілі сітуацыю. Мне давялося пабываць у Беларусі, пазнаёміцца з рознымі калегамі-літаратарамі. Удзячны Міхасю Пазнякову за пераклад маёй кнігі на беларускую мову. Спадзяюся, што мы шмат што яшчэ зробім на ніве беларуска-чачэнскай літаратурнай дружбы!.. 

Мікола БЕРЛЕЖ 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю