Помнік архітэктуры першай катэгорыі, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, - чачэрская ратуша, узведзеная ў другой палове XVIII стагоддзя, адкрылася пасля рэканструкцыі і праведзеных рэстаўрацыйных работ.
Вядома, што пасля далучэння горада да Расійскай імперыі ратуша была ўзведзена па загадзе рускага генерал-фельдмаршала, першага генерал-губернатара на тэрыторыі Беларусі, уладальніка Чачэрска - графа Захара Чарнышова.
Аднаўленне і рэстаўрацыя ўнікальнага помніка архітэктуры эпохі класіцызму з рысамі неаготыкі працягваліся на працягу двух гадоў і былі рэалізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на ЧАЭС на 2021-2025 гады.
Адноўлена гістарычная вышыня збудавання, назіральная пляцоўка з флюгерам. Падчас рамонтна-рэстаўрацыйных работ быў умацаваны і заменены дах, адноўлены цэнтральная і чатыры вуглавыя вежы, праведзены работы па ўмацаванні падмурка, добраўпарадкаваны новыя лесвіцы з трэцяга паверха на вежу і вінтавая лесвіца ў гранітным дэкаратыўным рашэнні, выканана аздабленне ўнутры і звонку будынка, практычна поўнасцю заменены інжынерныя сістэмы камунікацый.
Як падкрэсліла дырэктар Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея Таццяна Ганчарова, падчас рэканструкцыі і рэстаўрацыйных работ максімальнае аднаўленне помніка архітэктуры праведзена з захаваннем гістарычнага аблічча будынка ратушы, без скажэння яе стылістычных архітэктурных асаблівасцяў.
Па словах кіраўніка музея, дзякуючы аднаўленню назіральнай пляцоўкі з флюгерам у тым выглядзе, як гэта выглядала ў часы графа Захара Чарнышова, вышыня ратушы зараз дасягае 33 метраў. З новай лакацыі адкрываецца маляўнічы від на Чачэрск.Дзякуючы праведзеным рэстаўрацыйным работам упершыню ўдалося даследаваць фундамент ратушы. Цяпер падчас экскурсій можна ўбачыць цагляны мур збудавання другой паловы XVIII стагоддзя.
У адкрыцці абноўленых экспазіцый Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея ў сценах рэканструяванай ратушы ўзялі ўдзел кіраўніцтва райвыканкама, дэпутацкі актыў раёна і кіраўнікі прадпрыемстваў.
У экспазіцыях музея прадстаўлены ўсе перыяды развіцця Чачэрскага краю. Сярод асабліва каштоўных экспанатаў, узрост якіх каля 30 тысяч гадоў, - біўні маманта і сапраўдныя артэфакты перыяду палеаліту.
У ліку ўнікальных калекцый чачэрскага музея - збор ікон Бабіцкай іканапіснай школы, мемарыяльная зала ўладальнікаў ратушы Чарнышовых з антыкварнай мэбляй і экспанатамі XIX стагоддзя. Усяго ж фонды музея налічваюць больш за 20 тысяч артэфактаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА,
фота ТК «Гомельшчына афіцыйна»