Сакрэт поспеху для беларускай эканомікі — у простай дысцыпліне. Аб гэтым міністр эканомікі Юрый Чабатар заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.
«Сакрэт поспеху — у простай дысцыпліне. Па вялікім рахунку, урадам былі вызначаны ўсе задачы, вытворчыя праграмы (40 тавараў размеркаваны — дзе, калі, колькі вырабіць), экспартныя праграмы па рынках збыту (далёкая дуга, Афрыка — усё таксама было размеркавана), інвестыцыйная праграма. Усе задачы міністры на месцах ведаюць, і іх трэба выконваць, а ў гэтым дысцыпліна», — падкрэсліў Юрый Чабатар.
Ацэньваючы эканамічную сітуацыю ў цэлым, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева адзначыла, што эканоміка за мінулы год прырасла. Асаблівую ўвагу яна звярнула на станоўчыя тэндэнцыі ў сацыяльнай сферы, прыгадаўшы рост пенсій і заработнай платы, зніжэнне ўзроўню беспрацоўя. Разам з тым, паводле яе слоў, у эканоміцы ёсць і праблемныя моманты.
Аб негатыўных тэндэнцыях і, галоўнае, як іх пераадольваць нядаўна гаварылі на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 лютага заслухаў справаздачу ўрада за 2025 год, абазначыўшы першачарговыя задачы для Савета Міністраў.
«Адразу цяпер першачарговыя, імгненныя задачы ўрада — тэрмінова спыніць спад у прамысловасці і разгрузіць склады. Усе ключавыя прадпрыемствы яшчэ ўчора павінны быць узяты літаральна на ручны кантроль. Барані вас бог скідаць са складоў каму-небудзь без грошай тую ці іншую прадукцыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Эканоміка, паводле яго слоў, стала рэальным полем бою. Тым больш Беларусь знаходзіцца ў вельмі няпростай сітуацыі. «І з усходу, і з захаду пад вельмі сур’ёзным прэсам. Я гавару пра эканоміку. Хоць і палітыка гэта выражэнне эканомікі ў канцэнтраваным выглядзе, як гаварылі класікі. Тым не менш мы заціснуты эканамічна двума магутнымі блокамі. З аднаго боку Еўрапейскі саюз. З другога — Кітайская Народная Рэспубліка і Расія. Наш галоўны саюзнік і партнёр знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы, мы гэта адчуваем, паколькі гэта наш асноўны рынак», — адзначыў беларускі лідар.