Top.Mail.Ru

Бюджэт-2025: што ў даходах і расходах?

Не так даўно Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год». А гэта значыць, што з 1 студзеня Беларусь будзе жыць ужо ў адпаведнасці з новым галоўным фінансавым дакументам краіны. Старшыня Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Савета Рэспублікі Уладзіслаў Татарыновіч расказаў «Звяздзе» аб даходнай і расходнай частцы бюджэту.


У прыватнасці, парламентарый акцэнтаваў увагу на тым, што пры фарміраванні праекта бюджэта на 2025 год за аснову прыняты сцэнарый умоў эканамічнага развіцця, зацверджаны Указам Прэзідэнта «Аб важнейшых паказчыках і параметрах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2025 год», які прадугледжвае ў наступным годзе рост ВУП на ўзроўні 104,1 %, узровень інфляцыі не больш чым 5 %.

Такім чынам, даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2025-м плануюцца ў памеры 45,8 млрд рублёў, што на 8,1 % больш, чым ацэнка паступленняў у бягучым годзе.

Дарэчы, даходы кансалідаванага бюджэту таксама падрастуць у параўнанні з чаканым выкананнем за 2024-ы — на 9,9 % і складуць 78,7 млрд рублёў.

За кошт чаго плануецца рост даходнай часткі?

— Павелічэнне паступленняў у бюджэт абумоўлена як ростам эканомікі, які прагназуецца, так і спецыяльнымі мерамі ў рамках бюджэтнай кансалідацыі, у тым ліку індэксацыяй падатковых ставак, устаноўленых у абсалютных велічынях, на прагназаваны індэкс росту спажывецкіх цэн, павелічэннем ставак акцызаў з улікам міжнародных абавязацельстваў, пашырэннем падатковых баз шляхам павышэння якасці падатковага адміністравання, адменай малаэфектыўных падатковых ільгот, — растлумачыў суразмоўца.

Для больш дэталёвага разумення варта ў долевых суадносінах ацаніць структуру даходнай часткі рэспубліканскага бюджэту. Так, у складзе даходаў рэспубліканскага бюджэту падатковыя паступленні займаюць 75,4 % агульнай сумы даходаў, непадатковыя — 10 %, бязвыплатныя паступленні — 14,6 %. У 2025 годзе найбольшую ўдзельную вагу ў структуры даходаў рэспубліканскага бюджэту складуць ПДВ (41,6 %), даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці (17,5 %), акцызы (6,6 %), падатак на прыбытак (6 %).

Што датычыцца расходнай часткі бюджэту, старшыня профільнай камісіі Савета Рэспублікі нагадаў, што ў 2025-м яна плануецца ў суме 50,3 млрд рублёў з ростам 12 % да ацэнкі 2024-га.

Дарэчы, расходы кансалідаванага бюджэту таксама запланаваны з ростам — яны павінны пакінуць 83,9 млрд рублёў і павялічыцца на 13,9 % у адносінах да чаканага выканання 2024-га.

Варта сказаць, што ў 2025 годзе чакаецца перавышэнне расходаў над даходамі, г. зн. бюджэт мяркуецца дэфіцытным у памеры 4,45 млрд рублёў, які плануецца прафінансаваць за кошт рэшткаў сродкаў рэспубліканскага бюджэту, знешніх і ўнутраных запазычанняў.

У сувязі з гэтым Уладзіслаў Татарыновіч акцэнтуе ўвагу на тым, што бюджэт пралічаны на рэалістычнай аснове.

Суразмоўца падкрэсліў: структура расходаў 2025 года істотных змяненняў не зведала і застаецца сацыяльна арыентаванай:

— Прыярытэтнымі кірункамі бюджэтнай палітыкі ў 2025 годзе застаюцца сацыяльная сфера, павышэнне дабрабыту грамадзян за кошт павелічэння памеру заработнай платы і бюджэтных субсідый, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі, падтрымка рэальнага сектара эканомікі ва ўмовах, якія складваюцца.

Сенатар канстатаваў: мэтавай задачай выступае давядзенне суадносін заробкаў бюджэтнікаў у параўнанні з сярэднерэспубліканскім узроўнем у наступных параметрах: настаўнікаў — 100 %, урачоў — 150 %, работнікаў сферы сацабслугоўвання — 69,9 %, культуры — 64,7 %, фізкультуры і спорту — 87,1 %. Дасягненне гэтых паказчыкаў запланавана за кошт павышэння памеру базавай стаўкі (з 1 студзеня яна вырасце да 271 рубля) і выплаты надбавак па галінах. 

У цэлым на гэтыя мэты прадугледжаны выдаткі ў памеры 20,4 млрд рублёў.

Таксама, што датычыцца сацыяльнага блока расходнай часткі бюджэту, на выплату «сямейнага капіталу» прадугледжаны сродкі ў памеры 361,1 млн рублёў, а на фінансаванне будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай — 1,7 млрд рублёў.

У завяршэнне Уладзіслаў Татарыновіч акцэнтаваў увагу на тым, што расходная частка кансалідаванага бюджэту на фінансаванне сацыяльнай сферы вызначана ў памеры 35,5 млрд рублёў, з якіх 13,1 млрд рублёў прадугледжаны на ахову здароўя (з ростам на 12,2 % да 2024-га) і 13,8 млрд — на адукацыю (плюс 14,5 % да бягучага года).

— Закон «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год» быў прыняты да наступлення новага года, што дае магчымасць на мясцовым узроўні зацвердзіць мясцовыя бюджэты і пачаць далейшую іх рэалізацыю, — рэзюмаваў суразмоўца.

Дарэчы

У ходзе нядаўняй справаздачы ўрада на сумесным пасяджэнні Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў запэўніў парламентарыяў, што амаль усе сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы, узятыя ў пяцігадовай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якая завяршаецца ў наступным годзе, будуць выкананы. У прыватнасці, сярэдняя заработная плата па краіне ў 2025 годзе складзе 2416 рублёў, у бюджэтным сектары — 2005 рублёў (гэта 83 % да рэспубліканскага ўзроўню). Будзе забяспечана заданне па суадносінах зарплат да сярэднерэспубліканскага ўзроўню: урачоў — 1,5 раза, настаўнікаў — 106 %.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю