Біятланіст Антон Смольскі названы найлепшым спартсменам 2025 года на цырымоніі ўручэння прэміі Нацыянальнага алімпійскага камітэта, паведамляе БелТА.
У адыходзячым годзе лідар нацыянальнай каманды па біятлоне другі раз у кар’еры выйграў Кубак Садружнасці, а таксама заваяваў чатыры золаты на дамашнім Кубку наймацнейшых спартсменаў. Акрамя таго, на рахунку Антона шматлікія медалі чэмпіянату Расіі і этапаў Кубка Расіі.
«Гэтай узнагароды быў варты кожны, але я рады, што выбралі менавіта мяне. Вялікі гонар быць прыкладам для моладзі. Хачу падзякаваць сваёй камандзе за работу, мне пашанцавала працаваць у кампаніі такіх жа энтузіястаў, як я сам, — падкрэсліў Смольскі. — Беларусь нараджае асілкаў і прыгажунь, мы — здаровая нацыя як фізічна, так і ментальна».
За перамогу ў намінацыі «Лепшы спартсмен» таксама змагаліся батутыст Іван Літвіновіч і вясляр Яўген Залаты. У 2025 годзе Літвіновіч выйграў агульны залік Кубка свету і стаў чэмпіёнам свету ў сінхронных скачках, а Залаты перамог на першынстве Еўропы і ўзяў бронзу планетарнага форуму.
