Top.Mail.Ru

«Бяром усіх, без адукацыі і вопыту». Чаму не варта купляцца на падобныя аб’явы аб працаўладкаванні

Усё часцей кібермахляры звяртаюць увагу на моладзь, якая жадае хутка і без асаблівай цяжкасці падзарабіць.


Па даных МУС, ахвярамі такіх вакансій часцей за ўсё становяцца менавіта грамадзяне з 18 да 35 гадоў. Знаходзяць іх па-рознаму: ад простай рассылкі ў групах па інтарэсах і чатах для студэнтаў і абітурыентаў да куплі ашуканцамі персанальнай інфармацыі. Але мэта адна — рассылка прапаноў аб «звышдаходнай» рабоце. 

Вы прыняты! 

Такіх ашуканцаў не цікавяць ні ваш дыплом, ні месца жыхарства — яны ахвотна возьмуць любога, хто адгукнецца на аб’яву. Праца часта дыстанцыйная, а графік — гнуткі: можна нават сядзець з дзіцем днём, а справе прысвяціць усяго пару гадзін увечары. Да таго ж, дастаткова адказаць у чаце, і вы ўжо «прыняты». Па словах намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Аляксандра РЫНГЕВІЧА, часам для большай пераканаўчасці ў ход ідуць гучныя імёны — маркетплэйсаў або вядомых брэндаў, — а ў паведамленнях аб магчымым даходзе фігуруюць завоблачныя сумы. Або ж наадварот — невялікія, бо давер да іх яшчэ большы. Цікава, што зламыснікі могуць нават даць простае тэставае заданне — расшыфраваць аўдыя або скласці табліцу, — часам нават пералічваюць за яго сімвалічныя грошы. І толькі тады, калі давер ахвяры паспяхова заваяваны, у ход ідуць самыя розныя схемы, каб выманіць яе фінансы: платнае навучанне, афармленне «фірменнай» карты, купля абсталявання або аплата для «працаўладкавання за мяжой». 

Напрыклад, у пачатку 2025 года ў сталічную міліцыю звярнуўся 34-гадовы мужчына. У пошуках вакансіі ён знайшоў на спецыялізаваным сайце прапанову з высокім заробкам, аднак работа знаходзілася ў адной з еўрапейскіх краін і патрабавала візы. «Работадаўцы» запэўнілі саіскальніка, што дапамогуць з дакументамі. Іх ілжэюрыст растлумачыў: для візы патрэбна даведка аб даходах, якой у мужчыны не было. Таму яму прапанавалі выхад з сітуацыі — спачатку атрымаць даход на крыптабіржы, каб пацвердзіць плацежаздольнасць. Даверыўшыся, мужчына зарэгістраваўся на названай платформе і пачаў папаўняць крыптакашалёк, але вывесці сродкі потым ужо не атрымалася. Зварот у тэхпадтрымку раскрыў падман: сайт аказаўся фішынгавым, а абяцаная работа — не больш чым легенда. Страты перавысілі 8700 рублёў.

У крыху іншай сітуацыі апынулася 23-гадовая мінчанка, якая ў сацыяльнай сетцы знайшла вакансію тэсціроўшчыка мабільных дадаткаў. У працэсе дыялогу патэнцыяльны работадавец прапанаваў дзяўчыне прайсці стажыроўку. Прытрымліваючыся ўказанняў суразмоўцы, ахвяра выйшла са свайго акаўнта і перайшла ў чужы, пасля чаго прыладу дзяўчыны заблакіравалі і вымагалі больш за 900 рублёў. Дарэчы, па словах Аляксандра Рынгевіча, у 2025 годзе быў зафіксаваны ўсплёск злачынстваў з такімі блакіроўкамі — на 40 % больш у параўнанні з папярэднім годам. 

Саўдзельнік па няведанні 

Асаблівую небяспеку ўяўляюць вакансіі, дзе саіскальніку прапануюць стаць «фінансавым пасрэднікам». Напрыклад, у якасці «стажора бухгалтэрыі» прымаць плацяжы на асабістую карту і пераводзіць іх далей «кліентам». Або ж пад «прыстойнай» падставай — напрыклад, абходу санкцый — просяць зарэгістраваць на сябе крыптакашалёк, карту або рахунак, а затым перадаць доступ да іх трэцяй асобе, здзейсніць транзакцыю, часам нават пакінуўшы сабе працэнт ад сумы. 

На справе чалавек ператвараецца ў дропера — звяно ў ланцужку па адмыванні скрадзеных сродкаў. Не заўсёды (або не адразу) ахвяра пра гэта здагадваецца, і ў выніку ўладальнік рахунку шчыра верыць, што проста падзарабляе, але фактычна сам становіцца саўдзельнікам ашуканскай схемы, бо юрыдычна ўсе аперацыі былі здзейсненыя ім. «96 % кіберзлачынстваў так ці інакш звязаныя з крадзяжом грашовых сродкаў. Калі зламыснікі спрабуюць іх вывесці, акаўнты нашых грамадзян ім як нельга дарэчы», — падкрэслівае Аляксандр Рынгевіч. 

Не меншую небяспеку ўяўляюць прапановы працы менеджарам, аператарам кол-цэнтра, аналітыкам з навучаннем «з нуля». Задача — тэлефанаваць або пісаць людзям, схіляючы да «інвестыцый» на фальшывых платформах, да афармлення крэдытаў. Зарплата тых, хто адгукнуўся на такія вакансіі, складаецца з працэнта ад тых сум, якія ўдалося выманіць у даверлівых грамадзян. 

Падобны выпадак адбыўся зусім нядаўна. У Мінску былі затрыманы чатыры жанчыны, якія, самі таго не падазраючы, дапамагалі тэлефонным аферыстам. Кожная незалежна адна ад адной знайшла ў інтэрнэце вакансію «менеджара абсталявання». Прапанова выглядала прывабна: простыя абавязкі і аплата каля тысячы рублёў. Усё, што патрабавалася, — размясціць у сябе ў кватэры спецыяльны прыбор, які, па словах «наймальніка», усяго толькі ўзмацняў сігнал сотавай сувязі. Зносіны вяліся выключна праз месенджары, а на просьбы аформіць дакументы работадавец адказваў адмовай, пераконваючы, што ўсё цалкам законна. Насамрэч у кватэрах жанчын працавалі прылады, з дапамогай якіх штодня здзяйснялася звыш тысячы званкоў для падману беларускіх пенсіянераў. Было канфіскавана чатыры апаратныя комплексы агульнай ёмістасцю больш за 250 SІM-карт. 

Не давярай, а правярай 

Як адрозніць небяспечную прапанову ад рэальнай вакансіі? Супрацоўнікі МУС раяць звяртаць увагу на некалькі важных прыкмет. 

Так, насцярожанасць павінны выклікаць абяцанні высокага заробку за простыя дзеянні, адсутнасць дадатковых патрабаванняў, у тым ліку да вопыту. «Катэгарычнае „не“ павінна быць і на любыя патрабаванні перадаць персанальныя даныя трэцім асобам або аформіць на сябе фінансавыя інструменты. Адхіляйце і просьбы аб канспірацыі: прадставіцца іншым імем, супрацоўнікам праваахоўных органаў, выкарыстоўваць кодавыя словы, хаваць твар. Такія просьбы ніколі не гучаць ад легальных арганізацый і сумленных работадаўцаў», — падкрэслівае Аляксандр Рынгевіч. 

І, вядома, жаданне зарабіць ніколі не павінна засцілаць розум: «Грошы плацяць альбо за ўменні, навыкі і веды, альбо за рызыку. У дадзеных выпадках плацяць менавіта за яе. Зламыснікі выдатна разумеюць, што „нанятыя“ такім чынам імі людзі — аднаразовыя. З высокай верагоднасцю яны неўзабаве трапяць у поле зроку праваахоўных органаў, пасля чаго для злачынцаў яны проста перастануць існаваць». 

Аміна НАЗАРАВА.
Фота з адкрытых крыніц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю