У Мінску паступова зніжаецца колькасць траўмаў, атрыманых жыхарамі сталіцы пры катанні на цюбінгах. Пра гэта расказаў старшыня камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Юрый Горбіч, перадае БелТА.
«Сітуацыя з колькасцю траўмаў у Мінску значна палепшылася пасля таго, як несанкцыянаваныя горкі былі засыпаныя. Каля 300 чалавек звярнуліся да медыкаў як хуткай дапамогі, так і траўмапунктаў. Здаецца, што гэтая лічба не такая ўжо і вялікая, але трэба разумець, што гэта патэнцыйная колькасць цяжкіх траўмаў — наўрад ці хто-небудзь, хто атрымаў лёгкі ўдар, будзе звяртацца да ўрача. Да таго, як былі прыбраныя некаторыя несанкцыянаваныя горкі, назіралася каля 31 выпадку ў суткі, часам такая сітуацыя захоўвалася некалькі дзён запар. Напрыклад, за ўчорашні дзень, для параўнання, было пяць выпадкаў. Калі параўноўваць дзяцей і дарослых, ва ўсіх пераважаюць пашкоджанні пазваночніка, гэта вельмі сур’ёзныя траўмы, якія могуць прывесці да інвалідызацыі. Кожная чацвёртая траўма ў дзяцей — траўма галавы, некаторыя з іх могуць абярнуцца смяротным зыходам, хоць, на шчасце, такіх выпадкаў не было», — растлумачыў эксперт.
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення спорту Мінгарвыканкама Алеся Мастова адзначыла, што Мінск загадзя пачаў рыхтавацца да зімовага сезона. «Быў распрацаваны план падрыхтоўкі да яго, у тым ліку і горак для катання. У сталіцы сёння ёсць 44 абсталяваныя бяспечныя горкі, прымаем усе намаганні, каб прыбраць стыхійна створаныя. Вугал іх не павінен перавышаць 20 градусаў, а самі спускі павінны быць абсталяваны парэнчамі, прыступкамі, каб дзеці падымаліся не там, дзе з'язджаюць. Хочацца звярнуць увагу бацькоў: вельмі важна падбіраць цюбінг так, каб вага і памер дзіцяці яму адпавядалі», — нагадала намеснік начальніка.
Сёння траўмы, атрыманыя пры катанні на цюбінгу, з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі і самымі небяспечнымі. Урач траўматолаг-артапед Павел Ваньковіч апісаў рух «ватрушкі», як хуткага снарада, які не мае ні руля, ні тармазоў, з максімальнай хуткасцю 60 км/г. Да таго ж, цюбінг можа разварочвацца на 360 градусаў. Калі няма хуткай дапамогі побач, то можна перакуліцца і атрымаць траўмы ад падзення назад.